
7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў размове з журналістамі ў Санкт-Пецярбургу расказаў, як ён з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным плануе забяспечыць кіраўніцтва Польшчы і еўрапейцаў збожжам, каб тыя не кралі ва Украіне, паведамляе БЕЛТА.
Журналісты пацікавіліся, што беларускі лідар прывёз у падарунак свайму расійскаму калегу, які якраз 7 кастрычніка адзначае юбілей. Аказалася, што гэта трактар BELARUS ручной зборкі. На такой мадэлі працуе і сам Прэзідэнт Беларусі.
Расказаў Аляксандр Лукашэнка і аб тым, з якім навясным абсталяваннем будзе падарунак. "Насадак іх, ведаеш, мільён. Таму гэта па жаданні. Але я яму прапаную адну насадку - навясное абсталяванне - сеялку. Будзем сеяць хлеб. Можа, яшчэ што-небудзь. Яна ўніверсальная. Вырасцім - і Дуду, і Маравецкаму (кіраўніцтва Польшчы. - Заўвага БЕЛТА), Еўропе там, каб не галадалі. Каб не кралі ва Украіне хлеб, а везлі бедным краінам", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як паведамлялася БЕЛТА, раней у верасні перад візітам ва Узбекістан на саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка правёў раніцу ў клопаце пра еўрапейскіх суседзяў. Адпаведнае відэа было распаўсюджана Telegram-каналам "Пул Першага". Разам з Сяргеем Цяцерыным ён сек дровы і між імі завязаўся дыялог.
- Добрыя! - ацаніў драўніну Цяцерын.
- Добрыя, - згадзіўся Аляксандр Лукашэнка. - Не дадзім, Сямёныч, Еўропе замерзнуць, дапаможам нашым братам. Можа, і яны нам дапамогуць.
- Вы думаеце аб усіх. Аб Еўропе і аб усёй планеце, - дадае бізнесмен.
- Ну а як? Мы ж цэнтр Еўропы. Хвалімся гэтым, - адказвае Прэзідэнт.
- Елка такая цягучая, - адзначыў Цяцерын, спрабуючы рассекчы палена.
- Цягучая. Але, слухай, Еўропе не выбіраць цяпер: елка, бярозка. Галоўнае, каб цёпла было. Трэба падумаць, Сямёныч, як там, каб сяляне, рабочыя атрымалі, а не багацеі. І галоўнае, каб у Польшчы Дуда і Маравецкі не замерзлі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
- Гэта ж нашы суседзі, - падтрымаў яго бізнесмен.
- Можа, адумаюцца, - рэзюмаваў Прэзідэнт.-0-