
Фота з архіва
31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нагадаў вучоным аб сваіх даручэннях па лёне. Адпаведную заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў 31 студзеня пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Калі шчыра, то я ад Інстытута лёну не ў захапленні. Прынамсі ў сябе вы навучыліся вырошчваць лён (не прычэпішся: выдатны, кожны год гэта бачу), але я вам даручаў стварыць сістэму па ўсёй краіне, каб быў вынік, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы аднавілі і льнонасенстанцыі, таму што без насення які можа быць даўгунец, і гэтак далей. Але эфекту мы не атрымалі. Таго, аб чым дамаўляліся. Улічыце, што патрэбны вынік. Падумайце, як мы будзем вырошчваць лён".
Прэзідэнт падкрэсліў, што лён - гэта нацыянальны сімвал і важная культура для Беларусі.
"Я, памятаю, збіраў капейкі па краіне для таго, каб мадэрнізаваць Аршанскі льнокамбінат. Робім выдатныя рэчы там. Можа, нашы жанчыны не зусім разумеюць, што такое лён, але пакрыху пачынаюць разумець. І пасцельныя рэчы, і адзенне. Так, яно, магчыма, больш мнецца і іншае, але незаменнае для здароўя. Нават спецыялісты кажуць, што мы паспяхова змагаемся з анкалогіяй, выкарыстоўваючы льнопрадукцыю. Для нас, для ўсяго свету гэта вельмі актуальна. Таму лёну быць, але патрэбны вынік", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, у лабараторных умовах беларускія вучоныя ствараюць добрыя ўзоры, а вось на палях справы ідуць горш. Адпаведна, вытворчасці не забяспечаны якаснай сыравінай.
"Таму давайце дамовімся, што з гэтага года мы прадметна пачнём рэалізоўваць хаця б тое, што я вам даручыў. Калі нешта трэба, вы скажыце. Толькі не расказвайце мне, што ў вас севазварот не той, што лён праз 5-7 гадоў вяртаецца на адно і тое ж месца і нехта гэтага не хоча рабіць. У вас у руках усе паўнамоцтвы і рэсурсы, рабіце. Нам патрэбны лён", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама звярнуў увагу, што льнопрадукцыя запатрабавана на замежных рынках. Аж да таго, што скупляецца нават не самая якасная сыравіна.
"Я ўжо не гавару пра добры лён. З'ездзіце ў Оршу паглядзіце: збіралі па ўсім свеце абсталяванне для таго, каб мадэрнізаваць ільнокамбінат. Ніхто лёнам практычна ўжо не займаецца. Сабралі, зрабілі гэтыя лініі - робім сёння добрую прадукцыю. Вучоныя пакуль адстаюць. Таму звярніце на гэта больш сур'ёзна ўвагу", - запатрабаваў Прэзідэнт.-0-