
29 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дапрацаваны праект указа па пытаннях кантрольнай (нагляднай) дзейнасці паўторна прадстаўлены кіраўніку дзяржавы. Дакумент вынесены на разгляд у ходзе нарады Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аб тым, як дапрацаваны праект указа, на нарадзе павінен далажыць генеральны пракурор. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці ёсць па гэтым дакуменце прынцыповыя аспекты, якія патрабуюць абмеркавання.
Як паведамлялася, гэта пытанне раней ужо абмяркоўвалася на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Нарада па гэтай тэматыцы адбылася 28 сакавіка. Тады Прэзідэнту прадставілі праект указа аб павышэнні эфектыўнасці кантрольна-нагляднай дзейнасці, дапрацаваны з улікам заўваг і прапаноў, выказаных на нарадзе ў маі мінулага года. Аляксандр Лукашэнка адправіў дакумент на дапрацоўку. Адно з галоўных яго патрабаванняў датычылася зручнасці выкарыстання норм дакумента, змянення стылю і метадаў работы кантралюючых органаў з акцэнтам на павышэнне эфектыўнасці работы. Зацікаўленым дзяржорганам ставілася задача знайсці кампраміс, перагледзець падыходы і выдаць дакумент належнай якасці.

Прыняты ў 2009 годзе ўказ нумар 510 "Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь", які пакуль прадаўжае дзейнічаць, ужо ўсё ж такі ўстарэў, ды і сама сфера мае патрэбу ў пэўных карэкціроўках, прычым не толькі ў тэхнічных.
"Мы вялікі ўпор робім на папярэджанне і прафілактыку. І кіраўнік дзяржавы ставіць перад намі задачу, каб мы трымалі баланс: калі парушыў - безумоўна, будзеш адказваць і ніякіх выключэнняў у гэтым выпадку не будзе; калі нармальна працуеш - ніякіх прэтэнзій да цябе не будзе і мы не будзем абцяжарваць частымі наведваннямі", - растлумачыў старшыня КДК Васіль Герасімаў.-0-