ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Субота, 28 лістапада 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць 0°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 лістапада 2020, 11:33

Лукашэнка аб прадпрыемствах: некаторыя прапануюць перамены - "гэта не трэба, прададзім", але мы пайшлі іншым шляхам

У час наведвання прадпрыемства
У час наведвання прадпрыемства

20 лістапада, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што дзякуючы падтрымцы дзяржавы ў краіне ўдалося захаваць многія прадпрыемствы і калектывы. Аб гэтым ён заявіў сёння, наведваючы ААТ "Гомсельмаш", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Некаторыя нам прапануюць перамены і рэформы - гэта не трэба, прададзім. Мы пайшлі іншым шляхам. Так, можа, крыху нестандартна, сацыялістычным шляхам. Няважна, якім, але мы выратавалі іх. Так, недзе яны напружыліся, але і дзяржава ж плячо падставіла", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што дзяржава і ў далейшым будзе гатова падставіць плячо і "Гомсельмашу", і іншым прадпрыемствам, але ім таксама неабходна выконваць узятыя на сябе абавязацельствы, разлічвацца па даўгах. У гэтым плане кіраўніку дзяржавы далажылі, што за апошнія паўтара года на "Гомсельмашы" прыкладна ў тры разы скараціліся складскія запасы, ідуць продажы.

"Мяне вельмі непакоіла сітуацыя на "Гомсельмашы", і ў гэтым плане ты, зразумела, малайчына, што скараціў больш як у тры разы (складскія запасы. - Заўвага БЕЛТА). Гэта здорава, што прадаў прадукцыю", - ацаніў кіраўнік дзяржавы работу генеральнага дырэктара Аляксандра Новікава.

"Што датычыцца работы па экспарце, то за 10 месяцаў 2020 года адносна адпаведнага перыяду 2019 года тэмп росту склаў 118,4 працэнта. Паступленні ад экспарту павялічыліся ў 1,6 раза", - далажыў гендырэктар. "Малайчына, ну што тут скажаш", - адрэагаваў Прэзідэнт. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы даў даручэнне прааналізаваць сітуацыю па прамысловых холдынгах і заахвоціць кіраўнікоў, якія змаглі наладзіць эфектыўную работу.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што пры захаванні прадпрыемстваў не было дапушчана скарачэння працоўных калектываў. Напрыклад, у холдынгу "Гомсельмаш" працуюць 13,5 тыс. чалавек. "Так, недзе ёсць невялікая залішняя колькасць. Але людзі ідуць на пенсію, проста звальняюцца, пераходзяць на іншыя прадпрыемствы, і трэба натуральным чынам скарачацца, нельга выкідваць людзей на вуліцу. Ні ў якім разе", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Як было даложана, пазітыўная тэндэнцыя па разгрузцы складоў адзначаецца і ў Гомельскай вобласці ў цэлым.

За 9 месяцаў гэтага года запасы гатовай прадукцыі ў рэгіёне скарочаны на 36 працэнтаў і на столькі ж павялічаны аб'ёмы вытворчасці. "Гэта вельмі важна, таму што розныя рэсурсы кожны дзень пішуць, што мы ўсе на склад працуем. Прэм'ера пытаюся, ён мяне інфармуе, які працэнт разгрузкі складоў. Дадатны. Але ім (апазіцыйна настроеным інтэрнэт-рэсурсам. - Заўвага БЕЛТА) не трэба аб'ектыўнай карціны", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Было адзначана, што валавы рэгіянальны прадукт Гомельскай вобласці за мінулы перыяд гэтага года крыху скараціўся, але па выніку года плануецца выйсці на 100 працэнтаў ВРП.

У той жа час старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей адзначыў некаторыя праблемы з экспартам. Прэзідэнт растлумачыў гэту праблему агульнасусветнай тэндэнцыяй: "Праблема з экспартам - яна і будзе, яна нікуды не дзенецца. Свет спыніўся, няма спажывання, тым больш машынабудаўнічай прадукцыі".

Зніжэнне экспартных паставак назіраецца ў "Беларуснафты", што, паводле слоў губернатара, можа паўплываць на эканамічныя паказчыкі вобласці ў цэлым. Тым не менш прадпрыемства развіваецца і ў адпаведнасці з існуючай стратэгіяй плануе нарошчваць аб'ёмы вытворчасці, адпаведна - нафтаздабычы. Для гэтага "Беларуснафта" будзе актыўней задзейнічаць як айчынныя радовішчы на Палессі, так і радовішчы ў Расіі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна з Прэзідэнтам Расіі была дасягнута дамоўленасць аб набыцці Беларуссю нафтавых радовішчаў у гэтай краіне, якія будуць асвойвацца, і аб'ёмы здабычы з улікам ужо існуючых там радовішчаў будуць павялічвацца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі