Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 чэрвеня 2021, 18:28

"Я шчыра ўдзячны табе за ўсё, што зроблена" - Лукашэнка прыняў адстаўку Шэймана

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прыняў рапарт Віктара Шэймана з просьбай адправіць яго ў адстаўку з пасады кіраўніка спраў Прэзідэнта Беларусі. Гэта пытанне было абмеркавана ў час іх рабочай сустрэчы ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ты шмат разоў пісаў рапарт аб адстаўцы. Я не згаджаўся з гэтым. Але я разумею, што некалі час надыходзіць, табе хапіла ў жыцці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я шчыра ўдзячны табе за ўсё, што зроблена. Мы знойдзем час сустрэцца для таго, каб я яшчэ раз падзякаваў табе".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Віктар Шэйман мае вялікі жыццёвы вопыт і прайшоў доўгі кар'ерны шлях. З маладога лейтэнанта, які прайшоў Афганістан, ён вырас да генерал-палкоўніка. Гэта самае высокае воінскае званне ў Беларусі, і Віктар Шэйман сёння адзіны, хто носіць гэтыя генеральскія пагоны, знаходзячыся на службе ў дзяржавы.

"Я разумею, што і сям'я, і дзеці, і шмат-шмат яшчэ пытанняў. Таму я згодны з тваёй новай старонкай у жыцці, скажу так. Але вельмі прасіў бы не адыходзіць далёка (і наогул не адыходзіць ад дзяржавы) і падставіць плячо там, дзе гэта патрэбна будзе. Як ты заўсёды гэта рабіў, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Пакуль вельмі папрасіў бы ўзяць на сябе, як заўсёды было, Кубу, Венесуэлу і тыя "хвасты" ў Афрыцы, пакуль ты не перадаў ураду. Прашу гэта пакінуць за сабой, пакуль я не вызначу, хто будзе далей гэтым займацца. Ну і яшчэ раз гавару: далёка не адыходзь. Бачыш, якая сітуацыя вакол Беларусі. Не дай бог нам з табой яшчэ ўзяць аўтамат у рукі і абараняць краіну. Сітуацыя няпростая".

Аляксандр Лукашэнка прыняў адстаўку Віктара Шэймана. Ён пакіне пасаду кіраўніка спраў Прэзідэнта з моманту падпісання адпаведнага ўказа кіраўніком дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі