Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 сакавіка 2021, 13:01

"Калі "растворым" Прэзідэнта, краіне не быць" - Лукашэнка выступае за моцную прэзідэнцкую ўладу

30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў працэсе канстытуцыйных змяненняў і пераразмеркавання паўнамоцтваў неабходна захаваць моцную прэзідэнцкую ўладу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Прэзідэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэнне знізу даверху. Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут Прэзідэнт, ён будзе кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі, таму што, калі мы "растворым" будучага Прэзідэнта (не мяне гэта датычыцца), маюцца на ўвазе паўнамоцтвы перш за ўсё, краіне не быць. Яна знікне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што рашэнне аб неабходнасці ўнясення канстытуцыйных змяненняў наспявала даўно і прымалася выключна зыходзячы з унутраных інтарэсаў краіны і грамадства. "Тым, хто забыў гэта, нагадваю, што не Расія і не кіраўніцтва Расіі (як цяпер гэтыя ідэі прынята падкідваць у Расіі) прымушаюць Лукашэнку Канстытуцыю перарабляць. Не. Гэтым мы займаемся даўным-даўно. Падышлі да таго, што гэтыя змяненні павінны быць, таму што Лукашэнка не вечны і мы не ведаем, хто будзе наступным, і які ён будзе - дыктатар, аўтарытарны кіраўнік, - мы таксама не ведаем. Гэта першая важнейшая прычына, па якой нам давялося звярнуцца да Канстытуцыі", - заявіў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што гаварыў аб папраўках у Канстытуцыю яшчэ ў час звароту з пасланнем да беларускага народа і парламента некалькі гадоў таму. І тады было падрыхтавана два варыянты Канстытуцыі. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы абавязкова запатрабаваў персаніфікаваць папраўкі, каб было зразумела, хто менавіта выступіў з той ці іншай ініцыятывай. "І што вы думаеце? Два варыянты, а змяненняў амаль ніякіх. Таму што людзі разумелі, што за ўсялякія прапановы і змяненні трэба будзе потым адказваць, несці адказнасць", - адзначыў Прэзідэнт.

Цяпер падрыхтоўкай паправак у асноўны закон краіны займаецца Канстытуцыйная камісія ў складзе 36 чалавек. "Яны ўсе персанальна будуць адказваць за тыя прапановы, якія ўнясуць як мінімум Прэзідэнту. Прэзідэнт вынесе Канстытуцыю на рэферэндум, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Вырашаць будзе народ. Грамадства нечага хоча ў плане змянення Канстытуцыі - будзе, і будзе абсалютна сумленна".

Разам тым апошнім часам, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, з'явіліся некаторыя асобы, якія вельмі клапоцяцца наконт паўнамоцтваў Прэзідэнта. Аднак для пераразмеркавання паўнамоцтваў няма неабходнасці змяняць Канстытуцыю, гэта будзе зроблена да ўнясення паправак у асноўны закон, запэўніў Прэзідэнт. "Для пераразмеркавання паўнамоцтваў, нават вялікіх паўнамоцтваў, Канстытуцыю змяняць не трэба. Мы яе мяняем па іншых прычынах, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Да таго, як зрабіць змяненні ў Канстытуцыі, мы пераразмяркуем паўнамоцтвы, каб не думалі, што ўсё сканцэнтравана ў руках Прэзідэнта і ён прымае ўсе рашэнні".

"Чвэрць стагоддзя - немалы этап развіцця, тым больш для такой маладой дзяржавы, як наша. Таму, як я гаварыў і раней, надышоў час яшчэ раз паглядзець на тое, якія рашэнні і на якім узроўні павінны прымацца", - прадоўжыў ён. У Беларусі, паводле яго слоў, выбудавана наладжаная сістэма кантролю і прынятыя на верхніх узроўнях улады рашэнні даводзяцца да кожнага выканаўцы.

Тым не менш, адзначыў Прэзідэнт, бываюць выпадкі, калі выканальніцкая дысцыпліна крыху кульгае, а часам і ў апараце кіравання на розных узроўнях няма поўнай аднадумнасці: "Асабліва да апошніх падзей - некаторыя з іх (мы іх таксама ведаем) з-пад плінтуса паглядалі: як жа дзень волі пройдзе, яшчэ нечага..."

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сутнасць не ў тым, што, як пішуць, "улада ўстаяла". "Улада стаяла і будзе стаяць. Мы проста дзяржаву захавалі і будзем яе далей умацоўваць. Таму, хто хоча працаваць, вылазьце з-пад плінтуса і пачынайце працаваць. Уставайце ў строй і наперад. У нас вельмі шмат работы для таго, каб адседжвацца недзе", - падкрэсліў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі