Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 студзеня 2024, 14:19

Кадравыя ратацыі, выкараненне кланавасці і медыцына ў вёсцы. Лукашэнка назначыў новага міністра аховы здароўя

25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка назначыў новага міністра аховы здароўя Беларусі. Гэту пасаду заняў Аляксандр Хаджаеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да гэтага назначэння Аляксандр Хаджаеў узначальваў РНПЦ псіхічнага здароўя, а раней працаваў у галоўным упраўленні арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя.

Пра экс-міністра Піневіча

"Хачу падкрэсліць, каб людзі ведалі і вы разумелі, што тут размова не ідзе аб нейкім вызваленні Піневіча (Дзмітрыя Піневіча, які да гэтага часу ўзначальваў Міністэрства аховы здароўя. - Заўвага БЕЛТА) з займаемай пасады. Проста я яго бачу на іншай пасадзе. Ён будзе працаваць на іншай пасадзе", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Чалавек ён малады, энергічны. Таму ніхто не збіраецца яго адпускаць на спачынак, вобразна кажучы", - сказаў Прэзідэнт. - З Дзмітрыем Леанідавічам Піневічам вы вызначыцеся - калі ён хоча працаваць у сістэме аховы здароўя - я пярэчыць не буду. Калі не, у нас дастаткова вакансій і работы для таго, каб ён працаваў і прыносіў карысць дзяржаве".

Пра кадравую ратацыю перад выбарамі

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кадравая ратацыя напярэдадні важных выбарчых кампаній - гэта практыка, якая ўжо склалася ў краіне: "Зразумела, што эпапея пачалася не з вас. Ідзе замена, ратацыя кадраў ва ўсіх міністэрствах, ведамствах. Гэта практыка вядомая. Напярэдадні парламенцкіх, прэзідэнцкіх выбараў мы заўсёды абнаўлялі склад і ўрада, і мясцовых органаў улады. Аблвыканкамы, гарвыканкам Мінскі. Абнаўлялі, каб людзі бачылі, з кім далей мы будзем працаваць, прымаючы рашэнне на тых ці іншых выбарах, - ці варта давяраць гэтай камандзе. Даўно была такая практыка мною ўведзена. Не выключэнне і цяперашні момант".

"У нас прыйшлі да кіравання міністэрствамі і ведамствамі, асобнымі прадпрыемствамі новыя людзі. І яшчэ раз падкрэслю: такія дзеянні з майго боку (кадры - гэта прэрагатыва Прэзідэнта) будуць прадоўжаны і ў бліжэйшы час, аж да прэзідэнцкіх выбараў. Каб тут не было розных хістанняў і нейкай эквілібрыстыкі ў СМІ", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра выкараненне кланавасці і патрабаванні да кадраў

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вывучаў кандыдатуру Аляксандра Хаджаева, паколькі пасада кіраўніка Міністэрства аховы здароўя - гэта не радавая пасада. "Цікавіўся і мінулым вашым, і сучасным. Праблем я не бачу. Думаю, што вы здольны ўзначаліць міністэрства. Але нам давядзецца паглядзець і на само міністэрства, на склад міністэрства. Гэта самая першая ваша задача, - даручыў Прэзідэнт. - А так у нас атрымліваецца, калі нейкія недахопы - вінаваты кіраўнік. Так, ён у першую чаргу вінаваты. Але нясуць адказнасць за сітуацыю, за стан спраў і іншыя. І намеснікі, і начальнікі ўпраўленняў, аддзелаў і гэтак далей. Звярніце на гэта ўвагу".

"Павінны быць выключна прафесіяналы. Адданыя сваёй справе і дзяржаве людзі. Гэта найважнейшы элемент. І я вельмі разлічваю на гэта. Ведаю, што вы чалавек пазакланавы. Хоць у Міністэрстве аховы здароўя ў нас там і сямейныя дынастыі так званыя, і кланы, і іншае. Чаго толькі няма... Гэтага быць не павінна. Я вельмі разлічваю, што вы пакладзяце канец гэтаму. Адданы справе, прафесіянал, дзяржаўны чалавек. Каб ён не сядзеў на пасадзе і не глядзеў кудысьці там на суседнюю краіну, як бы хутчэй збегчы - ці то грошай больш, ці то яшчэ нечага. З гэтым мы таксама разбірацца пачалі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"А тое ў нас некаторыя збеглыя на Захадзе сядзяць, а тут сваякі і іншыя чыняць тое, што чынілі раней. Толькі цішком. Мы гэта бачым і прымаем меры процідзеяння. Сітуацыя няпростая. Страціць краіну мы не можам. Беларусь павінна быць суверэннай, незалежнай дзяржавай, не ствараць праблем суседзям. І гэта краіна, дзе павінны жыць і дзеці нашы, і ўнукі і гэтак далей", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Таму падыходзіць трэба з гэтай ідэяй да назначэння кадраў, фарміравання складу міністэрства і далейшых дзеянняў. Гэта ў вас станоўчая якасць, што вы - чалавек у гэтым плане свабодны ад усялякіх асоб і націску", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Пра медабслугоўванне ў вёсцы і малых гарадах

Гаворачы пра будучую працу Аляксандра Хаджаева на міністэрскай пасадзе, Прэзідэнт адзначыў, што давядзецца няпроста, але за апошні час нямала і зроблена як самім міністэрствам, так і пры ўдзеле камісіі, якая была створана па даручэнні кіраўніка дзяржавы.

"Яны значна прайшліся па пярвічным узроўні аховы здароўя. Вы добра разумееце, што вёску і малыя гарады мы страціць не можам. Гэта аснова нашай дзяржавы. Ды і там жывуць людзі, якія маюць патрэбу ў першую чаргу ў дапамозе. Я не гавару, што мы ў гарадах не будзем працаваць. Але ў горадзе мы больш-менш парадак навялі, і ў нас тут дапамога аказваецца на больш высокім узроўні, чым у сельскай мясцовасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым плане, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ужо абазначана, што трэба рабіць, і адносны наведзены парадак. "Думаю, што ў бягучым годзе мы праблему гэту вырашым - з ФАПамі, раённымі бальніцамі, участковымі, дзе яны ёсць, бальніцамі сястрынскага догляду. Але далей трэба дзейнічаць больш рашуча", - падкрэсліў ён.

Пра недапушчэнне безгаспадарчасці і перспектывы

Аляксандр Лукашэнка ставіць перад сістэмай аховы здароўя задачу лічыць грошы і не дапускаць фактаў безгаспадарчасці.

"Трэба лічыць грошы, глядзець на тое, што адбываецца. Каб не было так, як у нас было раней у часы пандэміі і пасля: вакцынацыю праводзілі – не праводзілі, недзе ў сметнік гэтыя вакцыны выкінулі, а недзе знішчылі на месцы. Але гэта вялікія грошы. Такія факты былі. Безгаспадарчасці быць не павінна. Трэба наводзіць дысцыпліну і працаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў краіне вырашаны шэраг пытанняў, якія датычыліся забеспячэння медыкаў – як у плане фінансавага аспекту, так і неабходнага абсталявання. "Прынамсі тое, што я абяцаў пасля пандэміі работнікам аховы здароўя, мы зрабілі. Пачынаючы ад зарплат і аснашчэння нашых урачоў", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Аляксандр Хаджаеў не старонні чалавек і ў курсе, што адбываецца ў ахове здароўя ў цэлым і профільным міністэрстве ў тым ліку. І на высокай пасадзе новаму міністру трэба будзе далей развіваць айчынную ахову здароўя, глядзець у тым ліку на экспарт паслуг.

"Мы пайшлі шырока і вельмі запатрабаваны ў краінах, якія сталі на шлях развіцця, асабліва ў афрыканскіх. Яны вельмі просяць нас дапамагчы нават не проста ўдасканаліць, а стварыць сістэму аховы здароўя, дапамагчы з падрыхтоўкай урачоў. Давядзецца працаваць і там, як бы ні было складана і цяжка", - паставіў яшчэ адну задачу кіраўнік дзяржавы.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі