Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 лютага 2023, 17:12

Лукашэнка аб імпартазамяшчэнні з Расіяй: не скажу, што мы вырашылі ўсе пытанні, але рушылі наперад

17 лютага, Масква /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія рушылі наперад у імпартазамяшчэнні, хоць і не вырашылі пакуль усе пытанні. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З імпартазамяшчэннем мы рушылі наперад. Не скажу, што мы вырашылі ўсе пытанні, але рушылі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў якасці аднаго з прыкладаў расказаў, што ёсць рух і ў мікраэлектроннай прамысловасці: "Мы перажывалі з вамі, што сапраўды недзе вельмі завязаны былі на імпарт. Вось праз тыдзень у мяне якраз нарада ў тым ключы, аб чым мы гаварылі ў Сочы з вамі. Мы мікраэлектронную прамысловасць - тое, што было ў Саюзе, як вы сказалі, - захавалі. З расіянамі дамовіліся - тымі кампаніямі, якія таксама ад Саюза засталіся. І сёння спецыялісты гавораць: "Не перажывайце, перадайце Уладзіміру Уладзіміравічу, мы выканаем усё неабходнае". Ну, крыху габарыты будуць большыя, але ў бліжэйшы час... Мы ведаем, куды ісці і што рабіць. Гэта самае галоўнае. Людзі разумеюць".

Наладзілася супрацоўніцтва і паміж прадпрыемствамі, якія раней лічылі адзін аднаго канкурэнтамі. Гэта, у прыватнасці, МАЗ і КАМАЗ. "У нас заўсёды, памятаеце, КАМАЗ, МАЗ - нейкая валакіта была. А цяпер і канкурэнцыі ніякай. Мы выпускаем тавары для КАМАЗа - камплектуючыя, КАМАЗ робіць для нас. Калі пайшлі асобныя кампаніі (заходнія. - Заўвага БЕЛТА), вось так вось працуюць. І рынку хапае", - канстатаваў Прэзідэнт.

Разам з тым яшчэ ёсць над чым працаваць. Пэўныя праблемныя моманты існуюць у пытаннях кааперацыі. "Ёсць невялікія праблемы. Я таксама аб гэтым скажу. Гэта ў кааперацыі, што вы сказалі", - адзначыў беларускі лідар.

Аднак ёсць і відавочныя дасягненні, рух наперад. Напрыклад, у самалётабудаванні. Ужо цяпер у Беларусі на авіяцыйных заводах выпускаюць да тысячы камплектуючых для расійскіх самалётаў МС-21 і Superjet 100. Беларусь таксама гатова пры невялікай тэхнічнай падтрымцы расійскага боку выйсці на вытворчасць ваеннага штурмавіка, які добра сябе зарэкамендаваў.

"Паглыбляемся, усё робім для таго, каб неяк пераадолець тыя бар'еры, якія нам штучна ствараюць", - падкрэсліў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі