Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

"Ламаць нічога нельга" - на нарадзе ў Лукашэнкі абмеркавалі развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі

Прэзідэнт 01.02.2019 | 11:41
У час нарады
У час нарады

1 лютага, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Ламаць існуючую сістэму адукацыі ў Беларусі нельга, але ўдасканальваць неабходна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, заслухоўваючы даклад аб перспектывах развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Да пытанняў адукацыі мы звяртаемся пастаянна. Я проста хачу перш за ўсё сам пераканацца, наколькі рэалізуюцца нашы рашэнні ў сферы адукацыі. Калі ёсць неабходнасць, падштурхнуць тыя рэформы, якія ідуць. Хоць рэформамі мы ніколі не займаліся і займацца ў адукацыі не будзем. Мы павінны ўдасканальваць тое, што маем сёння, і тое, што атрымалі ўчора. Ламаць нічога нельга", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт не выключыў, што пры ўдасканаленні сістэмы адукацыі ў школах і ВНУ давядзецца адмовіцца ад некаторых аспектаў. "Калі мы разумеем, што ад гэтага трэба адмовіцца, гэта трэба рабіць рашуча. Самае галоўнае ў адукацыі, ды і наогул (у эканоміцы і іншых пытаннях) - калі мы ведаем, што трэба рабіць, але з-за нашага махровага бюракратызму пачынаем зацягваць гэтыя працэсы. Тады праходзіць час, і мы бачым: тое, што трэба было рабіць учора, ужо непрымальна для сённяшняга і тым больш заўтрашняга дня. Атрымліваецца, этап няпройдзены, і мы хапаемся за перадавое, а пад гэтым перадавым няма фундаменту, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Таму ўсё трэба рабіць паступова, як кажуць у народзе, плаўна. І рухацца ад меншага да большага, ад простага да складанага. Так, мы дамовіліся, будзем дзейнічаць у адукацыі".

У сувязі з гэтым, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, ён даручаў узмацніць практыка-арыентаваную падрыхтоўку, скараціць тэрміны навучання ў ВНУ па многіх дысцыплінах, абнавіць вучэбныя праграмы і падручнікі.

Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў вызначыцца з неабходнай колькасцю навучэнцаў у вышэйшых навучальных установах. Аднак растлумачыў, што гэта даручэнне не распаўсюджваецца на экспарт адукацыйных паслуг, які прыносіць краіне немалыя грошы. Толькі па лініі Міністэрства адукацыі ўдалося зарабіць $35 млн. "Сістэма беларускай адукацыі вельмі запатрабавана. Па-мойму, 108 краін навучаюцца ў Беларусі, амаль 25 тысяч чалавек. Гэта здорава, - адзначыў ён. - А нам трэба столькі выпусціць з ВНУ студэнтаў, колькі патрэбна для нашай эканомікі і жыцця".

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што пытанне экспарту адукацыйных паслуг трымае заўсёды на кантролі. Ён расказаў аб нядаўнім запыце на навучанне замежных студэнтаў у Гродне, беларускаму боку былі гатовы заплаціць добрыя грошы. Аднак пытанне застопарылася: не хапала інтэрнатаў, каб размясціць замежных студэнтаў. "Пачалі ўжо будаваць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на асаблівасцях навучання ў бакалаўрыяце і магістратуры. На яго думку, студэнт павінен выходзіць з ВНУ ўжо цалкам падрыхтаваным спецыялістам, а не проста з першапачатковымі ведамі і навыкамі. "Я катэгарычна забараняю такім чынам будаваць сістэму адукацыі. У нас ёсць нармальная сістэма адукацыі: чалавек скончыў ВНУ, атрымаў вышэйшую адукацыю - ідзі і працуй. Я не супраць магістратуры, але туды павінны ісці самыя здольныя і жадаючыя далей атрымліваць адукацыю, займацца навукай і выкладаннем. І ў нас такая традыцыя з савецкага часу, а можа, яшчэ і дасавецкага. І гэта добра. Як ідуць справы тут? Я даручаў праверыць. Ці выканана маё даручэнне?" - спытаў Прэзідэнт.

Калі справа ў зарплаце педагогаў, якая залежыць ад колькасці гадзін, то, на думку кіраўніка дзяржавы, неабходна проста павялічыць ім зарплату. "Няхай будзе менш гадзін, ставак, але грошы пакінем тыя ж, яшчэ дабавім. Але выкладчык не павінен увесь час хадзіць за студэнтамі. Палову рабочага дня ён павінен выкладаць, а палову - займацца самаадукацыяй. У адваротным выпадку, які ён выкладчык", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Зарплаты настаўнікаў, на яго думку, ужо вывелі на прымальны ўзровень, астатняе ў руках саміх педагогаў. "Школа мае магчымасць даплаціць. Настаўнік у нас ужо за Br900 атрымлівае ў сярэднім. Можа, недзе трэба моладзь падтрымаць, можа, яшчэ нешта. Глядзіце, каб вы дашліфавалі зарплату. Нельга настаўніка крыўдзіць - гэта наша апора і аснова. Без настаўніка нічога быць не можа - ні сённяшняга дня, ні заўтрашняга", - заявіў беларускі лідар.

Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы даручыў удзяліць падрыхтоўцы педагагічных кадраў. "Няма таго кантролю і таго запатрабавання, якое было некалі за выкладаннем. Каб настаўнік ішоў і па-добраму дрыжаў за тое, каб прыйсці з ведамі і перадаць іх вучням", - канстатаваў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна цаніць як школьных настаўнікаў, так і педагогаў у ВНУ, колькі б гадоў ім ні было. Калі яны хочуць і могуць працаваць, прыносяць карысць універсітэту, трэба берагчы такіх спецыялістаў і ні ў якім разе не выганяць.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб праблемных пытаннях вузаўскай падрыхтоўкі, адзначыўшы, што навучанне павінна быць больш практыка-арыентаваным. "Часам адукацыя ні к чорту! Людзі пачынаюць не тое што давучвацца на вытворчасці (гэта зразумела, жыццё мяняе хутка), яны перавучвацца пачынаюць. Мы перавучваем на вытворчасці, калі прыходзіць чалавек. Гэта значыць, у некаторых ВНУ працуем ухаластую. Гэта ненармальна, мы адрываемся ад жыцця. Гэтага быць не павінна", - перакананы кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца прыватная ВНУ ці дзяржаўная, Прэзідэнт заўважыў, што гэта ўсяго толькі форма ўласнасці, а патрабаванні да іх прад'яўляюцца аднолькавыя. "Мы не супраць прыватных ВНУ, але яны павінны працаваць не горш, чым дзяржаўныя. Трэба захоўваць той стандарт, які мы сёння выпрацавалі і маем у Беларусі", - сказаў ён.

У час нарады таксама абмяркоўваліся пытанні правядзення экзаменаў пасля заканчэння школы, а таксама цэнтралізаванага тэсціравання пры паступленні ў ВНУ. "Паглядзіце, колькі мы, пасля таго як увялі тэсціраванне, зрабілі адступленняў, патрэбных для жыцця, каб не загубіць талент. Не заўсёды толькі тэсціраванні могуць даць уяўленне выкладчыкам, якія набіраюць у ВНУ абітурыентаў, аб іх жыццёвым узроўні, ведах, здольнасцях", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

На нараду да кіраўніка дзяржавы былі запрошаны кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, міністр адукацыі Ігар Карпенка, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Генадзь Пальчык, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук і дырэктар мінскай гімназіі нумар 10, старшыня Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі ГА "Беларускае педагагічнае таварыства" Марына Ільіна.

Прэзідэнту далажылі аб абнаўленні школьных вучэбных праграм і падрыхтоўцы новых падручнікаў, працоўным навучанні старшакласнікаў, падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, рэалізацыі напрамкаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, экспарце паслуг у сферы адукацыі і заработнай плаце педагогаў.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Беларусь у рэйтынгу дзяржаў па індэксе развіцця чалавека Штогадовыя глабальныя даклады аб чалавечым развіцці публікуюцца ПРААН з 1990 года.