
16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка гатовы сустрэцца з Прэзідэнтам Злучаных Штатаў Амерыкі Джо Байдэнам. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на сустрэчы з замежнымі і беларускімі журналістамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка раскрыў падрабязнасці маючай адбыцца сустрэчы з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. "А навошта Байдэн едзе ў Польшчу? - у сваю чаргу ўдакладніў кіраўнік дзяржавы. - Навошта менавіта ў Польшчу? Але мы не перажываем наконт гэтага. Калі ў яго ёсць жаданне (вы яму перадайце там па сваіх каналах), мы яго ў Мінску гатовы прыняць і сур'ёзна пагаварыць. Калі ён хоча міру ва Украіне".
Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў, што гатовы правесці сумесную сустрэчу з Уладзімірам Пуціным і Джо Байдэнам: "І нават Пуцін падляціць у Мінск, і сустрэнемся тут утрох: два "агрэсары" і "міралюбівы" Прэзідэнт. Чаму не? Дзеля спынення вайны. Вось калі ён хоча спыніць вайну (з Польшчы сюды побач, я самалёт прышлю, калі што, "Боінг"), прымем яго. У нас мора міжнародных аэрапортаў. Яго борт нумар адзін тут прызямліцца. Калісьці Клінтан прылятаў на такім самалёце. І вось тут, у вашай прысутнасці мы ўтрох (я вам гарантую, што Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін сюды прыедзе) сядзем і вырашым усю праблему. Усе праблемы вырашым тут".
"Не, ён сюды не паедзе. А дзеля спынення вайны, дзеля таго, каб не гінулі людзі, варта было б. Ён застанецца ў Польшчы, таму што Польшча - гіена Еўропы, і яна сёння перш за ўсё адыгрывае самую актыўную ролю па эскалацыі вайны ва Украіне. Яна больш за ўсё крычыць, больш, чым амерыканцы. Таму я запрашаю вас і вашага Прэзідэнта ў Мінск. Забяспечым поўную бяспеку, камфорт. І, галоўнае, ён адсюль паляціць задаволеным. Вось паглядзім, як ён прыляціць", - дадаў Прэзідэнт.
"Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна я магу ў нечым пераканаць, а вашага Байдэна... Вось у бліжэйшы час убачым. Мы цяпер па ўсім свеце заявім аб тым, што Прэзідэнт Беларусі запрасіў яго ў Беларусь. Побач з Варшавай, у Беларусь. 30 мінут - і ты ў Мінску прызямліўся. Я ўплываю на Прэзідэнта Расіі, запрашаю яго ў Мінск, як і Байдэна, мы садзімся, дагаворваемся. Калі ён (Прэзідэнт ЗША. - Заўвага БЕЛТА) не прыедзе сюды ў Мінск (я вельмі сур'ёзна гэта кажу), значыць, вы хочаце вайны. Я, гарантую вам, паўплываю на Прэзідэнта Пуціна, ён прыляціць у Мінск для таго, каб мы селі ўтрох і падумалі, што можна зрабіць. А, можа, калі Байдэн захоча, і Зяленскі сюды прыляціць. Не цераз Варшаву - а адразу цераз граніцу. Мы з расіянамі забяспечым яго спакойны пералёт у Беларусь. 40 мінут - і ён тут. З Кіева да Мінска", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.-0-