Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 красавіка 2020, 14:51

Лукашэнка аб пацярпелых ад Чарнобыля раёнах: на гэтай зямлі можна жыць, і мы будзем жыць

26 красавіка, Нараўлянскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае, што ў раёнах, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, можна і трэба жыць, рэабілітаваць гэтыя тэрыторыі. Аб гэтым ён заявіў сёння ў час размовы з жыхарамі Нараўлянскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У былыя часы, прыязджаючы сюды (на пацярпелыя тэрыторыі. - Заўвага БЕЛТА), калі я пачынаў гаварыць аб чарнобыльцах, што мы бедныя, людзі гэта спакойна ўспрымалі, але большасць згаджалася. Сёння людзі разумеюць і я таксама, што на гэтай зямлі можна жыць, трэба жыць. І, самае галоўнае, - мы тут будзем жыць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, ужо на атрыманым вопыце ёсць разуменне, у тым ліку ў мясцовага насельніцтва, што і як рабіць на пацярпелых тэрыторыях. "Я прыехаў сюды, каб паглядзець, як адраджаюцца гэтыя землі. Калі сказаць адкрыта, то ў мяне не склалася ўражання - добра або дрэнна. У мяне ўражанне адно, што мы адраджаемся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што ў летні перыяд плануе наведаць пацярпелыя тэрыторыі за межамі 30-кіламетровай зоны вакол ЧАЭС. "Часткова я даваў згоду сваю і распараджэнне падпісваў наконт нейкіх работ тут. Напрыклад, адносна лесу мы даўно вызначыліся, што мы будзем перапрацоўваць лес, што нядрэнна атрымліваецца. Некалі я прымаў рашэнне адносна развіцця тут лесапілавання, конегадоўлі, вельмі шмат вы займаецеся пчалярствам, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Ужо вырысоўваецца, што мы можам расплоджваць жывёл у гэтай запаведнай зоне (пра 30 км пакуль не гаворым). Тут вельмі шмат вы робіце лесанарыхтовак. Лес спелы, яго трэба вывозіць. І дзякуй богу, што мы, перапрацоўваючы лес, атрымліваем чыстую прадукцыю. Прыстойную колькасць вы атрымліваеце тут мёду, абсалютна чыстага, ніхто брудны купляць жа не будзе".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гэтым плане ў бліжэйшы час трэба будзе вызначыцца, што магчыма дадаткова вырабляць у запаведнай зоне. "Можа, яшчэ адзін-два напрамкі прыдумаем. Або спынімся на існуючых трох-чатырох. Калі спынімся на трох-чатырох напрамках нашай дзейнасці, мы падтрымаем іх, і асноўныя чарнобыльскія сродкі будзем не распыляць, а комплексна накіроўваць, каб развіваць тут тэрыторыі. Калі яшчэ напрамкі дабавім, то і іх будзем фінансаваць. Але настаў час вельмі актыўна асвойваць гэты край", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён нагадаў аб сваёй прапанове, каб у Брагінскім, Нараўлянскім і Хойніцкім раёнах падумаць аб стварэнні шматпрофільных вытворчых аб'яднанняў - холдынгаў, якія ўключаюць, напрыклад, сельгаснапрамак, лесапілаванне, нарыхтоўку, магчыма, яшчэ нешта. "Зразумела, людзі будуць заняты, будуць працаваць. Гэта перспектыва. Мы падумаем. І да канца года прымем рашэнне, нягледзячы на тое, што адбываецца сёння з эканомікай ва ўсім свеце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вельмі складана прадаваць сваю прадукцыю. Акрамя прадуктаў харчавання. Усё бяруць. Ужо ніхто на граніцы нікога не затрымлівае - толькі прывозьце, і па больш высокім цэнах. За 2 месяцы, як дакладваў міністр, амаль на $1 млрд мы прададзім прадукцыі. Гэта добрыя паказчыкі. Пад $6 млрд па годзе мы атрымаем даход ад сельскай гаспадаркі. Гэта вельмі добра, акрамя таго, што будзем карміць свой народ".

Кіраўнік дзяржавы, вяртаючыся да тэмы чарнобыльскіх тэрыторый, падкрэсліў, што цяпер трэба будзе вырашаць ужо не тыя праблемы, якія былі 25-30 гадоў таму, але спыняцца нельга. Таму трэба сканцэнтраваць тыя сродкі, якія выдзяляюцца па чарнобыльскай лініі. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што грошы знойдуцца, асабліва пад выгадныя вытворчыя праекты. Галоўнае - каб не было расхлябанасці. "Будзеце працаваць, мы заўсёды будзем падтрымліваць вас", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама даручыў вярнуцца да праекта дадатковага будаўніцтва чыгункі на поўдні краіны, у тым ліку каб забяспечыць вытворчае развіццё пацярпелых тэрыторый, транспарціроўку прадукцыі. "Тыя $120-150 млн, якія планаваліся на гэту чыгунку, мы зможам знайсці. Трэба вярнуцца да гэтага пытання. Падлічыць эканамічна і сацыяльна. Таму што чыгунка - гэта жыццё для людзей. Я хачу да гэтага праекта вярнуцца. Гэта значыць, мы паглядзім у комплексе ўсе праекты - ад зямлі да чыгункі".

"Я не кажу, што мы пабудуем або заўтра пачнём будаваць чыгунку. Я хачу падлічыць гэта ўсё і вярнуцца да таго праекта", - удакладніў беларускі лідар.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка падзякаваў мясцовым жыхарам і паабяцаў рэагаваць на пытанні і праблемы, якія ў іх ўзнікаюць.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі