11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кантроль за цэнамі застанецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Кантроль за цэнаўтварэннем застанецца адным з прыярытэтаў. У мінулай пяцігодцы мы паказалі, што можам дабівацца нізкай інфляцыі - на ўзроўні 5-6 працэнтаў у год. Гэта гістарычны мінімум для нашай краіны. Але простаму чалавеку патрэбны не агульны індэкс цэн, а цэннікі, якія ён бачыць на паліцах у магазінах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што за цэнаўтварэннем у Беларусі сочаць Камітэт дзяржаўнага кантролю і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Да работы ў гэтым напрамку па просьбе Прэзідэнта раней таксама падключыліся дэпутаты і прафсаюзы.
"Крок сябе апраўдаў. Яны ўзяліся за гэту праблему вельмі сур'ёзна, не фармальна, стаўшы яшчэ адным фільтрам на месцах. Але скаргаў ад людзей нямала, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Для людзей, асабліва з невысокімі даходамі, цэны з'яўляюцца сацыяльнай і палітычнай катэгорыяй. Тут справядлівасць, сапраўды, вышэй за ўсё".-0-