Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 чэрвеня 2020, 11:07

"Яны без работы не застануцца, яны не ворагі" - Лукашэнка пра тых, хто не трапіць у новы склад урада

4 чэрвеня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Тыя, хто не будзе ўключаны ў склад новага ўрада, без работы не застануцца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па новым складзе ўрада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што загадзя папярэджваў аб змене складу ўрада, і ў гэтым няма нічога надзвычайнага. "Яшчэ раз хачу падкрэсліць: нават тыя, хто не трапіць сёння ў новы ўрад, без работы не застануцца, яны не ворагі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ратацыя кадраў і абнаўленне складу ўрада былі праведзены амаль год таму. "Гэта натуральны працэс. Так, праз некаторы час пройдуць выбары, і гэты працэс трэба будзе завяршыць, амаль канчаткова вызначыцца са складам урада. Чаму амаль? Таму што, зразумела, пасля выбараў - гэта экзамен. Мы паглядзім, хто як здае экзамен, - растлумачыў кіраўнік дзяржавы. - Гэты ж партфель нікому не даецца навечна, у тым ліку мне. Мяне выбірае народ, вас назначае Прэзідэнт. Усё па Канстытуцыі".

Прэзідэнт адзначыў, што вакол тэмы змены ўрада разгарнулася шырокая дыскусія. "Нехта заяўляе, што прыйдзе да ўлады і 80 працэнтаў цяперашняга лукашэнкаўскага ўрада пакіне. Я сумняваюся. Гэта што за палітыкі? Калі 80 працэнтаў пакінуць старога (складу. - Заўвага БЕЛТА) урада, навошта тады нешта мяняць? Якія тут навацыі і рэформы пойдуць?" - задаў слушнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на неабходнасці хутка і актыўна ўключацца ў работу. "Я вас прашу: набывайце рабочы стан, асабліва тыя, хто сёння будзе на новых пасадах працаваць. А пераважнай большасці, напэўна, і не трэба яго набываць, я думаю, вы ў тонусе ўсе", - сказаў ён.

"Я не збіраюся займацца навальваннем, наскокам, каб некаму галаву зламаць. Ды і час сёння не той, каб ламаць. Нават не час будаваць. Сёння трэба выратаваць тое, што пабудавана, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Шчыра кажу і народу, і вам: з верталёта грошы раскідваць не будзем".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у цяперашняй няпростай сітуацыі нават такія дзяржавы, як ЗША і Расія, не раскідваюцца фінансавымі сродкамі. "Выратаваць краіну і выйсці з гэтага становішча мы можам толькі дзякуючы сваёй дысцыпліне, сціснуўшы зубы, дзякуючы стрыманасці і накіраванню ўсяго народа на вырашэнне праблем", - рэзюмаваў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі