Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 студзеня 2019, 16:23

Дапрацоўка законапраекта і экспертныя меркаванні - падрабязнасці нарады ў Лукашэнкі па дзяржслужбе

22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасля канцэптуальнага разгляду новага законапраекта "Аб дзяржаўнай службе" Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў у спакойным рэжыме дапрацаваць гэты дакумент. Такі вынік праведзенай у кіраўніка дзяржавы нарады, на якую ў тым ліку былі запрошаны прадстаўнікі экспертнай і навуковай супольнасці, паведамляе БЕЛТА.

Асноўнай ідэяй, якая была закладзена ў законапраект, з'яўляецца падыход да дзяржаўнай службы як да цэласнай сістэмы, якая складаецца з некалькіх відаў дзяржслужбы. "На сённяшні дзень у нас разрознена рэгулююцца ваенная служба, служба ў ваенізаваных арганізацыях і дзяржаўная грамадзянская служба. Гэты праект закона сведчыць аб тым, што ў краіне павінна існаваць адзіная сістэма дзяржаўнай службы, якая аб'ядноўвае ўсе гэтыя віды. Гэта асноўны канцэптуальны пасыл, які дасць магчымасць выбудаваць далейшае прававое рэгуляванне ўсёй сістэмы дзяржаўнай службы", - сказаў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў.

Паводле яго слоў, законапраект таксама прадугледжвае ўзмацненне дысцыпліны і адказнасці дзяржслужачых. Суразмерна з адказнасцю, якая ўстанаўліваецца, замацоўваюцца сацыяльна-прававыя гарантыі і розныя кампенсацыі для іх. Пры гэтым на нарадзе кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на ўзмацненні спагнання за карупцыю і недысцыплінаванасць.

"Для таго, каб былі сацыяльныя гарантыі і нейкія так званыя бонусы для дзяржслужачых, неабходна паглядзець, як выконваецца службовая дысцыпліна і якая адказнасць у дзяржаўнага служачага перад насельніцтвам. Таму першае, што пачала рабочая група, - распрацоўка асноўных напрамкаў, звязаных са службовай дысцыплінай, устанаўленнем агульных этычных патрабаванняў, - адзначыў дырэктар цэнтра. - У гэтым праекце ўпершыню з'явілася нарматыўнае прадпісанне, што такое службовая дысцыпліна. І гэта накшталт патрабаванняў воінскіх статутаў".

У законапраекце, што распрацоўваецца, будзе ўдакладнена, якія менавіта этычныя патрабаванні прад'яўляюцца да службовых асоб у службовы і пазаслужбовы час. "Акрамя таго, там прапісваецца, як дзяржаўнаму служачаму паводзіць сябе ў сацыяльных сетках", - дадаў Вадзім Іпатаў.

У сваю чаргу прарэктар па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях БДУ, доктар юрыдычных навук, прафесар Вольга Чупрыс канстатавала, што над законапраектам працавала міжведамасная рабочая група, у склад якой увайшлі вучоныя і эксперты, якія пераважна не з'яўляюцца дзяржслужачымі. "Уносілі шмат практычных, тэарэтычна абгрунтаваных прапаноў, крытычна падыходзілі да ўсіх тых рэкамендацый, якія даваліся практычнымі работнікамі, вывучалі замежны вопыт", - сказала яна.

Прэзідэнту ў час нарады ў тым ліку было даложана аб шэрагу прапаноў, якія ўзніклі на ўзроўні рабочай групы. Адна з іх датычыцца ратацыйных пасад. "Цяпер ратацыя прадугледжана ў Беларусі адносна дзвюх відаў пасад. Гэта пракурорскія і дыпламатычныя работнікі. Аднак чаму б аб гэтым не гаварыць у цэлым у сістэме дзяржслужбы для грамадзянскіх дзяржаўных служачых. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што, сапраўды, аб гэтым трэба падумаць на перспектыву. Замежны вопыт дазваляе нам прааналізаваць ратацыйныя пасады", - адзначыла Вольга Чупрыс.

Навуковая супольнасць таксама ўнесла прапанову разгледзець магчымасць стварэння спецыяльнага органа кіравання дзяржслужбай, аргументуючы гэта тым, што такі орган быў бы запатрабаваны ў складанай сістэме дзяржаўнай службы. "Няхай ён будзе невялікі, кампактны, але вельмі прафесійны, які мог бы аналізаваць стан спраў у дзяржаўнай службе, нават службовыя інструкцыі, колькасць пасад, якія ёсць, - дадала эксперт. - Не кажучы аб тым, што ў практычнай дзейнасці на дзяржслужбе ўзнікае шмат праблем па аптымізацыі працэсаў, вырашэнні спрэчак, звязаных з прыёмам, звальненнем, пераводамі".

Вольга Чупрыс таксама звярнула ўвагу на аспект, звязаны са здачай экзаменаў пры паступленні на дзяржслужбу: "Цяпер кваліфікацыйны экзамен здаюць у кожным органе. Магчыма, гэта трэба зрабіць у адным адзіным органе з выдачай адпаведнага сертыфіката".

"Задача дзяржавы - мець дакладна выбудаваную дзяржаўную службу. Але самае галоўнае, што дзяржаўная служба існуе для народа. Адсюль і патрабаванні да дзяржаўных служачых і да самой дзяржаўнай службы - пазіцыі наконт дысцыпліны, узмацненне публічных пачаткаў, аб адказнасці дзяржслужачых. Адначасова, вядома, будзе стаяць пытанне і аб гарантыях дзяржаўным служачым у сувязі з тым, што яны аддаюцца служэнню грамадству. Таму канечная мэта якраз у тым, каб гарманізаваць інтарэсы грамадства, дзяржавы, саміх дзяржаўных служачых", - рэзюмавала Вольга Чупрыс.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі