Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

Дэмаграфічную сітуацыю і падтрымку сем'яў з дзецьмі абмеркавалі на нарадзе ў Лукашэнкі

Прэзідэнт 19.02.2019 | 11:04
У час нарады
У час нарады

19 лютага, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Дэмаграфічную сітуацыю і ўдасканаленне мер дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, абмеркавалі сёння на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пры разглядзе мер па падтрымцы сем'яў размова павінна ісці не толькі аб укараненні новых механізмаў, але аб удасканаленні сістэмы ў цэлым. "У нас і так ужо дабаўлена настолькі, што ніводная краіна ў свеце не падтрымлівае так сем'і з дзецьмі, як мы. У нас, па-мойму, да 11 розных дапамог. Я прачытаў аналіз па краінах: дапусцім, у Германіі вельмі моцныя выплаты, а нараджальнасць практычна як у Беларусі. І там, дзе не вельмі падтрымліваюць сем'і, там такая ж нараджальнасць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Таму, на яго думку, трэба разабрацца ў самой сістэме падтрымкі сям'і і, магчыма, пераразмеркаваць выдзяляемыя сродкі. "Можа, нам дзесьці ўзмацніць падтрымку, а дзесьці нейкую дробязь, якая не працуе, наогул зняць. Напрыклад, калі мы прымем рашэнне па забеспячэнні шматдзетных сем'яў жыллём, то, зразумела, гэта стымул. Жыллё для сям'і - гэта ўсё. А калі вы на санаторна-курортнае лячэнне адпраўляеце і даяце чалавеку тры долары - гэта вы проста распыляеце грашовыя сродкі. Таму нам трэба сур'ёзна падумаць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Таму давайце выбудоўваць па-чалавечы гэту размову, адштурхоўваючыся ад зямлі".

"У сферы дэмаграфічнай бяспекі мы сутыкаемся з такімі ж праблемамі, як і большасць дзяржаў свету. Гэта зніжэнне ўзроўню нараджальнасці і павелічэнне натуральнай страты насельніцтва. Калі не прымаць папераджальных мер, то, паводле прагнозаў спецыялістаў, тэндэнцыі да зніжэння колькасці насельніцтва і яго старэння будуць толькі ўзмацняцца аж да 2040 года", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што для падтрымкі сем'яў з дзецьмі ў Беларусі прыняты выключныя меры. Сярод іх - аплатны водпуск па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, ільготнае крэдытаванне для шматдзетных і праграма сямейнага капіталу. "Гэта істотныя меры, якія працуюць. Таму трэба падумаць: калі ўжо ўзмацняць - то меры, якія працуюць, і знімаць тыя, якія не працуюць. Усё роўна чалавек у выніку атрымае больш", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, наколькі прынятыя раней у краіне меры па падтрымцы сем'яў з дзецьмі эфектыўныя і ці садзейнічаюць яны павышэнню нараджальнасці. "Прырост насельніцтва, павышэнне працоўнага патэнцыялу - пытанне нацыянальнай бяспекі, і для нас яно гучыць гэтак жа востра, як і для іншых развітых краін", - канстатаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, што яму да гэтага часу дакладваюць аб недапрацоўках у забеспячэнні шматдзетных сем'яў жыллём. Вырашыць гэта пытанне да 2021 года Прэзідэнт даручаў на нядаўняй нарадзе-семінары па будаўніцтве.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў, старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў, старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс'

У краіне з 2016 па 2020 год дзейнічае дзяржаўная праграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь". Ёю прадугледжваецца стварэнне ўмоў для паляпшэння здароўя насельніцтва, развіцця і ўмацавання сямейных каштоўнасцей, павышэння прэстыжу бацькоўства, паляпшэння ўзнаўлення насельніцтва, скарачэння ўзроўню смяротнасці, павелічэння чаканай працягласці жыцця, павышэння якасці і даступнасці паслуг сістэмы аховы здароўя, а таксама аптымізацыі ўнутраных міграцыйных працэсаў.

Дакладвае міністр аховы здароўя Валерый Малашка
Дакладвае міністр аховы здароўя Валерый Малашка'

Прэзідэнт спытаў, як выконваецца гэта праграма і ці дазволіла яе рэалізацыя знізіць смяротнасць насельніцтва. "Як гэта праграма рэалізуецца, я бачу, глыбока акунуўшыся ў гэту праблему. Мы пакуль вельмі шмат гаворым пра здаровы лад жыцця, цокаем абцасамі, пачынаючы ад урада, у прыватнасці, віцэ-прэм'ера, які павінен гэтым займацца, кіраўніка Адміністрацыі і іншых падначаленых... Яшчэ раз папярэджваю: хоць адно нявыкананае маё даручэнне - адразу збірайцеся і ідзіце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я таксама патрабаваў ад міністра аховы здароўя прыняць комплексныя меры па зніжэнні смяротнасці. Хацелася б пачуць, што робіцца ў гэтым напрамку".

Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў: у бліжэйшыя гады неабходна распрацаваць і рэалізаваць дзейсныя меры, накіраваныя на павелічэнне нараджальнасці насельніцтва Беларусі. Пры гэтым важна, дадаў ён, удзяліць увагу фарміраванню ў грамадстве пазітыўнага і ўважлівага стаўлення да мацярынства і сямейных каштоўнасцей. "Чакаю ад удзельнікаў актыўнага абмеркавання і прапаноў па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Ніякіх самасправаздач і разглагольстваванняў: трэба было разглядаць ва ўрадзе гэтыя пытанні, перш чым прыходзіць да Прэзідэнта", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Як далажыла на нарадзе міністр працы і сацабароны Ірына Касцевіч, з 1993 года Беларусь уступіла ў этап дэпапуляцыі: смяротнасць перавышае нараджальнасць. Краіна не ўзнаўляе сваё насельніцтва з 1978 года, калі каэфіцыент простага ўзнаўлення ўпаў ніжэй за парогавае значэнне. "Прынятыя на дзяржаўным узроўні меры дазволілі дабіцца з 2010 года адноснай стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі. Аднак гэта тэндэнцыя не набыла ўстойлівы характар, аб чым сведчаць вынікі апошніх двух гадоў. Нараджальнасць зніжаецца", - канстатавала яна.

У 2018 годзе ў Беларусі нарадзілася менш як 95 тыс. дзяцей, што на 8 працэнтаў менш у параўнанні з 2017-м. Узровень смяротнасці застаецца даволі высокім: у мінулым годзе ў краіне памерлі амаль 200 тыс. чалавек, што на 600 чалавек больш, чым у 2017-м. У выніку натуральная страта склала больш за 25 тыс. чалавек, павялічыўшыся на 9 тыс.

"Вынікі 2018 года: колькасць насельніцтва зменшылася і склала амаль 9,476 млн чалавек", - прывяла статыстыку Ірына Касцевіч.

Каб пераадолець гэту негатыўную тэндэнцыю, удзельнікі нарады разглядаюць усе меры, якія дапамогуць палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне - ад прадаўжэння праграмы сямейнага капіталу да больш актыўнага будаўніцтва жылля для шматдзетных сем'яў і прадастаўлення магчымасці па бясплатным правядзенні адной спробы ЭКА.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, міністр адукацыі Ігар Карпенка
Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, міністр адукацыі Ігар Карпенка'

У нарадзе ўдзельнічалі прэм'ер-міністр, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, старшыні аблвыканкамаў і кіраўніцтва Банка развіцця.-0-

Фота Юрыя Арэшкіна

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Сезон актыўнасці кляшчоў У Беларусі пачынаецца сезон актыўнасці кляшчоў. Выконвайце меры прафілактыкі ўкусаў кляшчоў.