Сцяг Пятніца, 22 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 лістапада 2024, 10:57

Інфармацыйны суверэнітэт, геапалітыка і перамены. Што Лукашэнка вырашыў абмеркаваць са студэнтамі-гуманітарыямі

22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інфармацыйны суверэнітэт - важнейшая тэма з пункту гледжання забеспячэння нацыянальнай бяспекі дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы ў фармаце "Адкрыты мікрафон з Прэзідэнтам" са студэнтамі ВНУ гуманітарнага профілю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сустрэча кіраўніка дзяржавы са студэнтамі ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце - трэцяя па ліку. МДЛУ - другая ВНУ пасля Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якую Аляксандр Лукашэнка наведвае ўпершыню.

"Але я паспеў сёе-тое тут убачыць, пагутарыць з рэктарам, міністрам адукацыі. Як і меркаваў, у гэтым універсітэце і нашай зале ў тым ліку пануе асаблівая атмасфера - атмасфера міжкультурнага дыялогу. Так і павінна быць ва ўніверсітэце, дзе навучаецца вялікая колькасць іншаземцаў. Мы гэтым ганарымся", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што на сустрэчу да студэнтаў-гуманітарыяў ішоў з асаблівым настроем. "Таму што па сваёй першай адукацыі я таксама гуманітарый, - растлумачыў ён. - Я адчуваю і разумею, што я прыйшоў размаўляць са сваімі калегамі".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што светам правіць інфармацыя. "Шмат апошнім часам мы гаворым аб тым, каб, дай бог, не пачалася трэцяя сусветная вайна, што мы проста напярэдадні гэтай страшнай падзеі. Але, дзякуй богу, неяк чалавецтва тармозіць і не акунулася ў гэту трэцюю сусветную вайну. Але тое, што ідзе інфармацыйная вайна, і прытым даўно, і не проста процістаянне, а сапраўдная інфармацыйная вайна, гэта дакладна", - канстатаваў Прэзідэнт.

"І гэту сферу, сферу інфармацыі, фарміруеце вы, гуманітарыі. Тым больш будзеце фарміраваць пасля заканчэння сваіх ВНУ. Вы - будучыя філолагі, педагогі, журналісты, гісторыкі, іншыя спецыялісты - будзеце гэта рабіць вельмі актыўна, - заявіў беларускі лідар. - Заўтра вы будзеце несці свае ідэі, думкі ў школьныя класы або студэнцкія аўдыторыі. Нехта пачне пісаць кнігі, навуковыя або публіцыстычныя артыкулы. Магчыма, станеце публічнымі асобамі: экспертамі, палітыкамі. Ваша базавая адукцыя адкрывае дзверы ў самыя розныя сферы. І ў гэтым плане нам ёсць аб чым сёння пагаварыць".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў яго таксама ёсць пытанні да студэнтаў. Усе яны так ці інакш датычацца тэмы інфармацыйнага суверэнітэту - важнейшай з пункту гледжання забеспячэння нацыянальнай бяспекі дзяржавы, падкрэсліў ён.
"І не думайце, што ваш удзел тут непрыкметны. Менавіта на вас, і ў першую чаргу на вас, нацэлена інфармацыйная прапаганда. Прапаганда чужых каштоўнасцей, свят, традыцый, гістарычных канцэпцый. І яе мэта - адарваць вас ад каранёў, прымусіць забыць сваю гісторыю. Мне важна бачыць, як вы разумееце сутнасць такіх інфармацыйных дыверсій", - сказаў Прэзідэнт.

Другая тэма - геапалітыка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адкрыты для абмеркавання глабальнага парадку дня навін і хоча ведаць, наколькі паглыблены ў яго студэнты.

"Мне важна разумець, як вы бачыце будучыню Беларусі ў зменлівым свеце. Гэта ж ваша будучыня, якую вы і будзеце будаваць заўтра. І вашы дзеці, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - І трэцяе. Я прапанаваў бы вам не саромецца выказваць свае ідэі. Калі вы, абапіраючыся на веды, асабісты вопыт, бачыце, як можна ўдасканальваць перш за ўсё адукацыйны працэс, нейкія падыходы ў рабоце з вамі, моладдзю, - агучвайце прапановы. Абмяркуем. Ваша меркаванне вельмі важнае для мяне".

Прэзідэнт дадаў, што ніякіх абмежаванняў у тэмах няма і ён гатовы адказаць на ўсе пытанні. "І не забывайце, адна з тэм для нашай размовы (памочнікі мне яе не абазначалі, я вам яе абазначаю) - перамены. Розныя. Вось гэта наша з вамі тэма або тэмы, па якіх мы павінны сёння прайсціся і адкрыта пагаварыць. "Калі перамены, то якія?" - спытаў кіраўнік дзяржавы. "Таму давайце абмяркуем: калі перамены, то якіх вы хочаце перамен? Можа, нейкае і я пытанне задам. Таму што патрабаваць перамен проста, а вось іх абазначыць, а потым рэалізаваць - складаней. А рэалізоўваць - вам", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што цяпер у краіне такі перыяд, калі можна гаварыць усё і выказваць свой пункт гледжання. Адказ на галоўнае пытанне будзе дадзены 26 студзеня - на выбарах Прэзідэнта Беларусі. "Проста рабіце гэта як людзі з вышэйшай адукацыяй, культурна, без гвалту, без шуму. Рабіце так, каб не перашкаджаць іншым, таму што ў кожнага з вас розныя пункты гледжання і хацелася б, каб вы не наступалі адзін на аднаго, нават не штурхаліся, вызначаючы і выказваючы свае пазіцыі і пункт гледжання", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі