ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 6 жніўня 2020
Мінск Пераменная воблачнасць +24°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 ліпеня 2020, 10:38

"Гэта прыклад для іншых" - Лукашэнка пра работу "Атланта" ў перыяд пандэміі

У час наведвання ЗАТ "Атлант"
У час наведвання ЗАТ "Атлант"

"Гэта прыклад для іншых" - Лукашэнка пра работу "Атланта" ў перыяд пандэміі /дапоўнена/

10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў вынікі работы ЗАТ "Атлант" у перыяд пандэміі. Аб гэтым ён заявіў сёння, наведваючы прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Яскравы прыклад таго - "Атлант", што ў любой крызіснай сітуацыі ёсць і станоўчыя моманты і імі трэба скарыстацца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як далажылі Прэзідэнту, у 2020 годзе прадпрыемства апынулася ў няпростай сітуацыі, звязанай з увядзеннем абмежаванняў на знешніх рынках з-за пандэміі. Тым не менш службы закупкі і лагістыкі змаглі ў гэтых няпростых умовах забяспечыць вытворчасць матэрыяламі і камплектуючымі, не дапушчана прастояў. Акрамя таго, зроблена стаўка на продажы праз інтэрнэт. "Паколькі мы не спыніліся ў гэты час, то ў такіх умовах былі адзіныя, хто вырабляў халадзільнікі і пральныя машыны на нашым рынку. Таму мы змаглі задаволіць узросшы попыт, устанавілі менавіта ў сакавіку 2020 года рэкорд па продажах. Мы прадалі 90 тыс. халадзільнікаў. За ўсе 60 гадоў гісторыі "Атланта" ў сакавіку 90 тыс. не прадавалі", - сказаў гендырэктар прадпрыемства Дзмітрый Сакалоўскі.

"За гэта - малайцы! Зрабілі тое, што павінны былі зрабіць усе. І гэта прыклад для іншых. Я ж гаварыў, што калі адкрыюцца, паглядзяць, а ўжо нічога няма. А мы ў гэты час можам прапанаваць свой тавар. Вось яскравы прыклад: мы ў гэты момант прапанавалі свой тавар, людзі купілі. Калі кіраўнікі разгарнуліся своечасова", - адзначыў беларускі лідар.

Пасля сакавіка "Атлант" таксама актыўна рэалізуе тэхніку. Усе прынятыя меры далі магчымасць па выніках шасці месяцаў 2020 года выйсці на рэнтабельнасць продажаў 2,4 працэнта, прадпрыемства адчувае сябе ўпэўнена і разлічвае завяршыць год з дадатнымі паказчыкамі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць асваіваць новыя віды прадукцыі з акцэнтам на імпартазамяшчэнні. "Для нас вельмі важным, адным з асноўных напрамкаў на пяцігодку будзе імпартазамяшчэнне, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - З нашага боку мы можам гарантаваць (падумаем, як гэта зрабіць) абарону спажывецкага рынку ўнутры".

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час было прынята правільнае рашэнне аб арганізацыі вытворчасці айчынных кампрэсараў. "Гэтак жа трэба па імпартазамяшчэнні рухацца ўсім прадпрыемствам. Але "Атланту", МАЗу, БЕЛАЗу, МТЗ - гэта флагманы - яны абавязкова па два новыя тыпы прадукцыі павінны вырабляць", - паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым Прэзідэнта праінфармавалі аб напрацоўках "Атланта" па арганізацыі вытворчасці пасудамыечных машын.

Што датычыцца перспектыў развіцця "Атланта", то, як далажыў генеральны дырэктар Дзмітрый Сакалоўскі, цяпер рэалізуюцца два інавацыйныя праекты, абодва ў Баранавічах - па арганізацыі вытворчасці высокаэфектыўных кампрэсараў і па ўкараненні высокапрадукцыйнага тэхналагічнага працэсу чыгуннага ліцця.

Кіраўніку дзяржавы былі прадстаўлены ўзоры як найноўшых мадэлей халадзільнікаў і пральных машын "Атлант", так і тых, што карыстаюцца найбольшым попытам. "Па меры павелічэння аб'ёмаў продажаў новых мадэлей мы будзем праводзіць паступовую мадэрнізацыю ўчасткаў", - расказаў Дзмітрый Сакалоўскі.

Асобна ішла размова аб прыцягненні ўдзельнікаў студатрадаўскага руху для работы на прадпрыемстве. Як растлумачыў гендырэктар, у летні перыяд, калі назіраецца пік продажаў бытавой тэхнікі, "Атланту" асабліва патрэбны дадатковыя кадры, каб задаволіць узрастаючы попыт на прадукцыю. Таму было наладжана супрацоўніцтва з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. У мінулым годзе на прадпрыемстве працавалі амаль 300 удзельнікаў студэнцкіх атрадаў, у бягучым годзе іх колькасць павялічана да 800-900. Акрамя заработнай платы "Атлант" забяспечвае ім пражыванне і харчаванне. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, усяго па краіне плануецца забяспечыць работай у студатрадах амаль 30 тыс. чалавек - гэта на 4 тыс. больш, чым у мінулым годзе.

Размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву і ўдзельнікамі студатрадаў, Прэзідэнт пазітыўна ацаніў іх работу і яшчэ раз падкрэсліў правільнасць выбранага ў Беларусі шляху барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Хоць спачатку не ўсе ў гэта верылі, былі сумненні, але цяпер большасць пераканалася, што прынятыя рашэнні былі правільнымі. "Калі б мы тады закрылі вытворчасць, мы б ніколі як не адкрылі. Вы ў сакавіку ўпершыню ў гісторыі завода ўстанавілі рэкорд. Вы ніколі столькі не прадавалі, колькі ў сакавіку. У красавіку, маі і чэрвені таксама высокія паказчыкі. Чаму? Таму што калі ўвесь свет у паніцы закрыў вытворчасць, мы працавалі. І аказалася, што ў гэтыя месяцы на прылаўках магазінаў была ў асноўным прадукцыя Беларусі, у гэтым выпадку халадзільнікі і пральныя машыны. Вось у чым мы мелі рацыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, да вопыту Беларусі ўжо выказваюць цікавасць замежныя партнёры.

"Галоўнае заключаецца ў тым, што мы выстаялі, не закрылі вытворчасці, і сёння можам прадаваць сваю прадукцыю, мы займаем свабодныя рынкі. Галоўнае - іх потым утрымаць і нікому не аддаваць, а ад гэтага - развіццё вытворчасці і ваша заработная плата. Вы ў гэтым плане малайцы. Вы яркае пацвярджэнне правільнасці таго курсу, які мы ў свой час выбралі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваім намеры наведаць прадпрыемства, аб якім ён заяўляў пры ўзгадненні назначэння новага гендырэктара "Атланта". "Калі я назначаў сюды кіраўніка, я яму сказаў, што ў бліжэйшы час мы сустрэнемся і паглядзім, якія станоўчыя зрухі адбыліся на заводзе. Я не хачу сказаць, што ранейшае кіраўніцтва было дрэнным або добрым. Але неяк вы пачалі кульгаць, застываць на месцы. Хацелася новай дынамікі. Для таго каб была дынаміка, трэба было паглядзець і на кіраўніцтва завода, што я і зрабіў. Для мяне важна сёння было ўбачыць, што вы ў гэтай складанай сітуацыі, правільна сарыентаваўшыся, выстаялі і прыбавілі. Малайцы!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама станоўча адазваўся аб рашэнні кіраўніцтва прадпрыемства прыцягнуць да работы студэнцкія атрады і прапанаваў абавязкова стымуляваць моладзь за работу як матэрыяльна, так і маральна. У сваю чаргу прадстаўнікі працоўнай моладзі падарылі кіраўніку дзяржавы ганаровы знак беларускіх студэнцкіх атрадаў. "Дзякуй. Поспехаў вам, добрага настрою, беражыце свой кавалачак зямлі - сваю краіну", - адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі