Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 снежня 2019, 11:22

"Каб пазбегнуць домыслаў" - Лукашэнка растлумачыў прычыны змены кіраўніцтва Мінскай вобласці

4 снежня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з актывам Мінскай вобласці растлумачыў прычыны нядаўняй кадравай ратацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Што датычыцца пераводу Анатоля Міхайлавіча Ісачанкі на іншую работу і назначэння на чале рэгіёна Аляксандра Генрыхавіча Турчына, яшчэ раз, каб пазбегнуць усялякіх домыслаў, растлумачу прычыны такой ратацыі, - сказаў ён. - Да работы Анатоля Міхайлавіча ў мяне практычна няма вялікіх прэтэнзій. Ён праявіў сябе ўмелым, патрабавальным кіраўніком за той перыяд, які адпрацаваў. Вобласць горшай не стала. Але што радуе, намецілася тэндэнцыя да нармалізацыі сітуацыі ў самой вобласці. Аднак вырашэнне новых задач, якія стаяць перад рэгіёнам, патрабуе вялікай самааддачы, інтэнсіўнасці і энергіі. Ёсць аб'ектыўная прычына, па якой мы не можам сёння грузіць Анатоля Міхайлавіча".

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што палічыў неабходным асабіста прысутнічаць пры прадстаўленні новага губернатара ў тым ліку і для таго, каб падзякаваць былому кіраўніку рэгіёна за работу. "Анатоль Міхайлавіч, я вельмі ўдзячны вам за тое, што вы згадзіліся ў свой час узначаліць гэту махіну, і тую ўвагу, якую вы ўдзялялі людзям. Гэта кіраўнік чалавечны і ў той жа час патрабавальны. У яго можна многаму навучыцца і цяперашняму маладому губернатару", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Калі вы думаеце, што мы вас спісваем або адпраўляем некуды на адпачынак, вы памыляецеся, - прадоўжыў ён. - Проста работа будзе больш размераная". Плануецца, што Анатоль Ісачанка будзе выконваць абавязкі ўпаўнаважанага Прэзідэнта па Мінскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта выключны выпадак, калі былы губернатар назначаецца на гэту пасаду ў тым жа рэгіёне. "Калі Дворнік (Уладзімір Дворнік, які раней працаваў старшынёй Гомельскага аблвыканкама. - Заўвага БЕЛТА), усе сказалі: давайце яго ўпаўнаважаным. Я сказаў "не", ён не павінен перашкаджаць працаваць новаму губернатару. А тут я зрабіў спакойна, таму што ведаю, што вы нікому перашкаджаць не будзеце, і прычына адыходу з пасады зусім іншая, - растлумачыў ён. - Я хачу, каб тыя пытанні, якія мы намецілі, былі перададзены новаму губернатару ў спакойнай дзелавой абстаноўцы, і як упаўнаважаны Прэзідэнта вы пракантралявалі выкананне і маіх даручэнняў".

Прэзідэнт прызнаўся, што падбор кіраўніка Мінскай вобласці - "гэта цяжкі выпадак". "Вобласць вялікая, вызначальная сярод рэгіёнаў нашай краіны", - сказаў ён. Выбар прыпаў на кандыдатуру Аляксандра Турчына ў тым ліку і таму, што ён раней працаваў у аблвыканкаме, добра ведае людзей і праблемы рэгіёна. "Назначаючы яго сюды, я яму сказаў пра работу з кадрамі, гэта мой прынцып: кожны чалавек павінен мець шанц. Калі нават ён учора недзе дапусціў памылку, проста кажучы, усё роўна чалавек павінен мець шанц. Калі ён гэтым шанцам не скарыстаўся, што ж, тады трэба яго пасылаць на меншую работу, на пенсію, яшчэ куды-небудзь. Але хачу, каб вы разумелі: паслабленняў ніякіх не будзе. Не таму, што я патрабую або прыйшоў новы чалавек. Проста сітуацыя так вакол краіны складваецца", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў новага губернатара як чалавека, падрыхтаванага да самастойнай кіруючай пасады. "Памылак дапускаць непажадана, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Важна, што новы губернатар - "чалавек ад зямлі", ведае і гаспадарчую, і вытворчую сферы. У яго ёсць вопыт работы на рэгіянальным, у Мінскай вобласці, і на высокім урадавым узроўні, дзе, трэба аддаць належнае, ён сябе зарэкамендаваў. На ўсіх даручаных участках праяўляў сябе ініцыятыўным і, галоўнае, дысцыплінаваным і адказным, чаго часам не хапае асобным кіраўнікам. На новай пасадзе яму не трэба будзе траціць час, каб увайсці ў курс справы. Усе праблемы Міншчыны вядомыя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сярод кіраўнікоў, якія ў гады незалежнасці працавалі на пасадзе старшыні Мінаблвыканкама, былі вельмі моцныя кіраўнікі. "На гэту пасаду заўсёды назначаліся адны з лепшых. Іх ратацыя была і застаецца галоўным напрамкам дзяржаўнай кадравай палітыкі, - сказаў ён. - Мы і ў далейшым будзем прытрымлівацца такіх падыходаў, таму што кожны новы кіраўнік прыносіць у рэгіён новыя ідэі, удасканальвае з пункту гледжання свайго вопыту стыль кіравання вобласцю".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі