Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 жніўня 2021, 12:51

"Ёсць і недахопы, і станоўчыя факты" - Лукашэнка прыняў з дакладам кіраўніка "Белдзяржхарчпрама"

26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Анатоля Бубена і намесніка прэм'ер-міністра Аляксандра Субоціна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Час настаў абмеркаваць сітуацыю ў "Белдзяржхарчпраме" - нашым канцэрне. Чытай: Міністэрства харчовай прамысловасці - так раней называлі мы гэта аб'яднанне", - сказаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што канцэрн хоць і параўнальна невялікі (у яго структуру ўваходзяць больш за 40 прадпрыемстваў з колькасцю работнікаў амаль 20 тыс. чалавек), але вельмі важны. Удзельная вага "Белдзяржхарчпрама" ў агульнай суме выплачаных плацяжоў у бюджэт у цэлым па краіне складае каля 7 працэнтаў. "Вядома, гэта не Міністэрства сельскай гаспадаркі або прамысловасці, але трэба разумець, што гэта прыкладна 100 тыс. чалавек, калі з сем'ямі ўзяць, якія жывуць дзякуючы гэтаму канцэрну. І ўдзельнай вагі ў бюджэце, і працуючых людзей у вас нямала. Гэта сведчыць аб важнасці гэтага напрамку эканомікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Але я сёння не хацеў бы слухаць справаздачу. Проста асобныя пазіцыі - што добра, што дрэнна. Ёсць і недахопы, ёсць і станоўчыя факты. Мяне цікавіць перш за ўсё вырабляемая прадукцыя і, самае галоўнае, экспарт, за што адказвае віцэ-прэм'ер. Ён нясе адказнасць, каардынуе гэту работу", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што раней асобныя прадпрыемствы, падведамныя "Белдзяржхарчпраму", былі перададзены ў кіраванне на мясцовы ўзровень. "Я так разумею, што гэтыя прадпрыемствы ў асноўным засталіся дзяржаўнымі. Мяне заўсёды насцярожвала пытанне пры перадачы зверху ўніз прадпрыемстваў, каб гэта не было прычынай і жаданнем іх прыватызаваць акуратненька міма Прэзідэнта і рэспубліканскіх органаў улады. Хацелася б, каб мяне таксама інфармавалі наконт гэтага: так гэта, ёсць такія факты ці не?" - абазначыў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ў структуры канцэрна знаходзяцца вытворцы цукру - чатыры працуючыя ў краіне заводы. "Мы ведаем, што ў мінулым годзе сітуацыя па продажах і цэнах на цукар была не вельмі, але да канца года і ў пачатку бягучага года цэны на цукар проста падскочылі. Якая сітуацыя ў вас цяпер?" - пацікавіўся Прэзідэнт.

У 2020 годзе экспарт арганізацый канцэрна склаў $404,3 млн, або 115 працэнтаў да паказчыка 2019-га, у студзені - чэрвені 2021 года - $172,6 млн. Геаграфія экспарту ў 2020 годзе пашырана да 72 краін свету (53 краіны ў 2019 годзе).

У мінулым годзе асвоены 24 новыя рынкі збыту, за студзень - чэрвень 2021 года - 13 новых рынкаў.

У 2020 годзе ў цэлым па арганізацыях канцэрна рэнтабельнасць продажаў склалася на ўзроўні 10,2 працэнта.

"Белдзяржхарчпрам" курыруе больш за 25 класаў эканамічнай дзейнасці, асноўнымі з якіх з'яўляюцца вытворчасць цукру, кандытарскіх вырабаў, плодаагароднінных кансерваў для дзіцячага харчавання, алею і тлушчу, алкагольных напіткаў і піва, соладу, тытунёвых вырабаў і солі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі