Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
01 сакавіка 2023, 19:06

Як Беларусь будзе абараняцца ў выпадку агрэсіі? Вось аб чым папярэджвае Лукашэнка

На VI Усебеларускім народным сходзе Аляксандр Лукашэнка даручыў мадэрнізаваць Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Як нядаўна заўважылі ў Савеце бяспекі, гэта другі стратэгічны дакумент пасля Канстытуцыі, які не толькі раскрывае нацыянальныя інтарэсы Беларусі, але і гаворыць, як іх абараняць. У новым выпуску YouTube-праекта БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" мы раскажам, навошта спатрэбілася мяняць дзеючую канцэпцыю, у чым сутнасць гэтых змяненняў і як Беларусь аказалася... у Стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША. А яшчэ мы даведаліся, чаму ў Беларусі ўзяліся за стварэнне народнага апалчэння і колькі добраахвотнікаў гатовы стаць на абарону Радзімы.

Як у Беларусі выбудавана сістэма абароны?

Давайце разбяромся, як у Беларусі выбудавана сістэма нацыянальнай абароны. Ні для каго не сакрэт, што яе аснова - Узброеныя Сілы. Менавіта яны вырашаюць найбольш важныя задачы па абароне краіны. Барацьба са злачыннасцю, ахова правапарадку і грамадская бяспека - сфера адказнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў. Прычым як у мірны, так і ў ваенны час. У рамках сваіх кампетэнцый задачы па абароне дзяржавы вырашаюць і іншыя сілавыя органы.

Для забеспячэння спакойнага функцыянавання аб'ектаў эканомікі і інфраструктуры ва ўмовах ваеннага часу ў Беларусі створаны тэрытарыяльныя войскі. Пра іх пачалі гаварыць параўнальна нядаўна, але на самай справе паняцце "тэрытарыяльная абарона" ў беларускім заканадаўстве з'явілася яшчэ ў пачатку 90-х. У законе "Аб абароне" 1992 года ёсць асобны артыкул, дзе вызначана, як будуецца тэрытарыяльная абарона, якія задачы выконваюць тэрытарыяльныя войскі. Праўда, сваё развіццё яны атрымалі не адразу. Упершыню маштабны заклік ваеннаабавязаных з запасу адбыўся на камандна-тактычных вучэннях "Нёман-2001". За ходам актыўнай стадыі вучэння на Гожскім палігоне назіраў Прэзідэнт Беларусі.

У лютым 2011 года кіраўнік дзяржавы зацвердзіў палажэнне аб тэрытарыяльнай абароне. Тады ж быў створаны новы самастойны орган - упраўленне тэрытарыяльнай абароны Генеральнага штаба Узброеных Сіл.

"У Беларусі сістэма абароны дзяржавы выбудавана, наладжана. Яна жыццяздольная, баяздольная і эфектыўная. Мы за ўсю сваю гісторыю перажылі шмат розных выпрабаванняў, і сістэма фактычна ніколі не давала збояў. Сюды ўваходзяць не толькі сілавыя структуры, ваенныя арганізацыі, але і грамадзянскія. Фактычна ўся дзяржаўная сістэма нацэлена на інтарэсы нацыянальнай бяспекі. Можам гаварыць, што мы эфектыўныя ў гэтым плане, гатовыя да любых праяўленняў пагроз і небяспек, якія могуць існаваць на сённяшні дзень", - падкрэсліў эксперт у галіне нацыянальнай бяспекі Аляксандр Цішчанка.

Навошта ў Беларусі ствараюць народнае апалчэнне?

Сістэма нацыянальнай абароны хутка дапоўніцца яшчэ адным складнікам - народным апалчэннем. У Беларусі ўжо распрацаваны неабходны праект закона, і сутнасць яго простая - садзейнічаць добраахвотнікам у абароне свайго дома і сваёй мясцовасці.

"Тут мы бачым практычную рэалізацыю ўсенароднага характару абароны Айчыны. Гэта патрабаванне самога жыцця. На прыкладзе СВА мы бачым, што і Расія, і Украіна звярнуліся да фарміравання народнага апалчэння. Але ні там, ні там не створана прававая база. Ва Украіне, калі была пагроза страты Кіева, проста раздавалі зброю ўсім жадаючым, каб узмацніць воінскія часці. Гэта была раздача без уліку, цяпер яе складана сабраць. Магчыма, крымінальныя структуры карыстаюцца гэтай зброяй", - заўважыў ваенны аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Чарнабай.

У Беларусі ж пайшлі па іншым шляху, звярнуў увагу эксперт: "Мы спачатку правялі эксперыментальныя вучэнні, паглядзелі, як гэта працуе. Цяпер ствараем прававую базу пад стварэнне народнага апалчэння. Потым будзем пры неабходнасці фарміраваць дружыны ў тых рэгіёнах, калі гэта будзе неабходна".

Народнае апалчэнне перш за ўсё будзе дапамагаць міліцыі: ахоўваць грамадскі парадак, змагацца з бандытызмам і дыверсійна-разведвальнымі групамі, спыняць марадзёрства.

"Сітуацыя няпростая. Я ўжо не раз гаварыў: кожны мужчына (ды і не толькі мужчына) павінен умець, як мінімум, абыходзіцца са зброяй. Хаця б для таго, каб у выпадку неабходнасці абараніць сваю сям'ю, свой дом, родны куток зямлі і, калі спатрэбіцца, краіну, без якой не будзе ні кутка, ні дома, нічога іншага. Многія гэта разумеюць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка на нядаўнім пасяджэнні Савета бяспекі, на якім якраз і разглядаўся законапраект аб стварэнні народнага апалчэння.

Колькі чалавек увойдзе ў народнае апалчэнне?

Колькі чалавек гатовы стаць добраахвотнікамі ва ўмовах ваеннага часу? Па заяве міністра абароны Віктара Хрэніна, такіх каля 100-150 тысяч. З другога боку, ваенныя не выключаюць, што добраахвотнікаў можа быць і больш. Давайце палічым. Калі ўзяць у разлік усе ваенныя арганізацыі, іх колькасць складзе да паўтара мільёна чалавек - у выпадку абвяшчэння ваеннага становішча і пераводу эканомікі на ваенныя рэйкі. Пры гэтым колькасць насельніцтва ў Беларусі перасягае 9 мільёнаў. Улічваючы, што ўдзел у народным апалчэнні абсалютна добраахвотны, а наймальнікі змогуць вызваляць гэтых грамадзян ад работы з захаваннем зарплаты і працоўнага месца, можна выказаць меркаванне, што беларусы будуць прытрымлівацца даўно вядомай аксіёмы: войны выйграюць не арміі, а народы.

Дарэчы, восенню 2022 года ў Магілёўскай вобласці правялі эксперымент па арганізацыі народнага апалчэння. "Людзі адгукнуліся. Жадаючыя прыняць удзел у народным апалчэнні прыйшлі. Мы з імі правялі адпаведныя заняткі і зразумелі, што ў нашых людзей ёсць такая патрэбнасць - мець дачыненне да забеспячэння абароны нашай дзяржавы. У цэлым народнае апалчэнне, якое мы ствараем, дапоўніць і павысіць магчымасць той жа тэрытарыяльнай абароны і палепшыць якасць выканання задач па забеспячэнні абароны нашай краіны", - расказаў аб выніках эксперымента міністр абароны.

Навошта ў Беларусі мяняюць Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі?

Але вернемся да Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Цяперашні дакумент быў прыняты яшчэ ў 2010 годзе. Ён не страціў сваёй актуальнасці і сёння. Больш таго, канцэпцыя паказала сваю эфектыўнасць у самы востры перыяд знешняга націску на Беларусь.

"Канцэпцыя, якая цяпер дзейнічае (з 2010 года), вельмі грунтоўная, таму што рабочая група, якая яе фарміравала, змагла ўлічыць рызыкі, выклікі, пагрозы, якія магчымы для нашай дзяржавы, на сярэднетэрміновую перспектыву. Тэрмін даволі вялікі. У Расіі канцэпцыя прымаецца ў сярэднім раз у 6 гадоў: 2009, 2015, 2021 гады. У Польшчы за апошнія 22 гады стратэгія нацбяспекі абнавілася 6 разоў, - расказаў Андрэй Чарнабай. - Зразумела, у нас наспела неабходнасць абнаўлення канцэпцыі, нягледзячы на яе дасканаласць. Мы бачым, што вельмі многае мяняецца. У той момант, калі распрацоўвалася канцэпцыя (гэта было за пару гадоў да яе прыняцця), не было падзей ні ў Кыргызстане, ні ў Грузіі, ні ва Украіне. Ніхто не меркаваў 2014 год, пандэмію. Не было такога масіраванага санкцыйнага націску, які мы цяпер зведваем на сабе. Інакш кажучы, з'явілася неабходнасць абнаўлення шэрага палажэнняў".

Дынаміка ўзроўню пагроз прымушае ваенных трымаць руку на пульсе. Як заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, абнавіць канцэпцыю вырашылі з-за змяненняў на сусветнай ваенна-палітычнай арэне, тэндэнцый да абвастрэння абстаноўкі, барацьбы паміж асноўнымі цэнтрамі сілы.

Што гаворыцца пра Беларусь у Стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША?

У гэтай сітуацыі Беларусь апынулася ў эпіцэнтры разгорнутага процістаяння. І сведчанне таго - згадванне рэспублікі ў апошняй Стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША. Злучаныя Штаты для забеспячэння сваёй бяспекі гатовы ўсімі сіламі адстойваць правы чалавека ў Беларусі. Пытанне на засыпку: ці не шмат яны бяруць на сябе?

"Там канкрэтна ставіцца задача Расію абяскровіць у ваенным, тэхналагічным плане. Гаворыцца, што Кітай - канкурэнт, сапернік і на працягу 10 гадоў мы яго павінны абысці так, каб ён нас не дагнаў, інакш мы адстанем і яго не дагонім. Расія ідзе ў звязцы з Кітаем. Яны бачаць Расію як саюзніка Кітая, які гатовы дапамагчы спіну абараніць. Вось як мы Расію абараняем на флангу, так і Расія будзе абараняць Кітай, калі да гэтага дойдзе. Таму трэба абяскровіць Расію для таго, каб потым можна было свае ўмовы ставіць", - растлумачыў ваенны аналітык БІСД.

Некалькі лічбаў. Сёння ў Еўропе на пастаяннай аснове знаходзяцца звыш 60 тыс. амерыканскіх ваеннаслужачых, больш за 260 танкаў, каля 800 браніраваных машын, звыш 2 тыс. баявых самалётаў. На тэрыторыі Польшчы фарміруецца пятая па ліку механізаваная дывізія. Акрамя таго, палякі заявілі аб закупцы 500 установак "Хаймарс" - амерыканскіх рэактыўных сістэм залпавага агню. З пачатку года на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Латвіі прайшло 75 вучэнняў. І зусім не абарончага, а наступальнага характару. Усё гэта не пустыя словы і не запалохванне. А проста голыя факты. З другога боку, Беларусь ніяк не згадваецца ў польскай Стратэгіі нацыянальнай бяспекі, а вось Расія для іх - галоўны вораг. Значыць, беларусы могуць расслабіцца?

"Давайце зыходзіць з таго, што апошнім часам практыка Захаду зводзіцца да таго, што яны не разглядаюць нас асобна ад Расіі. Гэта вельмі кідаецца ў вочы. Нават калі на секунду выключыць, што Расія асобна, а Беларусь асобна... Калі што, ракеты будуць лятаць і танкі будуць рухацца праз нашы агароды. Выключаць сябе з агульнай праблематыкі пагроз мы ніяк не можам. Тое, што яны не згадваюць нас, яшчэ не значыць, што яны не рыхтуюцца да якіх-небудзь дзеянняў супраць нас. Паглядзіце: скопішча войскаў на якіх граніцах? На граніцах з намі. Войскі куды пачалі ўводзіць? Польшча ва Украіну, Румынія ў Малдову. Гэта каля нас фактычна. Рызыкі і пагрозы ваеннай бяспецы ў першую чаргу складваюцца паблізу нашых граніц. Мы павінны гэта ўлічваць. Таму правільна робіць кіраўніцтва нашай краіны, што ўсе гэтыя рэчы разглядае і ўлічвае ў пытаннях нацыянальнай бяспекі", - упэўнены Аляксандр Цішчанка.

Эксперт таксама звярнуў увагу на эканамічныя пагрозы: "З чым яны звязаны? Санкцыі - гэта што? Па сутнасці гэта баявыя дзеянні ў эканоміцы. Гэта пагрозы, выклікі, рызыкі. Гэта ўжо небяспека. Таму гаварыць аб тым, што калі яны нас не згадваюць, то і нам не трэба нічога рабіць, - гэта безадказна".

Што зменіцца ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі?

У праекце новай канцэпцыі з'явілася градацыя пагроз - рызыка, выклік і непасрэдна сама пагроза. А паняцце нацыянальнай бяспекі дапоўнена мэтаўстаноўкай на ўстойлівае развіццё, рух наперд. У пералік стратэгічных нацыянальных інтарэсаў упершыню ўключаны новыя палажэнні аб неабходнасці ўсямернай абароны народа Беларусі як унікальнай гістарычнай агульнасці і адзінай крыніцы дзяржаўнай улады.

Сярод нацыянальных інтарэсаў - нацыянальная самабытнасць, дабрабыт і працвітанне, сацыяльная адказнасць грамадзян (а не толькі дзяржавы), грамадская згода. Таксама з'явіўся новы тэрмін - "электаральны суверэнітэт". Гэта неад'емнае права незалежнай, суверэннай дзяржавы самастойна, без умяшання звонку праводзіць выбары і рэферэндумы.

Асобным блокам у новым дакуменце замацавана біялагічная бяспека як адна са сфер нацыянальнай бяспекі ў цэлым. Яе з'яўленне тлумачыцца падзеямі апошняга часу - пандэміяй каранавіруса і яе ўплывам на палітычную сістэму і эканоміку. А таксама выяўленнем біялабараторый, арганізаваных пад эгідай ЗША. Прэтэнзіі ў Беларусі тут не толькі да Украіны. Біялагічныя лабараторыі, якія курыруюць Злучаныя Штаты, знаходзяцца як мінімум у 27 краінах. Цікава, што практычна палова з іх - у Арменіі.

"Часта мы гаворым, Уладзімір Уладзіміравіч (Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. - Заўвага БЕЛТА), пра біялагічныя лабараторыі. Па-мойму, толькі ў нас і ў вас іх няма, але на тэрыторыі некаторых дзяржаў АДКБ яны існуюць. Таму трэба ў Мінску нам абмеркаваць і неяк дамовіцца па гэтым пытанні, інакш гэта будзе чарговая гаварыльня. Гэта ж не жарт - біялагічная бяспека. Агітуем адзін аднаго, а ў некаторых краінах гэтыя амерыканскія лабараторыі існуюць. Ва Украіне некалькі іх выявілі", - звярнуў увагу на праблему Аляксандр Лукашэнка на мінулагоднім саміце АДКБ у Ерэване.

У цэлым Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Беларусі абнавілася практычна на 70 працэнтаў. Дакумент стварала міжведамасная рабочая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі 34 дзяржаўных органаў, члены навуковай і экспертнай супольнасці. Пры падрыхтоўцы вывучаўся і ўлічваўся сусветны вопыт, у тым ліку аналагічныя стратэгічныя дакументы Расіі, Узбекістана, Казахстана, іншых постсавецкіх краін. А таксама ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі.

Прынцыповае патрабаванне Прэзідэнта - быць вельмі адкрытымі, нічога не ўтойваць: "Неабходна дакладна абазначыць, якія выклікі для Беларусі мы бачым і як плануем забяспечыць сваю бяспеку. Мы адкрыта павінны заявіць аб прыярытэтах, паказаць сусветнай супольнасці транспарэнтнасць нашай палітыкі, надзейнасць Беларусі як адказнага партнёра. Але нашы партнёры пры гэтым павінны ведаць, што беларуская міралюбнасць не сінонім ахвярнасці. У выпадку любой агрэсіі, як я ўжо не раз гаварыў, адказ будзе хуткім, жорсткім і адэкватным".

Калі будзе прынята новая Канцэпцыя нацбяспекі?

Усе дзяржаўныя органы і ведамствы, а таксама Савет бяспекі адобрылі праект новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Цяпер дакумент будзе абмяркоўвацца ў грамадстве: на дыялогавых пляцоўках, у працоўных калектывах. Прапановы грамадзян таксама будуць улічвацца пры яго дапрацоўцы.

Далей абноўленая Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі будзе вынесена на разгляд Усебеларускага народнага сходу. Яго плануюць склікаць у красавіку 2024 года. Калі дэлегаты падтрымаюць праект, ён уступіць у сілу. У вас можа з'явіцца пытанне: а як будзе ажыццяўляцца нацыянальная бяспека ўвесь гэты час, пакуль дакумент праходзіць усе стадыі абмеркаванняў і ўзгадненняў? Раптам за гэты час з'явяцца новыя выклікі і пагрозы. Не перажывайце. Беларускае кіраўніцтва трымае вуха востра, а порах сухім.-0-

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі