
4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 4 сакавіка кадравыя рашэнні, абазначыў ключавыя задачы для профільнага блока ва ўрадзе, які курыруе віцэ-прэм'ер Юрый Шулейка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы агучыў асноўныя пытанні, якія трэба будзе вырашаць асабіста віцэ-прэм'еру і ўсім кіраўнікам профільных міністэрстваў. Размова, у прыватнасці, аб такіх сферах, як АПК, лясная гаспадарка, прыродныя рэсурсы, спажыўкааперацыя.
Пра сельскую гаспадарку
Гаворачы пра развіццё аграпрамысловага комплексу, Прэзідэнт у якасці першачарговых задач падкрэсліў неабходнасць павышэння прадукцыйнасці сельскагаспадарчай вытворчасці. У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, важна істотна павысіць прадукцыйнасць працы. Прычым гэта задача стаіць не толькі перад АПК, але і перад іншымі галінамі. "Мы сёння прадукцыйнасць працы ў краіне маем у тры разы ніжэйшую, чым у Еўрапейскім саюзе, у Еўропе. Аб чым гэта сведчыць? Што ў нас тую работу, якую робіць еўрапеец, робяць тры чалавекі. Гэтым усё сказана, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Той, хто хоча большую зарплату, павінен больш працаваць. Іншага шляху для нас проста няма".
Асобна кіраўнік дзяржавы закрануў тэму малочнай вытворчасці. Ён звярнуў увагу Юрыя Шулейкі на істотнае адставанне трох абласцей, у тым ліку Віцебскай, па паказчыках прадукцыйнасці дойнага статка. Прасцей кажучы, з адной каровы там атрымліваюць малака значна менш, чым у іншых рэгіёнах краіны. І гэту праблему трэба вырашаць, упэўнены Прэзідэнт, паколькі ў абазначаных абласцях ёсць дастатковая кармавая база і патэнцыял для павелічэння вытворчасці малака таксама ёсць. Запатрабаванне за вырашэнне гэтага пытання будзе вельмі сур'ёзнае, запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адна праблема, звязаная з малочнай вытворчасцю, датычыцца ўмоў утрымання буйной рагатай жывёлы. "Мы павінны адысці ад дробных малочнатаварных ферм. А калі і застануцца дробныя, яны павінны быць ідэальнымі і прыстасаванымі па тэхналогіі да малочнатаварных комплексаў", - паставіў задачу Прэзідэнт. На яе рэалізацыю кіраўнік дзяржавы адвёў пяцігодку, на працягу якой усе комплексы ў краіне павінны стаць сучаснымі. "Як іх рабіць, па якой цане - усё вызначана. Мы ведаем, дзе нам пабудаваць трэба гэтыя жывёлагадоўчыя комплексы. Не зацягвайце з гэтым", - дадаў ён.
У ліку важных пытанняў, якія патрабуюць увагі, кіраўнік дзяржавы абазначыў таксама дзейнасць такіх флагманаў галіны, як, напрыклад, БНБК, работу тавараправодных сетак за межамі краіны і ў цэлым работу на знешніх рынках. "Увесь прыбытак павінен паступаць у краіну. У адваротным выпадку навошта мы ў Расіі або іншых краінах працуем, ствараем там розныя вытворчасці, пачынаючы ад зборачнай, лакалізуемся і вырабляем там тавар, як у Беларусі? Навошта мы гэта там робім? Так, працоўныя месцы, тэхналогіі перадаём, але прыбытак мы павінны атрымаць, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Таму трэба пачынаць вярцецца-круціцца і даваць аддачу."
Тым больш, што ў сельскагаспадарчай сферы дзяржавай зроблена нямала, створаны ўмовы для нарошчвання вытворчасці прадукцыі АПК. І рабіць гэта трэба даволі хуткімі тэмпамі - каля 105-106 працэнтаў штогод. Задача, можна сказаць, напружаная, калі ўлічваць цяперашні значны ўзровень вытворчасці сельгаспрадукцыі.
"Мы павінны штогод атрымліваць 11 млн т збожжавых. 11 млн т дастань і пакладзі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - 11 млн т збожжа вы павінны штогод атрымліваць. Маюцца на ўвазе збожжавыя, зернебабовыя, рапс, кукуруза і гэтак далей".
Акрамя таго, стаіць задача ў 2025 годзе атрымаць больш за 9 млн т малака і звыш 2 млн т мяса, таксама ў абавязковым парадку забяспечыць захаванасць і продаж гэтай прадукцыі.
Аб'ём экспарту харчовай прадукцыі па выніках бягучага года павінен скласці $9 млрд. "Больш не прашу", - адзначыў Прэзідэнт, удакладніўшы, што Беларусь ужо дасягнула гэтага паказчыка і трэба ўтрымліваць пазіцыі.
Акрамя размовы аб глабальных задачах і перспектывах у АПК, Аляксандр Лукашэнка не пакінуў без увагі і бягучую сітуацыю, у прыватнасці стан палёў і азімых. "Трэба паглядзець уважліва на перазімоўку азімых. Сёння-заўтра снегу ўжо не будзе. Я не прыспешваю вас пачынаць сельскагаспадарчыя работы. Трэба іх пачынаць і праводзіць з улікам таго, што яшчэ маразы могуць быць, - арыентаваў Прэзідэнт. - Вы разбірайцеся, што трэба рабіць. Работа ёсць на палях. Яе трэба весці, асабліва на поўдні краіны".
Асобна прагучала тэма захавання ўрадлівасці глеб, якую Аляксандр Лукашэнка назваў адной з асноўных дзяржаўных задач. У Беларусі, як вядома, няма такіх плошчаў чарназёму, як, напрыклад, у суседняй Украіне, і глебы ў асноўным не лёгкія. "З імі трэба працаваць. Урадлівасць - пытанне пытанняў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама нагадаў аб задачах па меліярацыі, якія стаяць перад галіной.
Звяртаючыся да новага міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава, Прэзідэнт адзначыў, што яго чакае няпростая, напружаная работа: "Вы разумееце, што як у ахове здароўя, так і ў сельскай гаспадарцы, - гэта вельмі цяжкая праца. Там не адпачнеш. Хоць усюды міністэрствам і прысутным міністрам работы хапае, але тым не менш...".
Пра лясную гаспадарку
Гаворачы аб сферы адказнасці міністра лясной гаспадаркі Аляксандра Куліка і задачах, якія стаяць перад галіной, Прэзідэнт у першую чаргу спытаў, як ідуць справы з разборам завалаў пасля разгулу стыхіі летам 2024 года і перапрацоўкай атрыманай сыравіны. "Паспяваеш буралом разабраць (ва ўстаноўленыя тэрміны. - Заўвага БЕЛТА)?" - удакладніў кіраўнік дзяржавы.
"Так точна", - адказаў міністр.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што адтэрміновак у гэтай рабоце больш не будзе, а кантроль за выкананнем пастаўленых задач будзе вельмі сур'ёзны, у тым ліку з боку Камітэта дзяржаўнага кантролю. "Глядзі, каб там было зроблена ўсё, што ты абяцаў", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць павелічэння глыбіні перапрацоўкі драўнянай сыравіны, аб'ёмы якой у Беларусі паступова будуць нарастаць. "Мы вельмі мала перапрацоўваем драўніны. Я лятаю над краінай і бачу, што ў некаторых месцах столькі буралому!.. Трэба хутка збіраць і ў справу пускаць. Трэба паспяваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У ліку першачарговых задач для Мінлясгаса Прэзідэнт абазначыў аднаўленне лясоў. "Я вельмі на цябе спадзяюся, паколькі ты сапраўдны ляснік. Я вельмі спадзяюся, што ты любіш лес не менш чым я, - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да Аляксандра Куліка. - Гэта сапраўды багацце, гэта здароўе людзей. Гэта выратаванне ўсёй краіны. Той, хто валодае такімі насаджэннямі лясоў, - гэта сапраўды багаты ва ўсіх сэнсах чалавек. Лес - гэта ўсё".
Пра прыродныя рэсурсы і ахову навакольнага асяроддзя
Што датычыцца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, то тут кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на геолагаразведцы.
"Вельмі актуальная тэма", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. З прычыны вядомых абставін цяпер ва ўсяго свету на слыху тэма здабычы рэдказямельных матэрыялаў. "Гавораць, што ў нас у адвалах ёсць рэдказямельныя мінералы. Трэба разведаць і астатняе: і хімія, і нафта, і газ, і іншае. Я ставіў адпаведную задачу перад адпаведным міністрам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што геолагаразведка ў краіне развіта недастаткова, знаходзіцца на нізкім узроўні. А тэматыка пошуку рэдказямельных металаў выпадае з поля зроку айчынных спецыялістаў. "Рэдказямельныя металы выгаворвае толькі Трамп у Злучаных Штатах Амерыкі. Вы над гэтым пакуль не задумваліся. Іх шмат не бывае ў зямлі. Можа, у нас не менш, чым у іншых?" - паставіў пытанне перад спецыялістамі Кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да профільнага віцэ-прэм'ера, Прэзідэнт прадоўжыў: "Таму Міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўпірацца разам з вамі давядзецца значна. Гэта будучыня. Трэба капаць, трэба глядзець, што ёсць у нас у зямлі".
Пра спажыўкааперацыю
У час размовы з блокам урада, які курыруе віцэ-прэм'ер Юрый Шулейка, размова таксама ішла пра работу Белкаапсаюза, старшынёй праўлення якога ў лютым 2024 года была выбрана Інеса Караткевіч.
"Трэба запланаваць, паглядзець, які "гераізм" адбыўся з прыходам новага кіраўніка", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што за дзейнасць Белкаапсаюза ва ўрадзе заўсёды адказваў прэм'ер-міністр, і так павінна заставацца і ў далейшым.
Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на работу спажыўкааперацыі ў аддаленых маланаселеных вёсках. Ён падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга забываць пра тых людзей, якія там жывуць. "Ім патрэбна падтрымка. Асабліва ў населеных пунктах, як іх называюць, неперспектыўных. Ад гэтага нам нікуды не дзецца. Гэта і маральная праблема для любой улады, любой дзяржавы. Мы гэтых людзей павінны забяспечыць не толькі прадуктамі харчавання, але і адукацыяй, аховай здароўя", - заявіў Прэзідэнт.
Асобны напрамак дзейнасці Белкаапсаюза - зверагадоўчая галіна. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на яе трэба звярнуць асобную ўвагу. "Яна павінна прыносіць прыбытак. Але там у нас поўны бардак, у тым ліку і ва ўласнасці", - заўважыў ён.
Яшчэ адна арганізацыя, аб рабоце якой выказаўся Прэзідэнт, - Белдзяржхарчпрам. "Мадэрнізуйцеся, паглыбляйцеся, - паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. - Многае для вас зрабілі. Вы павінны даць вынік. За пяцігоддзе трэба павысіць эфектыўнасць работы вашых арганізацый і выйсці на рэнтабельнасць не ніжэйшую за 15 працэнтаў. Вось наша задача пры ўсіх нашых кантрольных праверках па цэнаўтварэнні. Трэба - і ўсё".-0-