Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 лютага 2020, 10:30

"Каб не прадаваць драўніну за бясцэнак" - Лукашэнка расказаў пра задуму будаўніцтва завода ў Светлагорску

14 лютага, Светлагорск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведвае сёння Светлагорскі ЦКК, на базе якога пабудаваны завод па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адразу пасля прылёту кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся схемай, па якой на прадпрыемства пастаўляецца драўняная сыравіна, наколькі яе дастаткова. Прэзідэнту далажылі, што патрэбнасці растуць і ёсць неабходнасць у дадатковым чыгуначным транспарце. Аляксандр Лукашэнка даў наконт гэтага неабходныя даручэнні. "Трэба зрабіць так, каб праблема дастаўкі балансавай драўніны была вырашана ў бягучым годзе", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы асабліва звярнуў увагу, што дадатковыя пастаўкі драўніны на перапрацоўку на Светлагорскім ЦКК дадуць магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць лясныя рэсурсы краіны, уключаючы нізкасортную драўніну.

Як далажылі Прэзідэнту, тэхналогія на прадпрыемстве дазваляе з нізкасортнай драўніны атрымліваць запатрабаваны прадукт з высокай дабаўленай вартасцю. Акрамя таго, гэта энерганезалежная вытворчасць.

"Гэта наша багацце (лясныя рэсурсы. - Заўвага БЕЛТА). Трэба перапрацаваць у паперу, цэлюлозу, каб не вазіць за мяжу за бясцэнак. Вось у чым была задума будаўніцтва гэтага прадпрыемства", - падкрэсліў беларускі лідар.

Сульфатная беленая цэлюлоза высока запатрабавана на міжнародных рынках і важна для ўнутранага імпартазамяшчэння. Яна прымяняецца ў вытворчасці шпалер, упаковачных, пісчых і паліграфічных папер, кардону, вырабаў санітарна-гігіенічнага прызначэння. На постсавецкай прасторы такіх сучасных вытворчасцей няма. Сёння Светлагорскі ЦКК - адзіны новы цэлюлозны завод у краінах СНД.

Старшыня канцэрна "Беллеспаперапрам" Юрый Назараў далажыў аб новых перспектыўных праектах у дрэваперапрацоўцы. Аляксандр Лукашэнка асабліва акцэнтаваў увагу на неабходнасці стварэння і развіцця вытворчасцей, арыентаваных на максімальную глыбіню перапрацоўкі і выпуск высокаліквіднага тавару. Таксама ў прыярытэце выкарыстанне айчыннай сыравіны і вытворчасць экалагічнай упакоўкі, каб знізіць аб'ёмы выкарыстання пластыку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі