Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 красавіка 2020, 14:21

Дзе будзе Беларусь пасля каранавіруса? - Лукашэнка не выключае спроб перадзяліць свет без вайны

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што глабальныя ігракі могуць скарыстаць сусветны крызіс, выкліканы ўспышкай каранавіруса, у сваіх мэтах. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў інтэрв'ю міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Любы палітык, а тым больш маёй пасады (я ж адказваю за мільёны людзей, і не толькі сваіх: у нас жа суседзяў нямала, жыццё якіх так ці інакш ад нас залежыць), павінен свае канкрэтныя тактычныя крокі звяраць з той стратэгіяй, якая магчыма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сёння ўжо многія задумваюцца над галоўным пытаннем: што будзе пасля пандэміі каранавіруснай інфекцыі. "А ці не здаецца, што ўладныя людзі без вайны (Макрон гэта ўжо вайной назваў), праз гэты так званы каранавірусны псіхоз, інфадэмію ў тым ліку, хочуць перадзяліць свет?" - спытаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў аб прапанове ААН надрукаваць грошы ў памеры 10 працэнтаў сусветнага ВУП для барацьбы з каранавірусам. "Гэта ж пустыя грошы. Долар і так паступова абясцэньваецца, а тут проста пойдзе вал, інфляцыя. Дзе апынёмся мы са сваім рублём, зразумела. Больш таго: хто атрымае гэтыя трыльёны, у каго яны застануцца? Ці не атрымаецца, што багатыя стануць багацейшымі, а бедныя - бяднейшымі? Атрымаецца. Нас падштурхнулі да таго, што мы павінны спыніцца, сядзець і праесці тыя мізэрныя валютныя запасы, якія ў нас ёсць. Нельга сказаць, што нават у Расіі яны вялікія. Гэта для Расіі нішто - седзячы, на год не хопіць. Гэтак жа і ў нас. І тады, надрукаваўшы 10 працэнтаў ВУП, да нас прыйдуць тыя, хто "на нагах", і скажуць: наце вам патрошку, але вы будзеце рабіць тое, што мы скажам. Вось так можа быць перадзелены свет", - выказаў меркаванне Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго непакоіць будучыня краіны, таму ён спрабуе глядзець далей. "Сёння ўсе ўжо адзначаюць: пасля пандэміі свет будзе іншым. І я з гэтым згодны, - заявіў ён. - Але дзе будзе наша месца ў гэтым свеце? Вось для мяне галоўнае пытанне. Не каронапсіхоз, не інфапандэмія. Гэта ёсць, але месяц-два - і пройдзе. Застанецца пытанне, дзе наша месца. І такое пытанне ўзнікне для ўсіх. І для багатых рэсурсамі Казахстана, Туркменістана, Таджыкістана, яшчэ больш - для Арменіі і Кыргызстана, Украіны і для Наўседы (Прэзідэнт Літвы. - Заўвага БЕЛТА), які сёння спрабуе паставіць пад сумненне палітыку Прэзідэнта Беларусі. Баюся, каб нас не перадзялілі без вайны", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Чаму я настойваю, каб працавала вытворчасць? Чаму я так перажываю за тое, каб людзі жылі сваім жыццём, у нейкай ступені палітычна рызыкуючы? Таму што я ўяўляю, што будзе з намі пасля гэтай пандэміі, калі мы спынімся, як многія: літоўцы, латышы і іншыя. Яны выстаяць. У Расіі ёсць нафта і газ, у якіх сёння мае патрэбу ўвесь свет. У Кітая - велізарныя магутнасці ў эканоміцы. У Амерыцы - друкарскі станок: два трыльёны ўкідваюць, яшчэ два на падыходзе", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі