ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 13 жніўня 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +17°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
15 ліпеня 2020, 15:24

"Гэта важнейшая дарога, і мы яе зрабілі" - Лукашэнка адкрыў у Віцебску рэканструяваны пуцеправод "Полацкі"

Аляксандр Лукашэнка ў час урачыстага адкрыцця
Аляксандр Лукашэнка ў час урачыстага адкрыцця

15 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Віцебску пасля рэканструкцыі адкрыўся пуцеправод "Полацкі". У цырымоніі прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На ўрачыстае адкрыццё развязкі запрасілі работнікаў будаўнічых арганізацый, якія рэканструявалі мост, і мясцовых жыхароў.

"Самы цяжкі час блукання па пакутах у Віцебску завершаны. Я ўяўляю, якая была бяда ў горадзе, калі гэтага пуцеправода не было, а быў стары. Але якая была праблема і бяда, калі гэты стары пуцеправод закрылі на паўтара года, можа, крыху больш, і пачалі будаўніцтва гэтай развязкі. Пагадзіцеся, што без гэтага цуда-збудавання Віцебск існаваць не мог. І далей было б горш і горш", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, яму нават не верыцца, што пуцеправод быў рэканструяваны за такі кароткі прамежак часу. "Дзякуючы вам абнаўленне "Полацкага" пуцеправода завершана на некалькі месяцаў хутчэй. Вельмі важна, што мы гэта здаём да нашага "Славянскага базару": прыедуць госці і ўбачаць сучасны прыгожы горад, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Атрымалася вельмі сучасная зручная развязка. Гэта помнік на стагоддзі, які мы пакідаем нашаму славянскаму гораду. Гэта важнейшая дарога, і мы яе зрабілі".

Раней, у час адкрыцця моста цераз Сож у Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў маючай адбыцца пяцігодцы плануецца рэканструяваць 18 вялікіх і амаль 40 невялікіх мастоў. "Я гэта гавару перад нашымі мостабудаўнікамі, будаўнікамі: без работы вы не застаняцеся. Галоўнае, каб не крыўдзіліся, што давядзецца працаваць круглыя суткі", - папярэдзіў Прэзідэнт ужо ў Віцебску.

Рэканструцыя пуцеправода "Полацкі" абышлася танней за запланаваную суму. Грошы, што засталіся, накіруюць на далейшае развіццё дарожна-транспартнай інфраструктуры Віцебска. "Сэканомілі тут нейкія грошы, і тое губернатар схапіўся, трымае іх і кажа: "Пакіньце нам на Гагарына". Таму нам трэба яшчэ гэту вуліцу прывесці ў парадак. Мы, вядома, сэканомленыя грошы вам пакінем", - паабяцаў кіраўнік дзяржавы. Як раней далажылі Прэзідэнту, працягласць вуліцы Гагарына ў Віцебску складае 5 км, на астатнія работы неабходна Br39 млн.

Пуцеправод "Полацкі" быў пабудаваны яшчэ ў канцы XIX стагоддзя, гэта адна з найважнейшых транспартных артэрый Віцебска. Ён размешчаны ў месцы зліцця вуліц Касманаўтаў, Цітова і Ленінградскай і не толькі аб'ядноўвае розныя раёны горада, але і з'яўляецца працягам рэспубліканскіх дарог, што вядуць на Полацк і далей - у Расію і Латвію.

Апошні раз пуцеправод быў рэканструяваны ў 1958 годзе. З цягам часу яго канструкцыі пачалі разбурацца, у чэрвені 2011 года тут пачаліся будаўніча-мантажныя работы. З-за адсутнасці фінансавання ў 2015 годзе іх давялося спыніць. Праз тры гады мост зноў абследавалі і прыйшлі да высновы, што ён знаходзіцца ў аварыйным стане.

У лістападзе 2018 года рух транспарту і пешаходаў па пуцеправодзе спыніўся. Улічваючы нязручнасці, звязаныя з закрыццём руху (тут праходзілі 4 трамвайныя і 15 аўтобусных маршрутаў, штодзень курсіравалі 110 маршрутак), работы на аб'екце былі арганізаваны ў дзве змены, у іх былі задзейнічаны 400 будаўнікоў і больш за 70 адзінак тэхнікі. Першапачаткова на рэканструкцыю моста было адведзена крыху больш за чатыры гады, аднак затым тэрміны былі скарочаны, работы планавалася завяршыць да 2021 года. У выніку будаўнікі ўсё роўна апярэдзілі графік, уклаўшыся фактычна ў 20 месяцаў.

Будаўнічыя работы каштавалі Br89 млн, у тым ліку крэдытныя рэсурсы - Br68 млн (першапачаткова Банк развіцця Беларусі выдзеліў на рэканструкцыю Br100 млн). Абноўлены пуцеправод уяўляе сабой маставое збудаванне шырынёй 45 м, вышынёй 7,6 м і працягласцю 412 м. Трамвайныя пуці тут былі ўладкаваны нестандартным метадам - з прымяненнем бясшпальнай канструкцыі па тэхналогіі ўклейвання рэек у металічных каробках у зборна-маналітныя ўчасткі жалезабетоннай канструкцыі трамвайнага палатна. Пры гэтым рэйкі ўкладзены на гумавыя пракладкі тэмпературна-неразразнымі плецямі, што змяншае колькасць стыкаў і зніжае шум і вібрацыю ад руху саставу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі