
28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўленне да прыватнікаў і дзяржаўных прадпрыемстваў павінна быць аднолькавым. Такое патрабаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў 28 лютага на нарадзе па новай сістэме рэгулявання цэн, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што перад нарадай яму прынеслі вялікі пакет дакументаў, аднак, што менавіта ўносіць на яго разгляд урад, сваю прамежкавую або канчатковую прапанову, з іх не зразумела.
"Кожны дзень фактычна дапытваў Снапкова па гэтым пытанні. Галоўчанку нагадваў, што гэта ваш галоўны экзамен. Нас глядзяць людзі, нас падтрымліваюць. Мы ўсе разам радаваліся, што за нас прагаласавалі на апошніх выбарах. Народ паверыў. А мы што? - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. - Яшчэ раз паўтараю: ідзе назначэнне ва ўрад - момант, сыходзьце. Сядзяць, выдумляюць нейкую формулу, і ў кожнага сваё меркаванне ў галаве. Прэзідэнт паставіў задачу і вызначыў каляіну, з якой вы не можаце выскачыць: у нас дыктатура. І гэту дыктатуру народ падтрымлівае. Рабіце".
"Не павінна быць жорсткіх метадаў рэгулявання, каб не нашкодзіць эканоміцы. Мы не павінны празмерна стрымліваць цэны таваравытворцаў. Там павінна быць нармальная рэнтабельнасць. Скарачайце затраты", - абазначыў арыенціры Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што свае траты, як, напрыклад, набыццё новых аўтамабіляў, прадпрыемствы не павінны закладваць у сабекошт прадукцыі, іншымі словамі, перакладваць на пакупнікоў. "Дык калі б толькі аўтамабілі. І ўсе прыходзяць, плачуць. Не могуць працаваць - няхай не працуюць. Пастаўце ўсіх у аднолькавыя ўмовы: краіна перш за ўсё", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, якія прапановы зыходзяць ад прыватнага бізнесу: "Давайце заціснем, прыціснем дзяржаўныя прадпрыемствы, а ад попыту і прапанавання будуць працаваць прыватныя. Учора крычалі: пастаўце нас у роўныя ўмовы, дзяржаўныя прадпрыемствы і прыватныя. Сёння кажуць: не, тут вось давайце ў нас поўная свабода, ніякіх рэгуляванняў быць не павінна, а дзяржаўныя зацісніце. Дык чаго прыватнікі хочуць? Стаўленне да прыватнікаў і дзяржаўных прадпрыемстваў павінна быць аднолькавым - жорсткае, у інтарэсах людзей", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-