Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 жніўня 2019, 13:14

"Галоўнае - не балы, а веды" - Лукашэнка не выключае ўдасканалення сістэмы паступлення ў ВНУ

26 жніўня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не выключае ўдасканалення сістэмы паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Аб гэтым ён заявіў сёння, прымаючы з дакладам міністра адукацыі Ігара Карпенку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я, вядома ж, чытаю, бачу і чую, мяне інфармуюць, што ў нас не ўсё ў парадку з паступленнем у ВНУ. Да гэтага часу крытыка цэнтралізаванага тэсціравання. Крытыкуюць новую нейкую методыку (вы прыдумалі) па падліку гэтых балаў. Хоць галоўнае - не балы, а веды. Усе павінны разумець, і бацькі ў тым ліку, калі ў дзіцяці ёсць веды, то па якіх балах і шкалах не лічы, яны ўсё роўна паступяць у ВНУ. Калі ведаў няма, ніякія балы не дапамогуць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Скажу адкрыта, што я апошнім часам, паслухаўшы многіх бацькоў (ды і ў мяне хапае вучняў у маёй вялікай сям'і, я гэтым цікаўлюся), пачынаю ўжо задумвацца, атрымліваючы вялікі аб'ём інфармацыі, што нам, магчыма, давядзецца недзе ўдасканальваць, мякка кажучы, сістэму паступлення ў ВНУ. Больш за ўсё мяне хвалюе тое, што абітурыент, які марыць заўтра стаць студэнтам, не здае экзамены твар у твар з экзаменатарам, з выкладчыкам ВНУ або іншых навучальных устаноў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт прыгадаў час, калі сам вучыўся ў ВНУ, і адзначыў, што наўрад ці пры тэсціраванні яго рэзультат быў бы лепшым, чым пры асабістай гутарцы з выкладчыкам. Пры гэтым ён сам і іншыя студэнты з сельскай мясцовасці за гады вучобы змаглі значна прыбавіць і перасягнуць па ўзроўні ведаў многіх гараджан. "Мы даганялі ўсіх гарадскіх, старанна працавалі. І на выпуску я з адзнакай здаваў усе экзамены, са мной не маглі гараджане канкурыраваць, як са многімі такімі ж хлопцамі і дзяўчатамі", - расказаў беларускі лідар.

"Але я баюся прымаць рашэнне, каб не памыліцца. Да гэтага трэба ўважліва адносіцца. Таму што паступаюць лепшыя дзеці з лепшых сем'яў (у пераважнай большасці). Я не баюся гэта сказаць. Там, дзе бацькі непакоіліся ўсю школу - 11 гадоў, каб дзіця паступіла ў ВНУ. Яны ўсякім чынам падтрымлівалі яго. Я гэта бачу на сабе, аналізуючы і работу ў нядрэннай школе, супастаўляючы ўзровень вучняў. Мы можам пры паступленні ў ВНУ пакрыўдзіць вось гэту частку сем'яў, якія нясуць асноўную нагрузку ў грамадстве, з'яўляюцца вельмі ўплывовымі людзьмі і вызначаюць атмасферу нашага грамадства і цяпер, і ў будучым. Таму мяне вельмі насцярожвае тое, што адбываецца сёння ў сістэме адукацыі пры паступленні дзяцей у ВНУ", - сказаў Прэзідэнт.

"Яшчэ раз падкрэсліваю: я не прымаю цяпер ніякіх рашэнняў, таму што ў мяне недастаткова інфармацыі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што гэта і іншыя пытанні трэба будзе комплексна абмеркаваць і прыняць рашэнне на нарадзе па развіцці сферы адукацыі. "Мы павінны сур'ёзна вярнуцца да пытанняў адукацыі. І на гэтай нарадзе мы павінны перш за ўсё заслухаць ваша бачанне, справаздачу Міністэрства адукацыі і іншых, хто займаецца адукацыяй, аб тым, якая сітуацыя складваецца: школы, ВНУ, падручнікі, арганізацыя сістэмы адукацыі, фінансаванне. Усе пытанні мы павінны на ўзроўні Прэзідэнта разгледзець. І пажадана, калі неабходна, прыняць рашэнне, аж да цэнтралізаванага тэсціравання, як удасканальваць яго", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што ведаў і вопыту прымянення ЦТ ужо хапае, відаць існуючыя недахопы. "Не трэба іх замоўчваць. Трэба прымаць рашэнне", - упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў прыкладныя тэрміны правядзення нарады ў лістападзе-снежні бягучага года, па меры гатоўнасці абмеркаваць адпаведныя пытанні. "Трэба гэту размову пачынаць знізу. Мы збяром у Прэзідэнта людзей, якія вызначаюць аблічча нашай адукацыі. Хутчэй за ўсё, не з падачы Мінадукацыі. Нейкую частку на нараду запрасіце вы, але большая частка будзе запрошана па іншай форме, каб ішла дыскусія. Павінны быць альтэрнатыва, каб былі розныя пункты гледжання. Мы іх павінны супаставіць і прыняць адпаведныя рашэнні. Гэта не павінна быць для птушачкі нейкая паказушная нарада", - сказаў Прэзідэнт.

"Можа, лепш яе правесці пасля парламенцкіх выбараў, каб нас зноў не абвінавацілі ў тым, што пад парламенцкія выбары мы праводзім гэту вельмі важную нараду, якая вызначыць аблічча нашага грамадства ў будучым", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі