Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 лютага 2023, 14:40

"Я не Дзед Мароз!" Лукашэнка згадзіўся аказаць дадатковую падтрымку МАЗу, але пытанне ў дэталях

14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка згадзіўся аказаць дадатковую падтрымку ААТ "МАЗ", але даручыў дакладна вызначыць прымальныя для дзяржавы фінансавыя ўмовы. Аб гэтым ішла размова на нарадзе кіраўніка дзяржавы з кіраўніцтвам Саўміна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да кіраўніка дзяржавы звярнуліся з просьбай рэструктурызаваць прыкладна палову запазычанасці прадпрыемства. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адразу звярнуў увагу на вялікія аб'ёмы дэбіторскай запазычанасці - пакуль яшчэ неатрыманыя сродкі за раней пастаўленую тэхніку. Калі вярнуць у абарот гэтыя грошы, то і падтрымка, магчыма, не спатрэбілася б.

З іншага боку, трэба дакладна прапрацаваць умовы рэструктурызацыі, каб тэрміны вяртання сродкаў не былі вельмі расцягнуты. Паколькі важна ўлічваць не толькі запатрабаванні прадпрыемства, але і дзяржаўныя інтарэсы. А таму графік пагашэння павінен быць рэальным, але напружаным.

"Вам подпіс Прэзідэнта патрэбны, каб я вам падарыў на 10 ці колькі гадоў гэтыя грошы. Я ж не Дзед Мароз!" - заўважыў беларускі лідар.

У дакладах чыноўнікаў размова ішла аб магчымасці рэструктурызацыі на 15 гадоў. "Давай, можа, на 30", - з доляй сарказму заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да віцэ-прэм'ера Пятра Пархомчыка, які курыруе прамысловасць, Прэзідэнт паставіў пытанне: "Чаго ты, знаходзячыся ў БелАЗе (Пётр Пархомчык на працягу шэрага гадоў кіраваў гэтым прадпрыемствам. - Заўвага БЕЛТА), не прыходзіў да мяне вось так грошы прасіць?"

"Таму што зарабляў", - адказаў віцэ-прэм'ер.

"А чаму ён не зарабляе? - задаў слушнае пытанне кіраўнік дзяржавы. - Чаму я павінен сёння ад іх забраць (сродкі, якія маглі б быць патрачаны на патрэбы ў іншых сферах. - Заўвага БЕЛТА) і вам аддаць?"

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз растлумачыў, чаму ён так прынцыпова ставіцца да гэтага пытання, бо калі сказаць проста, растлумачыць, то рэструктурызацыя выглядае наступным чынам: "Гэта (пэўная сума сродкаў. - Заўвага БЕЛТА) ты мне сёння павінен аддаць. А я павінен табе сказаць: "Праз 10 гадоў вернеш". А мне ў бюджэт патрэбны грошы. І не толькі ў бюджэт. Там банкаўскія, напэўна, крэдыты. А крэдыты - гэта грошы і бюджэту, і людзей".

Міністр прамысловасці Аляксандр Рагожнік гаварыў аб тым, што неабходна запусціць чарговы інвестыцыйны цыкл на прадпрыемстве, паколькі па некаторых прычынах на працягу шэрага гадоў свае сродкі ў гаспадарчую дзейнасць яно не інвесціравала. Акрамя таго, у цяперашніх умовах, у тым ліку на фоне санкцыйных абмежаванняў, ёсць унікальны шанц для актыўнай работы на расійскім рынку. "З Расіяй змаглі дамовіцца. З КАМАЗам дамовіліся. Яны ўніфікавалі ўсе вузлы. Гэта значыць КАМАЗ робіць для МАЗа, МАЗ для КАМАЗа. Сёння маем допуск на рынак Расійскай Федэрацыі. Таму я вас сюды і прыцягнуў (размова аб разглядзе гэтага пытання на нарадзе ў Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА), што ў вас унікальная магчымасць працаваць, а вы прыйшлі па грошы да мяне", - заўважыў беларускі лідар.

У выніку Аляксандр Лукашэнка даручыў рыхтаваць канчатковы праект указа, але без ведамаснага падыходу і з улікам агучаных патрабаванняў.-Э-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі