Сцяг Панядзелак, 13 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 студзеня 2025, 12:49

Калядныя тэзісы пра галоўнае, погляд у будучыню і вада мінчанам. Вынікі тыдня Прэзідэнта

Рабочы графік Прэзідэнта Беларусі заўсёды вельмі насычаны падзеямі. Аляксандр Лукашэнка праводзіць нарады і рабочыя сустрэчы па найбольш актуальных пытаннях развіцця краіны, рэгулярна бывае ў рэгіёнах, робіць замежныя візіты і сам прымае замежных гасцей, размаўляе з журналістамі, падпісвае ўказы і законы. І нават калі публічных мерапрыемстваў няма, гэта зусім не значыць, што кіраўнік дзяржавы не працуе. Дарэчы, і ў час адпачынку, хакейная трэніроўка гэта ці рубка дроў, Аляксандр Лукашэнка не-не ды і знойдзе нагоду для чарговага даручэння. Як ён любіць казаць, трэба ва ўсім ісці ад жыцця.

Праект "Тыдзень Прэзідэнта" - для тых, хто хоча ісці ў нагу з кіраўніком дзяржавы, быць у курсе самых актуальных заяў і рашэнняў беларускага лідара.

Першым публічным мерапрыемствам на мінулым тыдні ў кіраўніка дзяржавы стала наведванне храма на Раство Хрыстова. На гэты раз Аляксандр Лукашэнка прыехаў у Лагойск. Традыцыйная калядная свечка, цёплая гутарка з прадстаўнікамі духавенства і людзьмі, якія прыйшлі ў царкву.

Але гаварылі не толькі пра святочнае і духоўнае. Прэзідэнт агучыў некалькі важных тэзісаў, якія хацеў данесці да ўсіх грамадзян Беларусі: пра будучыя цяжкасці і спосаб іх пераадолець, пра важнасці захавання міру і адзінства ў краіне, пра сацыяльна арыентаваную палітыту і справядлівасць, пра моладзь і змену пакаленняў. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся ў любові да беларускага народа, назваўшы яго добрым і працавітым.

Размову пра будучыню Беларусі Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў і на наступны дзень, традыцыйна ўручаючы прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва і спецыяльныя прэміі "Беларускі спартыўны Алімп". Прэзідэнт падкрэсліў, што духоўнасць і маральнасць - гэта фундамент моцнай і незалежнай дзяржавы.

Яскравы прыклад сацыяльнай палітыкі дзяржавы - пятнічнае мерапрыемства з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Прэзідэнт наведаў новую помпавую станцыю "Шчомысліца", дзе адбылася цырымонія пуску артэзіянскай вады для забеспячэння ёю Мінска. Цяпер усе жыхары беларускай сталіцы атрымалі доступ да чысцейшай вады. Гэта дасягненне Прэзідэнт назваў найвялікшым подзвігам цяперашняга пакалення, а па маштабах параўнаў з праектамі ў сферы космасу і атамнай энергіі.

Там жа кіраўнік дзяржавы даручыў аператыўна папрацаваць і над вырашэннем двух іншых важных для Мінска і іншых буйных гарадоў праблемных пытанняў - рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў і глыбокай перапрацоўкі смецця. Яшчэ адно даручэнне датычыцца Міністэрства аховы здароўя - прыняць дадатковыя меры для прафілактыкі эпідэмій.

Дарэчы, на тыдні Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена прадпрыемству "Мінскпраект" за эфектыўную дзейнасць у сферы праектнага забеспячэння будаўніцтва, вялікі ўклад у праектаванне сацыяльна значных аб'ектаў.

Указам нумар 1 у новым годзе Аляксандр Лукашэнка цяпер ужо афіцыйна аб'явіў 2025-ы Годам добраўпарадкавання.

У ліку іншых першых дакументаў, прынятых у новым годзе, - важныя рашэнні аб падтрымцы таленавітай моладзі, заахвочванні адораных навучэнцаў і студэнтаў, назначэнні прэзідэнцкіх стыпендый аспірантам, фінансаванні праектаў у галіне культуры і мастацтва.

Падпісаны ўказ, накіраваны на ўдасканаленне ўмоў будаўніцтва эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу "Паўночны Бераг".

Першыя дні новага года ўжо адзначыліся шэрагам прыродных катаклізмаў у свеце. Адзін з іх - магутнае і разбуральнае землетрасенне ў Тыбеце. Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні Старшыні КНР Сі Цзіньпіну.

КУРС НА МІР І СТВАРЭННЕ. Якія галоўныя тэзісы Лукашэнка агучыў у храме на Раство Хрыстова

Прэзідэнт часта гаворыць пра традыцыі, на якіх трымаецца любая незалежная дзяржава і якія шмат у чым аб'ядноўваюць грамадства. Такіх традыцый у гісторыі суверэннай Беларусі ўжо закладзена нямала. Калі гаварыць пра свецкія дзяржаўныя святы, то гэта Дзень Незалежнасці, Дзень Перамогі, Дзень народнага адзінства - кожнае па-свойму садзейнічае захаванню народнай памяці аб тым, хто мы і як заваявалі права "людзьмi звацца", свабодна жыць на гэтай зямлі. Новы год - цёплае сямейнае свята, нагода, каб правесці час з роднымі і блізкімі, сказаць самыя важныя словы і загадаць жаданні на будучае.

Такая ж традыцыя, але ўжо значна больш старажытная, - святы рэлігійныя - Каляды, Вялікдзень. У іх культурны код продкаў, вечныя хрысціянскія каштоўнасці, захаванне якіх так важна ў цяперашнім бурлівым свеце. Аляксандр Лукашэнка ведае цану традыцыям, а таму іх захоўвае. Прыезд Прэзідэнта ў храм у такія дні - гэта заўсёды нешта большае, чым проста даніна модзе ці нават знак веры. Гэта - сімвал адзінства Дзяржавы і Царквы, на тысячагадовую мудрасць якой абапіраецца першая і без апоры на якую не можа нармальна існаваць другая.

На гэты раз на светлае свята Нараджэння Хрыстовага Прэзідэнт выбраў для наведвання параўнальна невялікі храм свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Лагойску. Месца намоленае, амаль з двухсотгадовай гісторыяй і гаючай крыніцай. А яшчэ іконай, малітвы якой тут узносяць яшчэ з часоў прападобнай Ефрасінні Полацкай.
Абстаноўка спрыяла не толькі святочнаму і духапад'ёмнаму настрою, але і настройвала на сур'ёзную размову. Але спачатку традыцыя - запаліць калядную свечку, што Аляксандр Лукашэнка зрабіў разам з настаяцелем храма протаіерэем Уладзімірам. Як пазней высветлілася, бацькам шасці дзяцей. Таму і ў гэтым плане шматдзетныя бацькі Аляксандр і Уладзімір добра разумелі адзін аднаго, веруючы ў мірную і паспяховую будучыню для роднай Беларусі і ўсіх яе дзяцей.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, рыхтуючыся да наведвання храма, запісаў сабе некалькі тэзісаў, якія хацеў бы агучыць для ўсяго беларускага народа і тых, хто гэта пачуе, - сказаць аб галоўных дзеяннях на бліжэйшы час.

Пра ролю народнага адзінства ў пераадоленні цяжкасцей

"Я ўжо не аднойчы гаварыў - будучы 2025-ы год будзе годам няпростым. Не толькі таму, што разам з Расіяй нас пачалі ціснуць і душыць з усіх бакоў. Пакуль тыя тактыка і стратэгія, якія мы вызначылі, дапамагаюць нам не толькі ўтрымацца на плаву, але і жыць на дастойным узроўні", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўжо сёння ў краіне ёсць усе магчымасці, каб кожны мог зрабіць сваё жыццё больш паспяховым. Рэцэпт просты, на які настаўляў і Гасподзь, - больш працаваць. Як гаворыцца, кожнаму па справах і працы яго. "Не будзеш працаваць, ніколі лепш і нават добра жыць не будзеш", - упэўнены беларускі лідар.

Што датычыцца цяжкасцей новага года, то яны звязаны не толькі з націскам збоку. Няпростая сітуацыя і ў суседзяў, з якімі ў краіны асноўны гандаль, і гэта не можа не спарадзіць пэўныя выклікі. "Але калі мы адзіныя, калі мы разам, калі мы хаця б глядзім у адзін бок аднолькава, тады ў нас будзе ўсё добра, - сказаў Прэзідэнт. - Мы пераадолеем усе складанасці і цяжкасці. Мы навучыліся іх пераадольваць, ведаем, як пераадольваць. Але зрабіць гэта можам толькі разам".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, галоўны выклік - гэта эканоміка. "Будзем разам трымацца, будзем імкнуцца зрабіць, каб лепш жылося, - мы пераадолеем і гэтыя выклікі", - упэўнены беларускі лідар.

Пра мір, без якога нічога не трэба

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць захавання міру: "Галоўнае для нас, як сказаў толькі што айцец Уладзімір, адрасуючы гэта мне, каб было мірнае праўленне. І тут - гэта мая задача - будзе зроблена ўсё для таго, каб у Беларусі захаваўся мір. Будзе мір - усё астатняе мы купім. Будзем жыць, можа, не багата, але дастойна. Як жывём цяпер. Ні ў кога нічога не просім. Мы жывём на тыя грошы, сродкі і магчымасці, якія мы рэалізоўваем у Беларусі. Таму для нас галоўнае - захаваць мір. Не будзе міру - нічога не трэба".
У якасці прыкладу таго, што адбываецца, калі няма міру, Аляксандр Лукашэнка прывёў сітуацыю ў суседзяў, дзе тысячамі гінуць людзі. "Нам гэта трэба? Нам гэта не трэба. Таму мы будзем рабіць усё для таго, каб захаваць мір", - запэўніў беларускі лідар.

Пра ўменне дзяржавы чуць і слухаць людзей

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб захаванні курсу на правядзенне сацыяльна арыентаванай палітыкі. "Многія могуць паўсміхацца, калі я гавару пра народ, пра людзей. Але павінен вам сказаць: тое, што робім мы для людзей у Беларусі, ні ў адной краіне не робіцца. Ні ў адной! Самае галоўнае - мы ўмеем чуць нашых людзей, слухаць нашых людзей", - падкрэсліў ён.

У якасці прыкладу ён расказаў пра маштабную работу па пераводзе Мінска поўнасцю на забеспячэнне артэзіянскай вадой. Гэта вялізныя затраты для дзяржавы, якія тэарэтычна можна было і не несці. "Але мы гэта зрабілі. Таму што я ведаю, што гэта людзі запомняць назаўсёды. І будуць удзячныя. Таму што паветра, вада, наша харчаванне - гэта аснова жыцця. Не лякарствы. А менавіта гэта. Паветра, вада - тое, без чаго людзі жыць не могуць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адзін прыклад таго, што робіцца для людзей, - гэта дарожнае будаўніцтва. "Людзі заўсёды скардзяцца на дарогі. У мінулым годзе мы проста штурмам, наколькі магчыма, бралі гэтыя вышыні", - расказаў Прэзідэнт.

"Сацыяльна арыентаваная дзяржава - гэта калі дзяржава глядзіць у бок народа. Гэта не той выпадак, калі дзяржава за ўсіх нас, за вас будзе працаваць. Гэта не роля дзяржавы. У дзяржавы ёсць свае функцыі", - растлумачыў беларускі лідар.

Сапраўды, у дзяржавы ёсць свае функцыі, якія за гады кіраўніцтва краінай Аляксандр Лукашэнка значна пашырыў. Нават для кожнай вёсачкі ўвялі пэўныя стандарты, і яны ў большасці сваёй выконваюцца. На гэта звернуць сур'ёзную ўвагу ў першы год пяцігодкі якасці - Год добраўпарадкавання.

Пра моладзь і планы перадаць уладу новаму пакаленню

Будучыня дзяржавы заўсёды ў руках маладога пакалення. І гэта не толькі прывілея, але і вялікая адказнасць. Аляксандр Лукашэнка не схільны залішне наракаць на маладых людзей, але з вышыні свайго жыццёвага і прэзідэнцкага вопыту не мог не адзначыць некаторыя недахопы.

"Так, у нас нядрэнная моладзь. Яна такая, якая яна ёсць. Іншай не будзе. Але мяне непакоіць тое, што наша моладзь не так, як мы з вамі, прыхільна да працы, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Таму перад вамі ў будучым будзе стаяць сур'ёзны экзамен. Нам трэба вызначыць нармальную ўладу, нармальнага прэзідэнта, урад, які будзе ўказваць той шлях, па якім будзе развівацца наша краіна. Мы ад гэтага нікуды не дзенемся. У гэтым адзін з напрамкаў, сутнасць змены пакаленняў".

"Я не аб тым, што я заўтра збягу куды-небудзь. Пакуль ёсць здароўе, я буду з вамі. На любой пасадзе буду працаваць для таго, каб захаваць тое, што мы стварылі сваімі рукамі", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што не трымаецца за ўладу і зробіць усё для таго, каб ціха, спакойна перадаць гэтую ўладу новаму пакаленню.

"Будучы час, і асабліва будучая пяцігодка, - гэта змена пакалення. І я, і многія са мной - мы ж не вечныя. Трэба падрыхтаваць маладое пакаленне. Як маладое - наступнае пакаленне. Нашых дзяцей, якія возьмуць у рукі Беларусь і будуць яе берагчы, цаніць", - заявіў беларускі лідар.

Ён запэўніў, што хоць змена пакаленняў - гэта часта балючы працэс, але ў Беларусі зробяць так, што ніякай балючасці людзі не заўважаць.

Пра справядлівасць ва ўсім і ў цэнах як панацэі ад вайны

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў аснове ўсяго павінна быць справядлівасць. Адсюль і ўвага дзяржавы да пытанняў цэнаўтварэння.

"І гэта не рэгуляванне цэн, як некаторыя гавораць. Абсалютна не. Мы не збіраемся рэгуляваць цэны. Гэта сёння немагчыма ў рыначнай эканоміцы. Гэта не тыя савецкія часы, калі на ўсё ўстанаўліваліся цэны. Павінна быць створана самарэгулюемая сістэма. Яна не павінна душыць бізнес, вытворчасць, - заявіў беларускі лідар. - Калі селянін нешта вырабляе, чаму мы яму павінны ўказваць, дзе і па якой цане ён павінен прадаваць прадукцыю. Няхай прадае. Але ён павінен помніць, што гэта ён вырабіў, а людзі, якія з ім побач, яны гэта купляюць. І яны павінны мець магчымасць купіць гэту прадукцыю".
Тое ж самае з прамысловымі таварамі. Таму трэба стварыць такую ​​самарэгулюемую сістэму, якая будзе садзейнічаць усталяванню гэтай справядлівасці, патрабуе кіраўнік дзяржавы.

"Калі такой справядлівасці няма, мы прыйдзем да вайны. Ва Украіне пачыналася не з майдана, усё пачыналася з несправядлівасці, калі з'явіўся вялізны клан - алігархат, які задушыў Украіну. І так паціху гэты алігархат прывёў краіну да вайны. Той жа Зяленскі - ён жа не бедны чалавек. Таму ў каго грошы ў кішэні вялізныя, не заробленыя, яны моцна ціснуць. І тады ты ўжо не думаеш пра дзяржаву. Ты тады будзеш думаць пра гэтыя грошы. І там усе прэзідэнты былі такімі. Таму ўсё пачыналася з несправядлівасці", - заўважыў беларускі лідар.

І яшчэ адзін момант - усё заробленае павінна заставацца ў Беларусі і працаваць на яе развіццё, а не вывозіцца ў замежныя банкі і афшоры. Гэтаму пытанню ў бліжэйшы час таксама ўдзеляць сур'ёзную ўвагу.

Пра новыя выклікі і беларускую "дыктатуру"

Гаворачы аб развіцці Беларусі ва ўмовах розных знешніх выклікаў, кіраўнік дзяржавы адзначыў вялікае напружанне вакол краіны: "Паўсюль штосьці… Фермеры нешта ламаюць, гноем закідваюць урад, войны ідуць і іншае. Узбройваюцца. А гэты маленькі астравок (не такі ўжо і маленькі, як я лічу, але астравок) - мірны. І вы ведаеце, ім жа (нядобразычліўцам за мяжой. - Заўвага БЕЛТА) цісне. Там цісне. Вось трэба і нас уцягнуць у гэту вайнушку. Чаму Валодзя Зяленскі сябе так паводзіць? Мы ж нармальна з ім былі, у добрых адносінах. І мая маленькая сям'я таксама. Чаго ён вякае, чаго яму не хапае? Яму даюць каманду. Трэба ўсяляк рабіць усё, каб уцягнуць краіну ў вайну".
"Калі нас уцягнуць у вайну, гэта цяжкая сітуацыя. Мы можам не вытрымаць як дзяржава. Таму я раблю ўсё цярпліва, настойліва, як Гасподзь нас і царква вучаць. Робім сваю справу. Час дасць усім ацэнку. Але нам трэба выстаяць. Няхай гавораць, што ў нас тут дыктатура, яшчэ чагосьці. Слухайце, лепш такая дыктатура, як у Беларусі, чым такая дэмакратыя, як ва Украіне. Нам трэба вытрымаць гэта. Ні ў якім разе нельга шарахацца", - заклікаў беларускі лідар.

Але, папярэджвае Аляксандр Лукашэнка, і ўнутры праблем хапае. Новыя выклікі з'яўляюцца пастаянна, літаральна кожны месяц. Адзін з іх звязаны з вымушанай міграцыяй людзей з усходу, якія ўцякаюць ад вайны. Большасць з іх хочуць жыць, працаваць, зарабляць і нейкую капейку пасылаць на радзіму, каб пракарміць сваіх дзяцей. "Але ўся бяда ў тым, што гэтыя людзі далёкія ад тых спраў, якія мы вырашаем. Яны некампетэнтныя. Яны прафесійна не падрыхтаваны. Гэта таксама нястрашна. Галоўнае, каб гэтыя людзі хацелі працаваць і вучыцца. Наш народ можа навучыць людзей. Працоўныя рэсурсы нам патрэбны. Але некатралюемая міграцыя - гэта бяда", - заявіў беларускі лідар.

"Яшчэ раз падкрэсліваю - да нас едуць розныя людзі. А праз нас цяпер вялізны транзіт на Захад, куды яны імкнуцца. І нас усе абвінавачваюць у тым, што мы садзейнічаем гэтай міграцыі. Я таксама заўсёды быў сумленны. Мы нікога ад мігрантаў абараняць не будзем. Асабліва тых, хто ўводзіць супраць нас эканамічныя санкцыі. Чаму мы іх павінны абараняць?" - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра любоў да беларускага народа

Протаіерэй Уладзімір падзякаваў кіраўніку дзяржавы за добрыя словы: "Ад хвалявання сэрца гавораць вусны. Мы пачулі, як Вы ад усяго сэрца выказвалі сваю заклапочанасць, занепакоенасць і ў той жа самы час любоў да нас усіх, да нашага беларускага народа".
"Я люблю свой народ і ў гэтым мая асаблівасць. Выбачайце за нясціпласць, гэта мая любоў да маіх людзей, якія стаяць перада мной. 30 гадоў таму я пакляўся, што я буду служыць свайму народу, і гэта раблю. Як бы мне складана ні было, усякае бывала. Грубых памылак мы не дапусцілі. Мы ішлі па тонкім лёдзе. Але ні разу не праламалі лёд і не праваліліся ў гэту сцюдзёную ваду. Гэта - галоўнае наша дасягненне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы перажылі цяжкія часы. Дзякуй богу, што прайшлі гэта. Паразумнелі. І мы, і вы. І нашы людзі, наш народ, - падкрэсліў беларускі лідар. - Увогуле наш народ добры. Працавіты. Мы цяпер зведваем і душэўныя, і псіхалагічныя атакі жорсткія. Але народ трымаецца. Прыязджаюць да нас госці і зайздросцяць: "Ой, у вас людзі добрыя, ветлівыя, спагадлівыя". Гэта чаму? Таму што народ наш добры. Ад кораня. Яны трымаюцца".

СМЕЛЫ ПОГЛЯД У БУДУЧЫНЮ. Каго Прэзідэнт назваў захавальнікамі душы беларускага народа

Адна з традыцый суверэннай Беларусі - уручэнне ў калядныя дні прэмій заслужаным людзям, дзякуючы якім краіна развіваецца і, самае галоўнае, мацнее духоўна і культурна. Аляксандр Лукашэнка, як і заўсёды, прыехаў у Палац Рэспублікі, каб адзначыць заслугі сапраўдных падзвіжнікаў і захавальнікаў душы беларускага народа.

Выступленне кіраўнік дзяржавы пачаў на беларускай мове: "Калядныя дні ствараюць асаблівую атмасферу і натхняюць на добрыя справы. Гэтак было спрадвеку. Такім мы разумеем гэта светлае свята i сёння. У ім вытокі нашай цырымоніі ўшаноўвання ў першыя дні новага года лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта. А само мерапрыемства ўжо стала традыцыяй суверэннай Беларусі. І мы не ўяўляем гэтыя чароўныя дні без прыгожага ўрачыстага моманту - моманту заслужанай славы нашых дастойных людзей".
У Палацы Рэспублікі ўшаноўвалі дзеячаў культуры, якія захоўваюць і ўзбагачаюць нацыянальную скарбніцу, абуджаюць цікавасць да народных рамёстваў, выхоўваюць павагу да нашых традыцый. Сярод узнагароджаных таксама свяшчэннаслужыцелі, урачы, сацыяльныя работнікі - неабыякавыя людзі, якія працягнулі руку дапамогі тым, хто сутыкнуўся з цяжкасцямі. Бескарысліва, па закліку сэрца клапоцяцца аб дзецях, якія трапілі ў няпростую жыццёвую сітуацыю. У Беларусі таксама ганарацца поспехамі на буйнейшых сусветных турнірах нашых вядомых спартсменаў і трэнераў, удастоеных прэміі "Беларускі спартыўны Алімп".

"Дзякуючы такім людзям, як вы - патрыётам, стваральнікам - наша родная Беларусь застаецца астраўком міру, спакою, чалавекалюбства і міласэрнасці, - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пра гістарычную памяць і смелы погляд у будучыню

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ўсе дасягненні лаўрэатаў і іх дзейнасць маюць высокае духоўнае і патрыятычнае гучанне. Асабліва важна гэта цяпер, калі краіна рыхтуецца адзначыць свяшчэнную дату - 80-годдзе Вялікай Перамогі. Мы беражліва захоўваем памяць аб мінулым, упэўнена рухаемся наперад і смела глядзім у будучыню", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што кожны поспех лаўрэатаў натхняе многіх беларусаў на новыя справы, такія ж добрыя, чалавечныя і вельмі патрэбныя. "Таму з году ў год мы сустракаемся на гэтай сцэне з людзьмі, якімі кіруюць самыя шчырыя пачуцці - вернасць свайму прызванню і любоў да роднай зямлі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра фундамент дзяржавы і жыватворныя эліксіры

"Менавіта дзякуючы вам, паважаныя лаўрэаты, вашаму служэнню высокім ідэалам мы паспяхова процістаім тым выклікам, якія перад намі ставіць час. Час хаосу, войнаў, дэвальвацыі сапраўдных каштоўнасцей, - звярнуўся Прэзідэнт да ўдзельнікаў цырымоніі. - А ісціна простая: у аснове любой чалавечай дзейнасці знаходзяцца духоўнасць і маральнасць (як я часта гавару, справядлівасць) - жыватворны эліксір для культуры, трывалай сувязі пакаленняў і традыцый".
"Яны - аснова адзінства нацыі, якая ведае сваю гісторыю, шануе спадчыну продкаў і клапоціцца пра будучыню. Аснова таго, што вызначае характар народа. Духоўнасць і маральнасць - фундамент моцнай, незалежнай дзяржавы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пра безумоўнае захаванне дзяржаўнасці

Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што хто б ні імкнуўся сёння расхістаць Беларусь, гэтыя спробы пацерпяць няўдачу: "Нічога не атрымаецца! Мы зберажом сваю краіну. Яна ўжо належыць нашым дзецям і ўнукам, таму мы павінны падумаць пра іх будучыню, і мы думаем".
"Мы ўсё зробім у будучай пяцігодцы, каб наша краіна назаўсёды забыла праблему захавання сваёй дзяржаўнасці. Наша краіна заўсёды будзе дзяржавай, насуперак любым плыням і тэндэнцыям на міжнароднай арэне", - запэўніў кіраўнік дзяржавы. Гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі зала сустрэла апладысментамі.

Пра цяжкасці і задачу "напружвацца ў два разы больш"

Аляксандр Лукашэнка ўжо чарговы раз публічна пры вялікай аўдыторыі папярэдзіў, што будучы год будзе няпростым. Але ён упэўнены, што народ Беларусі зможа справіцца і з гэтымі новымі выклікамі.

"Запомніце, хто б вам тут ні абяцаў залатыя горы, нам давядзецца напружвацца ў два разы больш, чым у папярэднім годзе. Але мы пераадолеем усе цяжкасці. Не толькі таму, што я хачу банальна сказаць: "Мы адзіныя, мы натхнёныя..." Мы навучыліся працаваць! У складаных умовах. Калі на нас націскаюць з усіх бакоў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час заклікаў усіх проста працаваць і ісці наперад, забыўшы пра санкцыі. І гэта ў прамым сэнсе слова выратавала краіну. "Калі б толькі мы, беларусы, - эмацыянальныя людзі - акунуліся ў гэтыя разважанні аб санкцыйнай палітыцы, слухайце, мы абвалілі б эканоміку, а следам і наша жыццё, і нашу дзяржаву. Таму санкцыі, не санкцыі - проста жыццё складваецца такім чынам, што ў любой сітуацыі нам давядзецца выжываць, вытрымліваць гэты націск. Мы яго вытрымаем!" - перакананы беларускі лідар.

Пра пяцігодку пад лозунгам міру і бяспекі

Прэзідэнт таксама падкрэслівае безумоўную важнасць захавання міру: "Будучы год і, напэўна, уся пяцігодка пройдуць пад лозунгам міру і бяспекі".
"Будзе мір - усё астатняе дадасца. Трэба зберагчы мір для Беларусі. І мы зробім гэта разам з вамі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пра новае пакаленне, у рукі якога аддаюць краіну

Яшчэ адзін важны тэзіс кіраўніка дзяржавы - аб змене пакаленняў. Не толькі ва ўладзе, але і ў самых розных сферах дзейнасці. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка гаварыў на Раство ў храме, сказаў і цяпер.
"Мы аддаём нашу краіну ў рукі новаму пакаленню. Нам з вамі давядзецца гэта пакаленне сфарміраваць і нам з вамі давядзецца іх пасадзіць у свае крэслы - работнікаў творчых, культуры і гэтак далей, і да таго падобнае. І ва ўладу. Найцяжэйшая работа, але мы настроены яе арганізаваць і правесці", - заявіў беларускі лідар.

Пра пажаданне радавацца і ўсміхацца, калі толькі можна

Прэзідэнт звярнуўся да ўсіх з цёплымі пажаданнямі і віншаваннямі з Нараджэннем Хрыстовым, заклікаўшы не перажываць і не сумаваць.

"Шчасця вам! Не перажывайце. Слухайце, ну, жыццё ж не толькі складаецца з таго, што будзе заўтра, паслязаўтра і іншае. Гэта важна - бачыць заўтрашні дзень. Але мы ж жывём кожны дзень, і сёння. Сёння светлыя дні, светлыя святы - Новы год, Нараджэнне Хрыстова. Хутка, дасць бог, Вялікдзень... - сказаў ён. - Таму заўсёды, калі толькі можна ўсміхацца, весяліцца і радавацца, - усміхайцеся, весяліцеся і радуйцеся. Шчасця вам, дабрабыту і поспехаў!"
Кіраўнік дзяржавы таксама пажадаў усім беларусам міру, дабра, дабрабыту і поспеху, быць побач з роднымі і блізкімі.

НАЙВЯЛІКШЫ ПОДЗВІГ. Чаму Лукашэнка параўнаў артэзіянскае водазабеспячэнне Мінска з праектамі ў космасе

Вада - аснова жыцця на планеце Зямля. Менавіта яна з'яўляецца неабходным кампанентам для функцыянавання арганізма чалавека. Якую ваду мы п'ём і выкарыстоўваем для прыгатавання ежы, і нават тое, якой вадой мыемся, - усё гэта ўплывае на наша самаадчуванне і стан здароўя.

Пра гэта гаварыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і наведваючы храм на свята Нараджэння Хрыстовага. Гаворачы пра сацыяльна арыентаваную палітыку ў краіне ў якасці аднаго з прыкладаў ён прывёў маштабную работу па пераводзе Мінска поўнасцю на забеспячэнне артэзіянскай вадой. Гэта вялізныя затраты для дзяржавы, якія тэарэтычна можна было і не несці. Але зрабілі! І не да выбараў, як нехта можа падумаць, а на многія дзесяцігоддзі, калі не на стагоддзі.
"Таму што паветра, вада, нашы прадукты харчавання - гэта аснова жыцця. Не лякарствы. А менавіта гэта. Паветра, вада - тое, без чаго людзі жыць не могуць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня асабіста прыняў удзел ва ўрачыстым пуску артэзіянскай вады з падземных крыніц - цырымонія прайшла на новай помпавай станцыі "Шчомысліца". Гэта стала завяршэннем шматгадовай працы. У большасці мінчан з кранаў і да гэтага цякла артэзіянская вада, але трэць патрэбнасцей сталіцы да нядаўняга часу забяспечвалася за кошт наземных крыніц - Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Так, вада ачышчалася, падрыхтоўвалася, але ўсё ж нараканні ў людзей на яе якасць былі, і часам небеспадстаўна. Цяпер гэта праблема для горада знята.
"Мы ж маглі проста абыходзіцца тым, што ёсць. У нас была добрая вада, але зрабілі выдатную ваду. Гэта вельмі сур'ёзны праект, і думаю, што мінчане гэта ацэняць. Гэтая вялікая справа, - падкрэсліў Прэзідэнт. -  Забяспечыць мегаполіс амаль на два мільёны чалавек абсалютна артэзіянскай вадой - гэта найвялікшы подзвіг нашага пакалення". Па маштабах ён параўнаў гэта з праектамі ў галіне космасу ці атамнай энергетыкі, але толькі гэта яшчэ важней для людзей.

Дарэчы, каштарысная вартасць праекта складала Br850 млн. Аднак за кошт хуткіх тэмпаў работ і дзякуючы эканоміі пры правядзенні закупак удалося сэканоміць амаль Br150 млн. У выніку ўвесь праект абышоўся Br700 млн. Неабходныя запасы вады знайшлі на адлегласці 35-40 кіламетраў ад горада. Было прабурана і пабудавана 87 новых свідравін, яшчэ больш за 40 перабурана. Пабудавана 114 кіламетраў трубаправодаў вялікага дыяметра. Пабудавана таксама 60 электрычных падстанцый, укладзена 88 кіламетраў кабельных сетак, каб забяспечыць усё электраэнергіяй. Акрамя Мінска, яшчэ каля 40 населеных пунктаў Мінскага і Пухавіцкага раёнаў таксама будуць падключаны да гэтай сістэмы, каб атрымліваць артэзіянскую ваду.
А ранейшая вада з наземных крыніц таксама спатрэбіцца. Яна будзе выкарыстоўвацца прамысловымі прадпрыемствамі як тэхнічная, для забеспячэння энергетычнага попыту (ЦЭЦ) і абваднення Мінска (Мінскае мора і гэтак далей).

"Кажуць, у нас няма карысных выкапняў. Самы вялікі ў нас - чыстая вада", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка разам са старшынёй Мінгарвыканкама Уладзімірам Кухаравым і дырэктарам "Мінскводаканала" Фёдарам Рымашэўскім павярнуў сімвалічны вентыль і зрабіў пуск артэзіянскай вады, пасля чаго агледзеў абсталяванне машыннай залы помпавай станцыі і даў важныя даручэнні ў плане імпартазамяшчэння.
Прэзідэнт таксама прадэгуставаў артэзіянскую ваду, якая цяпер падаецца ў кватэры мінчан. "Выдатная вада! Можна разліваць у бутэлькі і прадаваць. Вельмі добрая! Гэта для народа падарунак, істотны падарунак, як без вады жыць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да будаўнікоў і работнікаў "Мінскводаканала", якія прысутнічалі на цырымоніі, кіраўнік дзяржавы выказаў ім удзячнасць за праведзеную работу.

Пра рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў

Пытанне забеспячэння вадой такога мегаполіса, як Мінск, безумоўна, важнае. Але яно толькі адно ў шэрагу тых, з якімі сутыкаецца любы буйны горад. Паводле слоў старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава, да гэтага часу ў горадзе заставаліся тры сістэмныя праблемныя пытанні: водазабеспячэнне сталіцы з падземных крыніц, рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў і будаўніцтва смеццесартавальнага завода.
Першае з іх вырашана. Засталіся яшчэ два. Прэзідэнт і ў гэтым выпадку ставіць задачу ўсё аператыўна рэалізаваць.

У горадзе пачалі ўжо рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў. Праект разбіты на некалькі чэргаў. Спачатку плануецца рэканструяваць збудаванні механічнай ачысткі, гэтыя работы ўжо вядуцца. У час другой чаргі будуць мадэрнізаваны збудаванні біялагічнай ачысткі. Трэцяя чарга - падрыхтоўка збудаванняў па ўтылізацыі і перапрацоўцы глею.

"Да канца года мы пачынаем працаваць па чацвёртай і пятай чарзе. Плануем, што першыя тры чаргі мы зробім на працягу двух гадоў, - расказаў старшыня Мінгарвыканкама. - У 2028 годзе плануем забяспечыць поўнасцю рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў Мінска, якія будуць аснашчаны сучаснымі тэхналогіямі. Фактычна гэта будзе безадходная вытворчасць".

"У наступнай пяцігодцы ўсю гэту праблему для Мінска трэба закрыць. Яна па планах будзе раней вырашана, але за пяцігодку выходзіць нельга", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
У краіне гэта такое першае комплекснае мерапрыемства па будаўніцтве ачышчальнай станцыі ў такіх маштабах. "Нам трэба і ў іншых буйных гарадах паглядзець (перш за ўсё абласных, можа, і трэцяга ўзроўню гарады - статысячнікі) на будаўніцтва такіх станцый. Гэта будзе так званы пілотны праект, які мы павінны ажыццявіць у Мінску і пачаць у кожнай вобласці ў гэтай пяцігодцы. Гэта вельмі важна", - арыентуе беларускі лідар.

Пра перапрацоўку смецця

Гаворачы пра праблему перапрацоўкі смецця, Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтаму пытанню ў Год добраўпарадкавання будзе ўдзелена асаблівая ўвага.

"Ачышчальныя збудаванні і вялікі завод па перапрацоўцы адходаў - гэта трэба рабіць. У бягучай пяцігодцы і ў бягучым Годзе добраўпарадкавання мы асаблівую ўвагу гэтаму ўдзелім. Асабліва перапрацоўцы смецця. У мяне ў галаве вечна лічба Швейцарыі, якая амаль усё смецце перапрацоўвае і атрымлівае з гэтага каштоўныя прадукты, таму што там ёсць усё - ад поліэтылену да паперы. Нам трэба гэтым займацца, каб не забрудзіць гэты кавалачак зямлі, на якім трэба будзе жыць нам і нашым дзецям", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
У некаторых краінах перапрацоўваецца і выкарыстоўваецца другасна практычна ўсё смецце, а ў Беларусі - пакуль не больш за 40 працэнтаў. У хуткім часе кіраўнік дзяржавы мае намер заслухаць адпаведны даклад адказных асоб на гэту тэму, паколькі раней ураду і старшыням аблвыканкамаў было даручана займацца гэтым пытаннем. "Трэба, каб мы ўсе адходы перапрацоўвалі, шкло, пластык, паперу накіроўвалі зноў у перапрацоўку. Гэта велізарныя рэсурсы, велізарная эканомія, якая сёння не выкарыстоўваецца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Цяпер у Мінску рэалізуецца маштабны праект па рэканструкцыі магутнасцей смеццеперапрацоўчага завода на палігоне цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) "Трасцянецкі". У рамках праекта плануецца пабудаваць звыш 20 аб'ектаў, што дасць магчымасць значна павялічыць магутнасці прадпрыемства. Чакаецца, што сумарная магутнасць комплексу па абыходжанні з ЦКА павялічыцца з 100 тыс. т у год да 600 тыс. т.

"Калі мы рэканструюем гэты комплекс, нам будзе дастаткова для перапрацоўкі?" - удакладніў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Уладзіміра Кухарава, рэканструкцыя магутнасцей смеццеперапрацоўчага завода поўнасцю закрые патрэбнасці горада.

"Значыць, трэба аператыўна гэта зрабіць", - запатрабаваў Прэзідэнт.
Уладзімір Кухараў заявіў, што поўнасцю завяршыць будаўніцтва смеццесартавальнага завода плануецца да 3 ліпеня. На ім будзе ісці сартаванне ўсіх адходаў, а другасныя матэрыяльныя рэсурсы будуць падлягаць паглыбленай перапрацоўцы.

Пра беражлівае стаўленне да рэсурсаў

Як ужо адзначалася, Беларусь багатая на водныя рэсурсы, але Аляксандр Лукашэнка ўсё ж звярнуў увагу на тэму беражлівасці. І гэта датычыцца не толькі вады. "Мяне больш за ўсё непакоіць тое, што мы часам бесшабашна ставімся да тых рэсурсаў, якімі валодаем", - сказаў Прэзідэнт.
Гэта датычыцца, напрыклад, стаўлення да лясоў, зямельных рэсурсаў і шмат іншага. "Тое ж самае ў нас па цвёрдых бытавых адходах. Тое ж самае ў нас па вадзе", - адзначыў беларускі лідар.

Многія прывыклі лічыць гэты рэсурс танным і лёгкадаступным, тым больш што ў Беларусі прэснай вады дастаткова. Хоць спецыялісты разумеюць, наколькі затратны і працаёмкі працэс водазабеспячэння, тым больш калі размова ідзе пра такі горад, як Мінск.
"Вы, як ніхто іншы, разумееце, што гэта вельмі дарагая рэч - прабурыць свідравіну, падняць ваду, прапампаваць яе, яшчэ раз даачысціць", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да работнікаў "Мінскводаканала", якія прысутнічалі на цырымоніі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўсе гэтыя мерапрыемствы вельмі дарагія і датуюцца за кошт бюджэту Мінска: "Вы не плаціце за ваду столькі, колькі яна каштуе. Таму беражыце, калі ласка, ваду, як і іншыя рэсурсы. Беражлівасць заўсёды была ўласціва нашаму народу. Трэба захаваць гэтыя падыходы".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі