Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 кастрычніка 2021, 17:40

"Людзей нельга кідаць". Лукашэнка растлумачыў, чаму нельга прыпыняць планавую меддапамогу

20 кастрычніка, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Аказанне планавай медыцынскай дапамогі нельга прыпыняць нават ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час наведвання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пытанне аказання планавай меддапамогі закраналася напярэдадні на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дапускаць прыпыненне такой дапамогі нельга. "Зусім нядаўна Міністэрства аховы здароўя паведаміла аб тым, што спынены планавыя агляды. Дык вось, Аляксандр Мікалаевіч (памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец. - Заўвага БЕЛТА), вам як памочніку даручэнне: разам з Міністэрствам аховы здароўя неадкладна падрыхтаваць план мерапрыемстваў, каб не было адмены ніякіх планавых аглядаў. Я ведаю, у што гэта выліваецца, па першай хвалі, - даручыў на нарадзе Прэзідэнт. - Таму вы першы, Піневіч - другі. Урачы, чыноўнікі ад аховы здароўя, якія сядзяць тут, - у паліклінікі і прымайце людзей. Вядзіце дыспансерызацыю".

Сёння Аляксандр Косінец далажыў кіраўніку дзяржавы, што губернатары ў бліжэйшы час прадставяць план комплексных мерапрыемстваў па аказанні кансультатыўнай і планавай дапамогі.

"Сачы. Ні ў якім разе ім нельга даць магчымасць дзейнічаць традыцыйна: ай, там нечага ўспыхнула, давай гэта закрыем", - папярэдзіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ў цяперашняй складанай абстаноўцы, выкліканай COVID-19, нельга канцэнтравацца толькі на гэтай інфекцыі і пакідаць без кваліфікаванай дапамогі іншых пацыентаў. А што датычыцца работы медыцынскага персаналу, трэба зыходзіць з таго, што яна па напружанасці і важнасці параўнальная з перыядам ваенных дзеянняў.

"Вайна пачалася, трэба недзе і паднапружыцца. Але людзей нельга кідаць са звычайнымі аперацыямі. Я заўсёды прыводжу прыклад: як анкалогію адкласці? - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Гэта ж анкалогія - страшней, чым любы кавід".

Паводле слоў дырэктара РНПЦ АМР Сяргея Палякова, у цэнтры гатовы пры неабходнасці прымаць пацыентаў з іншых анкадыспансераў. "Дапусцім, гарадскі цэнтр цяпер перапрафіляваны (Мінскі гарадскі анкадыспансер. - Заўвага БЕЛТА). Яны абследуюць, а на аперацыйнае хірургічнае лячэнне мы бяром на сябе гэтых пацыентаў і нават прыцягваем супрацоўнікаў адтуль. Калі, дапусцім, мы не аперыруем шчытападобную залозу, яны прыязджаюць адтуль", - растлумачыў кіраўнік цэнтра.

"Вось, пачынаць трэба з гэтага. Там, дзе немагчыма нічога адкласці", - адрэагаваў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы было таксама даложана аб выкананні яго даручэння па ліквідацыі чэргаў на лячэнне ў РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі.

"Два гады таму вы давалі даручэнне, была вельмі вялікая чарговасць на аперацыйнае лячэнне ў цэнтры - 508 чалавек, неабходна было выканаць 400 аперацый, 108 хіміятэрапій, радыеізатопнае лячэнне. За 2 месяцы чэргі ўстаранілі: і на сябе выклікалі пацыентаў, аперыравалі, і ў абласныя анкалагічныя дыспансеры выязджалі. Сёння аб'ём аперацыйных умяшанняў ні ў якай меры не зменшыўся, але чэргаў няма ніякіх", - далажыў Прэзідэнту Аляксандр Косінец.

"Гэта галоўнае. Тады скардзіліся людзі. Анкалогія - гэта рэч, якая часам не церпіць адкладу", - сказаў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі