![](https://blr.belta.by/images/storage/news/with_archive/2024/000019_1713262578_130252_big.jpg)
16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аграрыям ёсць чым ганарыцца, але работу сельскагаспадарчай галіны трэба зрабіць больш устойлівай, а яе развіццё - прагрэсіўным. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта нарада, адзначыў кіраўнік дзяржавы, з'яўляецца лагічным прадаўжэннем практыкі аб'ектыўнага і сістэмнага аналізу стану спраў у канкрэтных сферах эканомікі. На парадку дня гэты раз - пытанні развіцця аграрнай галіны, павышэння эфектыўнасці яе работы і павелічэння яе ўкладу ў сукупны нацыянальны даход.
"Ад стану спраў у вёсцы шмат у чым залежаць дабрабыт нашых людзей, валютныя паступленні, узровень харчовай бяспекі і ў канчатковым выніку сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне. Людзі перш за ўсё павінны быць накормлены, апрануты - словам, жыць нармальна. Тады і будзе сацыяльна-эканамічная стабільнасць. Шмат у чым гэтаму садзейнічае сельская гаспарадка, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У цэлым аграрыям ёсць чым ганарыцца. Беларусь у поўным аб'ёме забяспечвае сябе асноўнымі відамі прадуктаў харчавання. Істотна перасягае іншыя дзяржавы СНД па вытворчасці такой прадукцыі і спажыванні на душу насельніцтва".
![](https://img.belta.by/uploads/files/MGUK6251_result-1.jpg)
Так, забяспечанасць па малаку складае амаль 270 працэнтаў, мясе - 135 працэнтаў, цукры - больш за 150 працэнтаў, бульбе - 112 працэнтаў.
Па шэрагу пазіцый Беларусь дастойна выглядае і ў сусветным рэйтынгу. Краіна ўваходзіць у пяцёрку краін - экспарцёраў малакапрадуктаў і топ-20 вядучых экспарцёраў мясной прадукцыі, а гэта галоўныя прадукты сельскай гаспадаркі.
Айчынныя прадукты харчавання пастаўляюцца больш як у 107 дзяржаў свету, валютная выручка ад іх рэалізацыі за 2023 год склала амаль $7,5 млрд. "І гэта пры рэзкім падзенні сусветных цэн", - заўважыў Прэзідэнт.
"Сёння стаіць задача рухацца далей, зрабіць работу сельскагаспадарчай галіны больш устойлівай, а яе развіццё - прагрэсіўным. Усе магчымасці дабіцца гэтага ў нас ёсць, - перакананы кіраўнік дзяржавы. - Мы гэта ўмеем рабіць. Вы бачыце, якая ў свеце складваецца катастрафічная сітуацыя з прадуктамі харчавання. Зразумела, што становішча будзе толькі ўскладняцца ў сувязі з ростам насельніцтва і тымі праблемамі, якія ахопліваюць у тым ці іншым рэгіёне планеты насельніцтва. Паўтару яшчэ раз: нам трэба забыць пра санкцыі і іншыя заходнія страшылкі. Яны, вядома ж, ёсць. Але іх трэба забыць. Ведаеце, для чаго. Трэба жалезна пашыраць вытворчасць і экспарт прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Развіваць нацыянальныя брэнды, апярэджваючы канкурэнтаў. Заваёўваць новыя таварныя і геаграфічныя сегменты. Іншага не дадзена".
Таму размова ў час нарады, папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка, пойдзе не столькі аб поспехах, колькі аб існуючых праблемных пытаннях, вырашэнне якіх дасць магчымасць выйсці на істотна больш высокія паказчыкі.
![](https://img.belta.by/uploads/files/STA_0897_result.jpg)
"Сёння наша дыспазіцыя такая. Па выніках папярэдняга, 2023 года ў вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі мы атрымалі сціплыя крыху больш за 1 працэнт росту (а ў раслінаводстве мы ўпалі больш як на 1 працэнт, жывёлагадоўлі - 4,5 працэнта плюс). З улікам таго, колькі ўкладзена ў вёску, гэта больш чым сціпла", - падкрэсліў Прэзідэнт.-0-