Сцяг Аўторак, 18 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 мая 2024, 14:11

Як беларускім СМІ стаць яшчэ больш паспяховымі. Лукашэнка абазначыў сем прыярытэтаў у рабоце масмедыя

28 мая, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час выступлення ў Магілёве на Форуме медыйнай супольнасці Беларусі абазначыў сем прыярытэтаў у рабоце масмедыя, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 

Гаворачы аб развіцці сродкаў масавай інфармацыі на сучасным этапе, кіраўнік дзяржавы абазначыў напрамкі, дзе яшчэ трэба ўдасканальвацца.

Першае, на чым, паводле слоў Прэзідэнта, неабходна сканцэнтравацца, - гэта фарміраванне нацыянальнага інфармацыйнага стылю вяшчання з павелічэннем долі вытворчасці ўласнага якаснага, канкурэнтаздольнага прадукту. "Я не заклікаю адмовіцца ад замежнага кантэнту, але ўсё, што мы купляем, павінна адпавядаць нашаму ладу жыцця, традыцыям, культуры, менталітэту. Як мінімум мы не павінны запаўняць свой эфір крывавымі, амаральнымі і пошлымі сюжэтамі. Гаварыў пра гэта ўжо. Патрэбны ідэалагічны фільтр", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Неабходнасць пашырэння пула экспертаў - наступны аспект, на які звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. "У нас з'явіліся яркія спікеры, аналітыкі, але нельга іх затыражаваць (адзін з недахопаў, перш за ўсё цэнтральных сродкаў масавай інфармацыі). Інакш страцім інтарэс гледача, які падсаджаны на пастаянную змену карцінак і эмоцый, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Вы гэта ведаеце. Патрэбны новыя асобы. Прычым шукаць такіх экспертаў неабходна і ў рэгіёнах, і ў галінах".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяпер пры задзейнічанні экспертаў журналісты зацыкліліся на Мінску, на геапалітыцы. "А дзе лідары меркаванняў сярод урачоў, педагогаў, вучоных, прадпрымальнікаў - прафесіяналаў у сваёй сферы? - спытаў Прэзідэнт. - Яны ж ёсць. Іх сотні, калі не тысячы. Іх ведаюць людзі, і іх меркаванню давяраюць у калектывах. Няхай іх галасы мацней загучаць".
Трэба ўзмацняць прапаганду і контрпрапаганду, ідэалагічную работу. Гэта трэці аспект, на які звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. "Хачу, каб маладыя журналісты гэта засвоілі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Не трэба саромецца гэтых слоў і паняццяў. Ці на Захадзе іх няма? Ёсць. Проста назвалі іншым словам - піяр, гэта значыць работа з грамадскім меркаваннем. Сутнасць адна. Вось няхай і працуюць з грамадскім меркаваннем на сваёй тэрыторыі".

"Нас не трэба карміць рознай балбатнёй пра нібыта незалежныя СМІ, дэмакратычныя каштоўнасці. Мы ж бачым, як яны кідаюць у турмы сваіх журналістаў, закрываючы медыя і праследуючы кожнага, хто асмеліўся не пагадзіцца з палітыкай і дзеяннямі ўлад", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Прыкладаў такіх дзеянняў мноства ў розных краінах свету - ад ЗША і Еўрасаюза да Малдовы, Прыбалтыкі, Украіны і Грузіі.

Некаторыя, магчыма, паспрабуюць правесці нейкія паралелі з сітуацыяй у Беларусі ў 2020 годзе, аднак гэта, паводле слоў Прэзідэнта, абсалютна некарэктнае параўнанне. У Беларусі прэтэнзіі да асобных журналістаў былі не з-за іх меркавання або пазіцыі, а таму, што яны павялі сябе як здраднікі - пачалі ламаць і крышыць краіну. "Вось мы змагаліся супраць гэтага. У тым ліку і спаганялі з журналістаў - за парушэнне законаў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Чацвёртае, на чым зрабіў акцэнт Прэзідэнт, - захаванне балансу ваяўнічых і стваральных матэрыялаў у СМІ, якія павінны быць аднолькава яркімі.

"Вядома, з пункту гледжання прафесійнай рэалізацыі на інфармацыйным фронце больш цікава "ваяваць". Сюжэты атрымліваюцца больш прыцягальнымі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але трэба і мірны парадак дня рабіць яркім, запамінальным".

Цяпер, як адзначыў Прэзідэнт, ёсць асаблівае запатрабаванне ад людзей менавіта на мірны, стваральны парадак дня. "Калі вы прафесіянальна паказваеце звычайнага, простага камбайнера з бруднымі рукамі, які сышоў з гэтага карабля (я маю на ўвазе збожжаўборачны камбайн нашай вытворчасці), і ён пачынае з вамі размаўляць, складна або няскладна, - гэта прыемна глядзець. Вы знайшлі чалавека, які кожны дзень здзяйсняе подзвігі і нас корміць. Рабіце гэтыя рэпартажы часцей, - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка. - Паказваеце вайнушку - паказвайце і мірную працу. Таму што ваяваць мы не хочам, і вельмі спадзяюся, што не будзем".

Трэба часцей выходзіць са стваральнымі гісторыямі, сюжэтамі на папулярныя лічбавыя платформы, перакладаючы і агучваючы фактуру на іншыя мовы, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

"Ніколі не патрабаваў фільтраваць інфармацыю, ствараючы ў СМІ "паралельныя светы" ўсеагульнага дабрабыту і замоўчваючы вострыя тэмы. Мой падыход вы ведаеце: людзі павінны бачыць і ведаць праўду. А некаму карысна і рабіць вывады", - падкрэсліў Прэзідэнт, закранаючы пяты аспект - неабходнасць асвятляць праблемныя, крытычныя пытанні. 

"Некаторыя кіраўнікі на месцах вельмі балюча рэагуюць на вынас смецця з хаты. Гэта дрэнная тэндэнцыя, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Не трэба хаваць праблемы, рэтушаваць. Яны ёсць у кожнай краіне. Але асвятляць іх трэба аб'ектыўна, без крытыканства і не згушчаючы фарбы". 

Важна, на яго думку, каб і ў эфіры, і ў друку былі прадстаўлены розныя пункты гледжання, у тым ліку крытычнага характару. "Без крытыканства. Нам крытыканства не трэба (нам яго падкідваюць, гэты бруд, з усіх бакоў - з усходу і захаду, поўначы і поўдня). А так, па-дзелавому, каб быў эфект", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў пра існуючы абавязак адрасата, якому накіравана заўвага або крытыка, адказваць. 

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу журналістаў на тым, што крытычныя заўвагі слушныя і важныя, нельга іх пазбягаць, замоўчваць існуючыя недахопы: "Гэта дзяржаве не патрэбна. І мне ў тым ліку. Яшчэ раз падкрэсліваю: не трэба нічога крышыць-ламаць. Пяро і слова, якім вы валодаеце сёння, - рэч вельмі небяспечная ва ўсе часы была. Таму трэба ўмець гэтым карыстацца. Карыстайцеся. Дзе трэба - крытыкуйце, але дзе трэба - і пахваліце". Неабходна вытрымліваць баланс пазітыўных і праблемных матэрыялаў у СМІ, а не рабіць нахіл на тое, што ўсё добра, перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Асобна кіраўнік дзяржавы выказаўся наконт аўтарскай журналістыкі. Улічваючы шчыры характар размовы з медыясупольнасцю, Прэзідэнт гаварыў не толькі пра поспехі, але і крытычна выказаўся ў адрас тых, хто імкнецца займацца аўтарскай журналістыкай.

Гэты жанр, паводле яго слоў, патрабуе каласальных працазатрат, і, як правіла, аўтарскія праекты не робяцца адным чалавекам, над імі працуе калектыў прафесіяналаў. У той жа час на айчыннай інфармацыйнай прасторы якасць аўтарскай журналістыкі павінна расці, упэўнены Прэзідэнт. Менавіта на гэта арыентаваў кіраўнік дзяржавы кіраўнікоў СМІ, якія павінны ўстанавіць для аўтараў пэўную планку, ніжэй за якую нельга апускацца, а таксама ўзмацніць прафесійную падрыхтоўку.

Шосты прыярытэт датычыцца работы друкаваных СМІ - газет і часопісаў. У Адміністрацыі Прэзідэнта прытрымліваюцца думкі, што на сучасным этапе развіцця грамадства газеты і часопісы павінны стаць элітарнымі медыя ў добрым сэнсе, без іроніі. Кіраўнік дзяржавы выказаўся наконт гэтага з доляй сумнення: "Магчыма. Дай бог, каб так здарылася". 

Як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, цяпер усё часцей гаворыцца, што папяровыя выданні, як і тэатр, - гэта высокае мастацтва. "Пахвальны статус, але яго неабходна апраўдваць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Не трэба спрабаваць канкурыраваць у аператыўнасці з інтэрнэт-рэсурсамі. Гэта марна. Ніша друкаваных медыя - разумная аналітыка і вострая публіцыстыка. У кожным выданні павінны быць свае героі". 

Гаворачы пра работу ў інтэрнэце, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што для журналістаў гэта выклік. "Інфармацыйнае поле развіваецца без межаў, прычым ва ўсіх сэнсах, - заўважыў Прэзідэнт. - Асабліва непакоіць адсутнасць межаў маральных і этычных. Як бы ні было складана, але на гэты выклік трэба адказваць".

"Нашы журналісты і эксперты павінны быць больш актыўнымі ў лічбавай сферы. Важна вучыцца процістаяць штучнаму інтэлекту ў пытаннях распазнавання створаных ім фэйкаў, - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта складана. Але неабходна. Мы пакуль глыбока не думалі ў гэтым напрамку, але, бачым, час настаў".
Як падкрэсліў Прэзідэнт, інтэрнэт мае асаблівае значэнне і можа разглядацца як з пазітыўнага, так і з негатыўнага бакоў. Для Беларусі і яе сродкаў масавай інфармацыі гэта магчымасць данесці сваю сумленную, аб'ектыўную пазіцыю аб тым, што адбываецца ў краіне. "Па-першае, ад інтэрнэту нікуды не дзецца. Па-другое, бруду і пошласці там дастаткова. Нам шмат-шмат змагацца і змагацца з некаторымі рэчамі ў інтэрнэце, накшталт (інструкцый. - Заўвага БЕЛТА) як сабраць бомбу і яе ўзарваць. А разам з тым, што гэта сметнік, як яго некаторыя называюць, гэта і найвялікшае дасягненне. І нам трэба навучыцца карыстацца інтэрнэтам (выкарыстоўваць яго на карысць развіцця краіны. - Заўвага БЕЛТА), - сказаў беларускі лідар. - І мы пачалі гэта рабіць, нашы журналісты". Айчынныя СМІ шырока прадстаўлены ў інтэрнэце, і гэта дае магчымасць аўдыторыі ў іншых краінах даведацца праўду пра Беларусь. "Людзі параўноўваюць. І праўда заўсёды перамагае", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Падводзячы вынікі сказанага, кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ўдзельнікі медыяфоруму прапануюць новыя ідэі, якія ў тым ліку стануць вырашэннем абазначаных праблемных пытанняў.

Ініцыятыва правядзення такога маштабнага мерапрыемства, дзе ўпершыню сабраны разам увесь інфармацыйны пул - журналістаў, экспертаў, спецыялістаў у галіне камунікацый, служачых у дзяржструктурах, - як ніколі своечасовая, падкрэсліў Прэзідэнт.
Сімвалічным ён назваў правядзенне форуму ў дні пераможнага мая. Нядаўна ў краіне адсвяткавалі Дзень Перамогі, а наперадзе найважнейшая дата ў беларускай гісторыі - 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

"Гераічная гісторыя савецкага народа - гэта найвялікшы здабытак. Яна - наш галоўны настаўнік", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, як у гады Вялікай Айчыннай вайны, гады акупацыі Беларусі ішла жорсткая бітва за будучыню - не толькі на фронце, але і на старонках друкаваных выданняў, на хвалях радыёвяшчання. У прэсе на акупаваных тэрыторыях друкавалі вершы і прозу калабарацыяністы, якія прысягнулі Гітлеру. На яе старонках расказвалася пра "цудоўную будучыню" беларусаў пад уладай "вялікай Германіі" з арыентацыяй на "новую Эўропу", распаўсюджваліся міфы пра зверствы партызан, бальшавікоў і іншых, абяцаліся нейкія "свабоды".

"Цану гэтых "свабод" і "новай еўрапейскай будучыні" ведаем - кожны трэці жыхар Беларусі. А, можа, ужо і кожны другі, улічваючы расследаванне Генеральнай пракуратуры па генацыдзе", - слушна заўважыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у рыторыцы ангажыраваных Захадам сучасных крыніц інфармацыі - сацсетак, тэлеграм-каналаў, разнастайных чатаў - з тых часоў нічога не змянілася. "Наратывы тыя ж. Толькі мішэні новыя. Тады дыскрэдытавалі вобраз Савецкага Саюза. Сёння выціраюць ногі аб Расію, Беларусь і іншыя дзяржавы, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Тут і там б'юць па Прэзідэнце, яго блізкіх, сілавіках, дзяржаўных служачых і публічных асобах, людзях, якія занялі актыўную дзяржаўную пазіцыю".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў дні святкавання Вялікай Перамогі і Дня Незалежнасці неяк несправядліва мала ўспамінаюць ваенных карэспандэнтаў. "Яны таксама знішчалі ворага. Знішчалі словам, якое давала сілы байцам Чырвонай арміі і паднімала іх у бой за Радзіму, за тое, што мы сёння маем. Яны перамаглі", - сказаў беларускі лідар.
"У нас з вамі за плячамі таксама нямала перамог на інфармацыйным фронце. Мы ведаем, за што змагаемся. За суверэнітэт Беларусі, нашу нацыянальную годнасць, будучыню нашых дзяцей", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

"Я не хачу ніякай вайны. Упэўнены, што пераважная большасць (людзей. - Заўвага БЕЛТА) у Беларусі не хоча вайны", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што пастаянна на простых прыкладах тлумачыць, наколькі страшная любая вайна. "Зламаць жыццё і гнісці ў акопах - гэта не патрэбна ні аднаму з беларусаў, - канстатаваў Прэзідэнт. - Таму я вайны не хачу і раблю ўсё, каб яе не было". 

Так, цяпер у краіне шмат гаворыцца пра цяперашні небяспечны момант, пра розныя трывожныя сігналы, пра высокую верагоднасць гарачага процістаяння, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Гэта, паводле яго слоў, тлумачыцца ў тым ліку гістарычным вопытам Вялікай Айчыннай вайны, пачатак якой, як адзначыў Прэзідэнт, кіраўнікі прапусцілі, не спрагназавалі своечасова. "Таму нам нельга прапусціць. Я ваенным заўсёды гавару: мы павінны падрыхтавацца да гэтага. Таму мы будуем рубяжы на захадзе нашай граніцы", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Улічваючы вопыт Брэсцкай крэпасці, якую вораг захапіў у самым пачатку вайны, цяпер Беларусь узводзіць свае абарончыя збудаванні далей ад граніцы, так, каб выбудаваць абарону найбольш эфектыўна.

"Я спрабую праз вас (прадстаўнікоў СМІ. - Заўвага БЕЛТА) данесці народу тое, што адбываецца цяпер, і адпаведна на гэта рэагаваць. Але гэта не значыць, што Лукашэнка "агрэсар", як яны там крычаць, лямантуюць, асабліва ў Польшчы, і хоча вайны. Я больш за ўсё, больш, чым мільёны беларусаў, не прымаю і не хачу вайны", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт падзякаваў усім прадстаўнікам медыйнай супольнасці за работу, высокі прафесіяналізм, прынцыповасць, адданасць роднай краіне і, самае галоўнае, за смеласць. "Ніколі нікога не бойцеся. Вы на сваёй зямлі. У адваротным выпадку, чым вы адрозніваецеся ад тых збеглых, якія ўцяклі і там сёння дрыжаць, каб не страціць работу або нейкую капейку перахапіць, каб па-ранейшаму змагацца супраць нашай краіны. А там грошы ўжо не даюць нават на СМІ. Толькі асобным, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Усё, што разгортваецца супраць нас, - пад кантролем спецслужбаў. Вядома, не польскіх і не літоўскіх. Там яны (амерыканцы. - Заўвага БЕЛТА) ужо кіруюць і арудуюць. Але грошы даюць на зброю, узброеную барацьбу, на захоп хаця б кавалачка зямлі на тэрыторыі Беларусі. Гэта ім патрэбна. Амерыканцам перш за ўсё. Нават не еўрапейцам".

"Штылю, ціхага надвор'я на гэтым інфармацыйным фронце, дзе мы з вамі ваюем, не будзе, - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. - Тым цікавей у гэтым плане. Мы і прафесійна павінны расці, каб процістаяць на гэтым фронце. Нікуды не дзенемся. Гэта вайна прыйшла ўжо да нас. Самае галоўнае - каб яна не перарасла ў гарачую".

"Мы - наследнікі пераможцаў, таму мы павінны перамагаць. Іншага шляху ў нас няма. Таму што час выбраў нас!" - рэзюмаваў Прэзідэнт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі