Сцяг Нядзеля, 5 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 студзеня 2025, 12:03

"Галоўнае - не агітацыя, а зваротная сувязь ад народа". Лукашэнка правёў сустрэчу з даверанымі асобамі

3 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 студзеня правёў сустрэчу з даверанымі асобамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Як вядома, завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі. Перш за ўсё я хацеў бы выказаць словы ўдзячнасці ўсім тым, хто аказаў мне падтрымку. Сабрана 2,5 мільёна подпісаў - гэта высокі ўзровень даверу, і мы павінны зрабіць усё, каб не падмануць чаканні нашых прыхільнікаў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я прашу арганізаваць падзяку гэтым людзям. Калі вы будзеце ў працоўных калектывах, у арганізацыях, не забывайце падзякаваць людзям за тое, што яны аддалі подпісы ў падтрымку дзеючага Прэзідэнта".

"Вы - давераныя асобы дзеючага Прэзідэнта ў прамым сэнсе гэтага слова. Я зыходзіў з таго, звяртаючыся да вас з просьбай, каб вы былі даверанымі асобамі, што я ведаю вас асабіста. Больш таго, што вы ў нейкай ступені ведаеце мяне. Было вельмі шмат прапаноў, і ў многіх людзей было жаданне быць даверанай асобай. Вось мы былі ў абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, галоўны ўрач з такой крыўдай гаворыць: як гэта так, я мінулы раз быў даверанай асобай, цяпер мяне выключылі. Справа не ў тым, што некага выключылі або не выключылі, крыху памяняўся падыход: мяне павінны ведаць хоць крыху людзі, але не ў тым плане, што па тэлевізары ўбачылі, а мелі дачыненне да таго ці іншага боку палітыкі Прэзідэнта", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"І я ўдзячны вам, што вы згадзіліся на гэта. Абяцаю, што калі раптам народ прагаласуе за нас, то я вас не падвяду. Для мяне, вы ведаеце, гэта самая цяжкая ноша. Кажуць: Бацька, Бацька, давяраем і іншае. Гэта самае страшнае для Прэзідэнта (думаю, што і для іншых таксама): давер трэба апраўдваць. Тым больш мне", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што стартаваў завяршальны этап электаральнай кампаніі - агітацыйны. "Вы будзеце галоўнымі дзеючымі асобамі. Шчыра кажучы, у мяне проста на гэта не будзе часу", - сказаў ён.

Прэзідэнт растлумачыў, што яго рабочы графік у студзені будзе напоўнены традыцыйнымі мерапрыемствамі. На Каляды Аляксандр Лукашэнка плануе наведаць адзін з храмаў. У гэтыя ж дні адбудзецца цырымонія ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта. "Гэта значыць, цэлы комплекс бягучых пытанняў, без якіх нельга, якія сталі традыцыяй", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Потым ёсць запрашэнне кітайскага кіраўніцтва пабываць у Кітаі. Трэба сустрэцца з кіраўніцтвам Кітая, каб вызначыць нашу далейшую палітыку на перспектыву. Гэта адзін з нашых стратэгічных партнёраў".

Раней кіраўнік дзяржавы прапаноўваў Кітаю ўзвесці ў Мінску новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музея. "Там мне трэба паглядзець яшчэ музей кітайскі, паколькі пачалі будаваць свой музей гісторыі Беларусі. Трэба гэты вялікі музей паглядзець, ёсць на што", - адзначыў Прэзідэнт.

"З другога боку, я падбіраў давераных асоб яшчэ і з тым прыцэлам, што вы ж усе маеце дачыненне да той палітыкі, якую мы ажыццяўляем. Таму, калі будзе крытыка з боку народа, вы ж не спіхняце на некага або на Прэзідэнта. Вам давядзецца несці і ў нейкай ступені адказнасць за тое, за што нас будуць крытыкаваць людзі. Але галоўнае ўсё ж такі тут не агітацыя (што тут агітаваць за Прэзідэнта, яго бачаць кожны дзень), галоўнае - гэта атрымаць зваротную сувязь. Усё ж такі да вас будзе самы вялікі давер, самая вялікая ўвага. І людзі будуць разумець, што вы да мяне даведзяце тыя праблемы, якімі жыве народ", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ на этапе збору подпісаў людзі перадавалі членам ініцыятыўнай групы свае просьбы, пажаданні, наказы. Як далажыў цяперашні кіраўнік штаба, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Юрый Сянько, іх было каля 500.

"Яны прааналізаваны. Я не бачу там абсалютна ніякіх праблем. Гэта праблемы ЖКГ, добраўпарадкаванне тэрыторый (будучы год - Год добраўпарадкавання, таму нам давядзецца гэтым займацца сур'ёзна), работа транспарту, стан дарог. Мы паскорым гэтыя працэсы, - расказаў кіраўнік дзяржавы. - Але самазаспакоенасць, якая цяпер у нас, асабліва ў "ябацек", без патрэбы. Ні ў якім выпадку нельга расслабляцца. Тым больш мы ж з вамі трымаем уладу: якое можа быць расслабленне. Калі людзі давераць далей працаваць, нам жа трэба прадаўжаць гэту работу. Трэба прадаўжаць тую палітыку, якую мы пачалі. Я вельмі ўважліва прадумаў усе пытанні, якімі мы займаліся. Я не бачу праблем, якія другарадныя, трэцярадныя і імі не трэба займацца. Усе праблемы, якімі мы займаліся да гэтага часу, актуальныя і ў будучым. Прытым я заўсёды падкрэсліваю: будучы год будзе няпростым".

Прэзідэнт даручыў удзяліць асаблівую ўвагу таму, каб усе дзеянні штаба праводзіліся ў строгай адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам. "Тым больш які сэнс нам нешта парушаць і падстаўляцца пад крытыку", - дадаў ён.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі