Сцяг Чацвер, 21 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 красавіка 2022, 12:20

"Каб не было спасылак на санкцыі". Лукашэнка падкрэслівае важнасць поўнага забеспячэння лякарствамі

29 красавіка, Чачэрск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пры наведванні Чачэрскай цэнтральнай раённай бальніцы паставіў задачу поўнасцю забяспечыць патрэбнасці медыцыны ў лякарствах і тэхніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб сістэме аказання медыцынскай дапамогі ў рэгіёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, у прыватнасці ў Чачэрскім раёне.

Як адзначыў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, стан здароўя жыхароў пацярпелых рэгіёнаў не адрозніваецца ад паказчыкаў у сярэднім па краіне. Аднак медыцынскія ўстановы такіх раёнаў абсталёўваюцца некаторай спецыяльнай тэхнікай, тут рэгулярна праводзяцца скрынінгі стану здароўя людзей, што садзейнічае ранняму выяўленню і прафілактыцы. Больш таго, як заўважыў міністр, у Чачэрскім раёне жыхары вельмі адказна ставяцца да штогадовых аглядаў, самі прыходзяць да ўрачоў.

Асаблівая ўвага была ўдзелена паказчыкам нараджальнасці. Апошнія гады ў раёне яна трымаецца на стабільна высокім узроўні. У 2021 годзе на свет з'явілася 171 дзіця, што вышэй за сярэднія паказчыкі па абласцях.

Прэзідэнт пацікавіўся забяспечанасцю лякарствамі і медыцынскай тэхнікай і дакладна паставіў задачу, каб яны былі ў наяўнасці ў патрэбным аб'ёме: "Каб не было нейкіх спасылак на санкцыі і яшчэ нешта". Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што задача выконваецца.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай кабінета рэнтгендаследаванняў, міжраённага кабінета камп'ютарнай тамаграфіі, міжраённага аддзялення гемадыялізу, аперацыйнай малаінвазіўнай хірургіі, педыятрычнага аддзялення. Прэзідэнт пагутарыў з работнікамі бальніцы і пацыентамі. Дзеці, якія знаходзяцца на лячэнні ў стацыянары, атрымалі салодкія падарункі ад кіраўніка дзяржавы.

У Чачэрскай ЦРБ працуюць 99 ложкаў, паліклініка на 300 наведванняў у змену, тут размяшчаецца Нісімкавіцкая бальніца сястрынскага догляду на 38 ложкаў. У склад ЦРБ таксама ўваходзяць пяць амбулаторый урача агульнай практыкі і сем ФАПаў. Усяго ЦРБ абслугоўвае 60 тыс. чалавек.

Штат супрацоўнікаў бальніцы налічвае амаль 430 адзінак. У пачатку гэтага года ў Чачэрскай ЦРБ быў адкрыты кабінет камп'ютарнай тамаграфіі. Кваліфікацыя ўрачоў і наяўнасць спецыяльнага абсталявання дазваляюць праводзіць у бальніцы лапараскапічныя аперацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі