Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 красавіка 2018, 10:50

"Гэта здароўе нацыі і ідэалогія" - Лукашэнка аб важнасці спорту як прыярытэту дзяржпалітыкі

13 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць развіцця спорту ў якасці аднаго з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе па пытаннях развіцця зімовых відаў спорту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Спорту ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Пытанні яго развіцця знаходзяцца на пастаянным кантролі. Гэта не толькі здароўе нацыі, але і велізарны пласт нашай ідэалагічнай работы, а значыць - адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Дзякуючы перамогам беларускіх атлетаў фарміруецца імідж дзяржавы, выхоўваецца патрыятызм", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі створана неабходная інфраструктура для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Што датычыцца зімовых відаў, у кожным рэгіёне ёсць лядовыя арэны, пабудавана па некалькі трас, якія зімой выкарыстоўваюцца для лыжных гонак, а летам - для лыжаролераў. Дадзены даручэнні аб будаўніцтве ўсесезонных аб'ектаў для лыжных трэніровак у Раўбічах і Мінску, што дасць магчымасць арганізаваць круглагадовую падрыхтоўку на снезе.

"Дзяржава выдзяляе значныя сродкі на падрыхтоўку нацыянальных каманд да асноўных стартаў. За чатыры гады на фінансаванне зімовых відаў зрасходавана $10,5 млн, - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. - Разам з тым зімовыя Алімпійскія гульні, якія прайшлі ў Карэі, прынеслі Беларусі толькі тры медалі. Гэта вынік сур'ёзных праблем у рабоце ўсёй спартыўнай галіны".

Прэзідэнт пры гэтым адзначыў, што ў краіне аддаюць належнае чэмпіёнкам у фрыстайле і біятлоне, аднак не ўсе прадстаўнікі Беларусі паказалі рэзультаты, якіх ад іх чакалі. "Для любога спартсмена Алімпіяда - важнейшы старт чатырохгоддзя, а часам і ўсяго жыцця. Тут кожны ўдзельнік абавязаны выступаць на мяжы сваіх магчымасцей, ведаючы, што за яго балее краіна, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - І наогул, на Алімпіяду і чэмпіянаты свету, кантынентальныя чэмпіянаты едуць не для таго, каб нават "добра" выступіць, як некаторыя нашы функцыянеры прывыклі ў СМІ заяўляць. На такія форумы едуць заваёўваць медалі".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на нарадзе трэба даць прынцыповую ацэнку развіццю зімовых відаў спорту ў Беларусі. Ён звярнуў увагу на сітуацыю ў розных зімовых відах спорту і паставіў перад удзельнікамі мерапрыемства канкрэтныя пытанні.

"Вельмі шмат было сказана наконт сённяшняга мерапрыемства. Шмат было меркаванняў, пунктаў гледжання, праведзена пэўная падрыхтоўчая работа. Хацеў бы перш за ўсё пачуць, што зроблена ўрадам, Міністэрствам спорту, федэрацыямі ў працэсе гэтай падрыхтоўчай работы, ці выкананы даручэнні па структураванні спартыўнай галіны, якая схема кіравання спортам у Беларусі", - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

"Вельмі хацелася б, каб дакладчыкі расказалі аб тым, як выкананы даручэнні наконт фарміравання трэнерскага складу, ці ёсць з каго выбіраць будучых спартсменаў, як фінансуецца, перш за ўсё па заработнай плаце, трэнерскі склад. Усё да дробязей хацелася б пачуць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі