Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 лютага 2023, 11:15

Якой будзе абноўленая Канцэпцыя нацбяспекі. Падрабязнасці пасяджэння Савета бяспекі на чале з Лукашэнкам

20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі быў вынесены на пасяджэнне Савета бяспекі на чале з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што прыняты ў 2010 годзе дакумент не страціў сваёй актуальнасці. Больш таго, выбудаваная ў адпаведнасці з яго палажэннямі сістэма нацыянальнай бяспекі прадэманстравала сваю эфектыўнасць у тым ліку ў самы востры перыяд знешняга націску на Беларусь.

"Апрабаваны на многіх краінах механізм так званага палітычнага тэрарызму ў свой час тут не спрацаваў. І сёння мы цалкам адэкватна рэагуем на чарговыя кінутыя нам выклікі - правакацыі, санкцыі, палітычныя ўльтыматумы і іншае. Але ўсе выпрабаванні - гэта перш за ўсё вопыт. А вопыт - гэта бясцэнны матэрыял для распрацоўкі стратэгіі далейшага развіцця. Адаптацыя Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі пад рэаліі сённяшняга дня - цалкам лагічны і вельмі своечасовы крок", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў сучасны міжнародны парадак дня вярнуліся элементы "халоднай вайны" - гонка ўзбраенняў і ядзерны шантаж з боку лідараў асобных заходніх дзяржаў.

"Відавочны рост пагроз агрэсіўнага нацыяналізму і экстрэмізму ў розных формах іх праяўлення. Узнімае галаву ідэалогія неафашызму. Не зніжаюцца рызыкі распаўсюджвання наркотыкаў, гандлю людзьмі, нелегальнай міграцыі, якія таксама выкарыстоўваюцца для дасягнення палітычных мэт. Тэндэнцыя да глабальнай культурнай уніфікацыі, у тым ліку пад нетрадыцыйныя з'явы, ставіць пад пагрозу аснову асноў нацыянальнай дзяржавы - нашы маральныя прынцыпы, спрадвечныя каштоўнасці, гістарычную памяць", - сказаў Прэзідэнт.

Гэта адбываецца на фоне збяднення экасістэмы, няхваткі рэсурсаў, глабальнага змянення клімату, росту нагрузкі на навакольнае асяроддзе, дэмаграфічнага крызісу, небяспекі новай хвалі розных пандэмій.

"Усе гэтыя пагрозы ўзніклі не ўчора. Геапалітычны інтарэс да Беларусі з боку заходняга гегемона - гісторыя не аднаго стагоддзя. Але тэхналогіі і метады вядзення гібрыдных войнаў пастаянна ўдасканальваюцца. А мы павінны глядзець яшчэ далей і працаваць на апярэджанне", - заявіў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што даручэнне мадэрнізаваць Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі было дадзена ім на VI Усебеларускім народным сходзе.

"Як дакладвае Дзяржсакратарыят, праект гэтага дакумента гатовы. Нам трэба будзе ацаніць, наколькі ён адпавядае абстаноўцы, якая складваецца ў свеце і вакол нашай краіны. Ці сувымерная прапанаваная сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі з новымі рызыкамі, выклікамі і пагрозамі?" - абазначыў тэму для абмеркавання кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка паставіў перад удзельнікамі пасяджэння некалькі галоўных пытанняў.

Па-першае, ён пацікавіўся, якія новыя пагрозы нацыянальнай бяспецы і іх крыніцы абазначаны ў праекце канцэпцыі, а таксама якія новыя палажэнні ўключаны: "Галоўнае: ці забяспечана пераемнасць асноўных прынцыпаў палітыкі дзяржавы ў сферы нацыянальнай бяспекі?"

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваім фундаментальным патрабаванні да любых пераўтварэнняў - не ламаць, а ўдасканальваць.

Па-другое, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў лютым мінулага года прайшоў рэферэндум, на якім была прынята абноўленая Канстытуцыя. У Асноўны закон уключаны пералік найважнейшых для беларускага грамадства палажэнняў. "Якім чынам яны адлюстраваны ў канцэпцыі і якое развіццё пры гэтым атрымалі?" - запатрабаваў далажыць кіраўнік дзяржавы.

Па-трэцяе, за мінулы перыяд у Беларусі як незалежнай, суверэннай дзяржавы ўзніклі новыя нацыянальныя інтарэсы. "Яны таксама патрабуюць канцэптуальнага замацавання ў сістэме забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Наколькі поўна і аб'ектыўна гэтыя інтарэсы адлюстраваны ў канцэпцыі? Ці прадугледжаны дадатковыя меры па іх абароне?" - спытаў Прэзідэнт.

Па-чацвёртае, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў адрозненне ад шэрага краін, у тым ліку постсавецкай прасторы, дзе такія дакументы маюць закрыты характар, у Беларусі дамовіліся, што нічога ўтойваць не будуць. "Гэта маё прынцыповае патрабаванне вы таксама ведаеце. Мы адкрыта павінны заявіць аб прыярытэтах, паказаць сусветнай супольнасці транспарэнтнасць нашай палітыкі, надзейнасць Беларусі як адказнага партнёра. Але нашы партнёры пры гэтым павінны ведаць, што беларуская міралюбнасць не сінонім ахвярнасці. У выпадку любой агрэсіі, як я ўжо не раз гаварыў, адказ будзе хуткім, жорсткім і адэкватным. Ці адлюстроўваюць новыя палажэнні канцэпцыі гэту светапоглядную пазіцыю беларусаў, якія даўно вычарпалі ліміт войнаў і рэвалюцый?" - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на тым, што гэты дакумент павінен быць адкрытым і зразумелым: "Неабходна дакладна абазначыць, якія выклікі для Беларусі мы бачым і як плануем ажыццявіць сваю бяспеку. Ці ўдалося вырашыць гэту задачу? Як праходзіць работа па грамадскім абмеркаванні канцэпцыі? Далучалася навуковая, экспертная супольнасць да яе распрацоўкі ці гэта кабінетны дакумент, чаго быць не павінна?"

Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што цяпер зацвярджэнне Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі як аднаго з найважнейшых дакументаў у жыцці краіны з'яўляецца адным з асноўных паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу. "Таму распрацаваны дакумент павінен быць гатовы да першага склікання яго дэлегатаў ужо ў новым канстытуцыйным статусе. Гэта значыць, на першым пасяджэнні УНС мы ўнясём для абмеркавання і зацвярджэння гэты дакумент. І калі дэлегаты Усебеларускага народнага сходу падтрымаюць яго, ён уступіць у сілу", - сказаў беларускі лідар.-Э-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі