Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 кастрычніка 2022, 13:59

Лукашэнка аб фарміраванні структуры ўлады па новай Канстытуцыі: усё будзе больш дэмакратычна, чым калі-небудзь

21 кастрычніка, Брэсцкая вобласць /Кар. БЕЛТА/. Пасля фарміравання структуры ўлады ў Беларусі згодна з абноўленай Канстытуцыяй і надзялення УНС шырокімі паўнамоцтвамі, ніякай дэцэнтралізацыі ўлады не адбудзецца. Аб гэтым заявіў журналістам на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі ў Брэсцкай вобласці кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ніякай дэцэнтралізацыі няма і быць не можа. Тым больш што УНС сам па сабе не новы для Беларусі орган. "УНС будзе толькі стратэгіяй займацца і кантролем за выкананнем гэтай стратэгічнай задачы. Таму як быў Прэзідэнт кіраўніком дзяржавы, ён і застанецца", - сказаў ён.

Тое ж самае будзе датычыцца і тых, хто ўзначаліць краіну пасля дзеючага Прэзідэнта. І кіраўнік дзяржавы, і ўрад, і іншыя дзяржаўныя органы будуць валодаць адпаведнай уладай. "Нават мы дэмакратызуемся ў тым плане, што Вярхоўны і Канстытуцыйны суды, ЦВК з-пад Прэзідэнта выведзены ва Усебеларускі народны сход. Каб не было ніякіх намёкаў, што, дапусцім, ЦВК палічыла не так. Ці суддзі ад некага залежныя і іншае", - заўважыў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсё будзе рабіцца строга ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Больш таго, законапраекты, якія абмяркоўваліся напярэдадні ў Прэзідэнта, у тым ліку аб Усебеларускім народным сходзе, будуць паказаны людзям, каб улічыць розныя меркаванні і прапановы. "І вы там не ўбачыце, што Лукашэнка нешта будзе назначаць. Усебеларускі народны сход - вышэйшы орган прадстаўнічай улады - выключна выбарным шляхам усё будзе ажыццёўлена. За выключэннем людзей, якія будуць займаць месцы згодна з пасадай. Дапусцім, дзеючы Прэзідэнт, прэм'ер-міністр, дэпутаты парламента, сенатары, якія выбраны ўжо народам. Яны прадстаўляюць большую частку народа", - сказаў Прэзідэнт.

У склад УНС будуць уваходзіць і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, але не прадстаўнікі партый. "Партыі будуць сябе прапаноўваць у парламент. Там будуць партыйцы. І яны ўсе трапяць у склад УНС", - паведаміў аб дэталях механізма кіраўнік дзяржавы.

Ён назваў звычайнай хлуснёй, што ён, нібыта, усіх будзе асабіста назначаць у складзе УНС. "УНС - гэта выбарны орган. Усё будзе ісці ад народа. І няма такой неабходнасці Лукашэнку там усіх назначаць. Ну а ўжо тыя "буракападобныя" таварышы - яны туды не трапяць. Гэта дакладна. Іх ніхто не выбера. Гэта ворагі народа. Ворагам народа там рабіць няма чаго. Людзі са сваім пунктам гледжання - калі ласка, па пэўных правілах, якія для ўсіх будуць устаноўлены. Калі ім будзе аказаны давер на выбарах, яны туды трапяць", - запэўніў Прэзідэнт.

Што датычыцца прэзідэнцкіх выбараў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што будзе так, як было: "Народ будзе выбіраць Прэзідэнта". Хаця ён больш прыхільнік кітайскага варыянта, дзе Старшыня КНР выбіраецца прафесіяналамі - членамі Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. І пры гэтым ніхто не можа сказаць, што ў кіраўніка КНР недастаткова паўнамоцтваў.

"Магчыма, і нам трэба было да гэтага прыйсці. Я прыхільнік гэтага. Але я адчуў і зразумеў, што народ наш яшчэ не гатовы да таго, каб аддаць сваё права камусьці, нават давераным асобам УНС, выбіраць Прэзідэнта. Важна часам не ў якой форме ты Прэзідэнта выбіраеш, а якія функцыі і паўнамоцтвы ён можа мець, - лічыць беларускі лідар. - Мне здаецца, што спяшацца тут ні ў якім разе нельга. Гэта ўжо, можа, пры другім-трэцім Прэзідэнце вы вырашыце гэта пытанне. Каб зноў не абвінавацілі, што я пад сябе гэта раблю: "УНС, ён жа іх назначыў, і яны яго выберуць…".

"Таму пакуль народ, гэта значыць ты (звяртаючыся да журналіста, які задаў пытанне. - Заўвага БЕЛТА) будзеш вызначаць: трэба мяняць Прэзідэнта - не трэба, будзе гэты ці які-небудзь іншы. Усё будзе больш дэмакратычна, чым калі-небудзь. Запомніце: больш дэмакратычна, чым калі-небудзь!" - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі