
Беларускі аграрны сектар, які штогод экспартуе прадукцыю на $6-7 млрд, - гэта не савецкая спадчына, якая дасталася рэспубліцы з развалам СССР. І тым больш не манна, якая нечакана звалілася з нябёсаў. Гэта ўпартая праца кожнага вяскоўца. Гэта бяссонныя ночы вучоных, якія працавалі над сартамі беларускай селекцыі і айчыннымі ўгнаеннямі. Гэта цана намаганняў усіх беларусаў, як аднойчы заявіў Прэзідэнт.
Ну і чаго саромецца: сельская гаспадарка - гэта жыццё кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка паглыблены ў праблемы вяскоўцаў з першых гадоў прэзідэнцтва і гатовы вырашаць іх да гэтага часу. У новым выпуску праекта "Па факце: рашэнні Першага" можна ўбачыць, як Прэзідэнт наведваў рэгіёны 20 гадоў таму і якія тады стаялі задачы перад сельскай гаспадаркай.
Май 2001 года. Аляксандр Лукашэнка працуе ў гаспадарцы "Усход". Эксперыментальна-доследнае сельгаспрадпрыемства знаходзіцца ў вёсцы Атоліна Мінскага раёна. Кіраўнік дзяржавы пабываў там у час рэспубліканскага суботніка. Тады Прэзідэнт разам з работнікамі прадпрыемства працаваў у цяплічнай гаспадарцы і на пасадцы бульбы. Работнікі перажываюць, што Прэзідэнт намачыў ногі, паліваючы ў парніку саджанцы памідораў.
- Дзе ты бачыла, каб прыехаць у калгас... - адказвае Прэзідэнт.
- І чыстым паехаць! - дадаюць работнікі.
- Лепшай працы, чым тут, няма, - рэзюмуе кіраўнік дзяржавы. - Запомні гэта. Ні прэзідэнтамі, ні брыгадзірамі нейкімі там у горадзе, ні дырэктарамі заводаў. Усё самае цікавае тут. Я магу параўноўваць.
Ліпень 2002 года. Летам Аляксандр Лукашэнка наведаў з рабочымі паездкамі Мінскую, Брэсцкую і Гродзенскую вобласці. У ліпені ўся ўвага была прыкавана да ўборачнай кампаніі.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад старшынь Мінскага і Брэсцкага аблвыканкамаў неадкладна прыняць меры па навядзенні парадку ў рэгіёнах, як таго патрабавала надзвычайная сітуацыя па ўборцы ўраджаю, якая склалася ў краіне. Спагнанне за патуральніцкае стаўленне ў гэты складаны і жыццёва важны перыяд будзе самае жорсткае, папярэджваў Аляксандр Лукашэнка.
- У цябе ўжо больш за мільён ёсць? - цікавіцца Прэзідэнт у Мінскай вобласці.
- Мільён сто тысяч збожжа ў Мінскай вобласці, - дакладваюць Прэзідэнту.
- За мільён, вядома, дзякуй, але мне трэба два, - ставіць жорсткія задачы кіраўнік дзяржавы.
Красавік 2004 года. Аляксандр Лукашэнка ўжо са штогадовай паездкай наведвае чарнобыльскія рэгіёны. Галоўнай тэмай сталі асаблівасці вядзення сельскай гаспадаркі на меліяраваных землях і пытанні ўтрымання і аднаўлення меліярацыйных сістэм. Большую частку дня кіраўнік дзяржавы правёў у Ельскім раёне Гомельшчыны, знаёмячыся з рэалізацыяй рэспубліканскай праграмы захавання і выкарыстання меліяраваных зямель.
Увага да праблем асушаных зямель невыпадковая: гэтыя пытанні вельмі актуальныя для Беларусі, а асабліва для Палесся. Шырокамаштабная меліярацыя зямель пачалася ў краіне ў канцы 1960-х. З 1980 года тэмпы меліярацыйных работ знізіліся, як і рэканструкцыі адпаведных сістэм. Гэта прывяло да пагаршэння іх тэхнічнага стану і негатыўна паўплывала на прадуктыўнасць меліяраваных зямель.
У час паездкі Прэзідэнт азнаёміўся і з пасяўной кампаніяй. У Ельскім раёне абмяркоўвалі і аснашчанасць сельгаспрадпрыемстваў тэхнікай. Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць у бліжэйшы час істотна павысіць якасць і канкурэнтаздольнасць айчынных сельгасмашын.
- Мы будзем падтрымліваць беларускіх вытворцаў аграрнай тэхнікі. Але больш я "націскаць" на гаспадаркі не буду. Дамаўляцца пакупнік з прадаўцом будуць без майго ўдзелу. Калі вырабіце добры камбайн, то зможаце з лёгкасцю рэалізаваць яго, - сказаў Прэзідэнт.
У саўгасе "Камуніст" Аляксандр Лукашэнка агледзеў выставу сельскагаспадарчых машын, прызначаных для дрэнажных работ і апрацоўкі меліяраваных зямель. З сельгаспрадпрыемства Прэзідэнт накіраваўся ў вёску Зашыр'е, дзе каля будынка культурна-спартыўнага цэнтра яго чакалі мясцовыя жыхары.
Сёння Прэзідэнт не менш патрабавальны да аграрыяў. Беларусы часам задаюцца пытаннем: чаму кожная ўборачная ў нашай краіне - гэта ўвесь час бітва за ўраджай? Няўжо нельга навесці парадак раз і назаўсёды?
Такі патрабавальны стыль работы кіраўніка дзяржавы - гэта, хутчэй, матывацыя. Каб беларусы не спыняліся на дасягнутым, а ішлі далей. На самай справе парадак даўно ўжо наведзены і пракарміць сябе краіна заўсёды зможа. Для дзяржаўных патрэб штогод неабходна ўсяго 800 тыс.т збожжа. Таму штогадовыя бітвы на палях - гэта не бітвы за ўраджай, а імкненне дабіцца яшчэ лепшага выніку. Кожнае зерне - гэта рубель у скарбонку нашай краіны.
Ці эфектыўны такі падыход? Мяркуйце самі. У гэтым годзе ў Беларусі рэкордны ўраджай. З улікам кукурузы і рапсу ён перасягнуў 11 мільёнаў тон.-0-