Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 кастрычніка 2022, 14:31

Чаму візіт Лукашэнкі ў Душанбэ - прыклад для СНД і што павезлі адтуль члены дэлегацыі? Падрабязнасці з урадавага борта

У кастрычніку Прэзідэнт Беларусі наведаў з візітамі Таджыкістан і Казахстан. На фоне самітаў у Астане, дзе Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг гучных заяў і правёў некалькі знакавых сустрэч, яго афіцыйны візіт у Душанбэ здаўся радавой паездкай. Так, там не абмяркоўваліся шматмільярдныя кантракты, глабальныя пытанні бяспекі і вайна ва Украіне. Прынамсі, публічна. Але, тым не менш, гэты візіт стаў не толькі важнай падзеяй для двухбаковых адносін Беларусі і Таджыкістана, але і сігналам для іншых краін СНД. Як так? Падрабязнасці ў праекце "Па факце: рашэнні Першага".

Чым Таджыкістан цікавы для Беларусі?

Спачатку невялікі лікбез. Таджыкістан - гэта найменшая па плошчы дзяржава ў Цэнтральнай Азіі. Ён мяжуе з Афганістанам, Кітаем, Кыргызстанам і Узбекістанам. Таджыкістан багаты на карысныя выкапні. Яшчэ ў савецкія гады тут былі адкрыты радовішчы ўрану, золата, серабра, вальфраму, вісмуту, а таксама высакаякаснага мармуру. Але іх здабыча цяжкая з-за слабаразвітай інфраструктуры. Цяпер, дарэчы, усім гэтым зацікавіўся Кітай. І не факт, што з ім нехта зможа сапернічаць тут.

Чым Таджыкістан цікавы Беларусі? Гэта невялікі рынак, але ён мае патрэбу ў самых разнастайных таварах. Які да таго ж сустракае беларусаў ветліва. Гэта магчымасць выйсці на рынак Афганістана, які мае патрэбу ў прадукцыі яшчэ больш.

Чым Беларусь цікавая Таджыкістану? Не, зусім не шырокай лінейкай прадукцыі. Хоць і гэтым таксама. Але перш за ўсё сваім стаўленнем. Беларусь не разглядае Таджыкістан як краіну, куды можна прадаць хутка і дорага свой тавар. Для яе гэта раўнапраўны партнёр, з якім можна не проста гандляваць, але і ствараць сумесныя вытворчасці. І разам выходзіць на рынкі трэціх краін.

У Гісарскім раёне ўжо збіраюць беларускія трактары, камбайны і сельскагаспадарчую тэхніку. У Худжандзе вырабляюць магілёўскія ліфты. Тут жа ствараецца прадпрыемства па вытворчасці віцебскіх дываноў. У Душанбэ сумесна з Мінскім малочным заводам вось-вось пачнуць выпускаць малочную прадукцыю. Цалкам магчыма, Беларусь пачне асвойваць у Таджыкістане гарнарудную, металургічную і будаўнічую прамысловасць.

"Менавіта гатоўнасць абодвух бакоў да ўмацавання партнёрскіх і саюзніцкіх адносін, паглыблення і развіцця кантактаў дазволіла надаць супрацоўніцтву Беларусі і Таджыкістана асаблівы статус стратэгічнага ўзаемадзеяння", - заявіць затым Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Таджыкістана.

Як Лукашэнку сустракалі ў Таджыкістане?

Напярэдадні візіту кіраўніка дзяржавы ў сталіцу Таджыкістана прыляцела вялікая беларуская дэлегацыя міністраў і бізнесменаў, якія прадстаўляюць інтарэсы больш як 70 кампаній і прадпрыемстваў. Беларусы разгарнулі ў Душанбэ маштабную выстаўку Made in Belarus, а на праведзеным бізнес-форуме было заключана кантрактаў амаль на $50 млн. Хоць першапачаткова прагнозы ў беларускага боку былі куды скрамней.

"Прадстаўлены фактычна ўсе сектары эканомікі. Гэта машынабудаванне, металургія, прадукты харчавання, дрэваапрацоўка, лёгкая прамысловасць. Для многіх гэта першая сустрэча са сваімі партнёрамі. І той пошук партнёраў, які мы ажыццяўляем з калегамі, думаю, дасць вынікі ў далейшым", - адзначыў у кулуарах бізнес-форуму старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў.

Радасна ў Душанбэ чакалі і беларускага Прэзідэнта. Усё, як і належыць пры сустрэчы старога сябра: рота ганаровай варты, ваенны аркестр і фанфары, гімны і моцныя рукапацісканні. Кіраўнікі дзяржаў спачатку сам-насам, а потым у пашыраным фармаце абмеркавалі адносіны паміж краінамі, няпростую сітуацыю ў свеце і ў рэгіёне. Незадаволеныя яны засталіся толькі тавараабаротам. У мінулым годзе ён дасягнуў $126 млн дзякуючы гандлю спецыфічнымі таварамі, а ў гэтым годзе без іх ён знізіўся ў два разы. Таму і завяршылася сустрэча наказам беларускай дэлагацыі.

"Я толькі што папрасіў членаў нашых дэлегацый, членаў урада (дэлегацыя значная), каб мы адсюль з пустымі рукамі не вярталіся. І каб гэта было выгадна таджыкскаму боку", - заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі пасля перагавораў з Эмамалі Рахмонам.

Аб чым дамовіліся Беларусь і Таджыкістан?

Афіцыйныя перагаворы змяніліся афіцыйным прыёмам. А на наступны дзень, пасля таго як Аляксандр Лукашэнка правёў яшчэ шэраг сустрэч, Эмамалі Рахмон запрасіў свайго беларускага калегу ў загарадную рэзідэнцыю. І не проста запрасіў, а сам заехаў за ім ва ўрадавую рэзідэнцыю, дзе размясціўся кіраўнік дзяржавы. Адтуль прэзідэнты накіраваліся ў мястэчка Такоб Варзобскага раёна.

Дарэчы, беларусы паляцелі ў Мінск сапраўды не з пустымі рукамі. Акрамя дамоўленасцей на паўсотні мільёнаў долараў, кожны член дэлегацыі атрымаў загадкавы падарунак ад Прэзідэнта Таджыкістана. Што было ў гэтай драўлянай скрыначцы - застаецца толькі здагадвацца. Але дыні на рэйсе назад дакладна былі. Тым больш нагода, як аказалася, была двайная - нехта з членаў дэлегацыі адзначаў дзень нараджэння.

І вось. Кантракты на дзясяткі мільёнаў долараў, цёплая сустрэча і дамоўленасці аб сумесных вытворчасцях. Гэта сапраўды стане штуршком для беларуска-таджыкістанскіх адносін.

"Нам прапанавана разгледзець тыпавы варыянт фабрыкі па перапрацоўцы бавоўны да пражы і ад пражы да тканіны. Інвестыцыі там даволі значныя, таму мы вывучаем, наколькі мы зможам зайсці краінай на гэтых умовах, прапанаваных таджыкскім бокам. Хоць я лічу і абсалютна пераканана, што ўсё ж такі мэтазгоднасць уваходжання капіталам (таджыкскі бок прапануе і стапрацэнтны капітал) у іх землі і вытворчасць па бавоўнавым складніку разглядаць неабходна", - расказала БЕЛТА старшыня канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Лугіна.

Як звязаны візіты Лукашэнкі ў Таджыкістан і Казахстан?

Але чаму мы назвалі гэты візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Душанбэ сігналам для іншых дзяржаў СНД? Беларусь, выбудоўваючы адносіны з якімі б там ні было краінамі, пастаянна нагадвае аб сваёй пазіцыі: "У нас няма закрытых тэм. Зробім для вас усё што можам".

Беларускія ўлады з аднолькавай павагай ставяцца да ўсіх бліжэйшых партнёраў. Нават калі іх раздзіраюць супярэчнасці. Нават калі нехта вялікі, а нехта малы. Нават калі ў некага кішэні напханы стратэгічнымі рэсурсамі, а хтосьці аб гэтым пакуль толькі марыць. Павага яшчэ не ўсё. Беларусы бачаць за кожным дзяржаўным утварэннем нацыю, народ.

"Нашы народы падобныя адзін да аднаго. Я нават сказаў бы нічым не адрозніваюцца адзін ад аднаго: гэта добрыя, працавітыя, таленавітыя народы. І ў сувязі з гэтым у нас ёсць пэўны поспех у нашых адносінах", - растлумачыў Прэзідэнт Беларусі яшчэ ў Душанбэ на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Маджлісі Олі Таджыкістана Махмадтаірам Закірзадой.

На прасторы Садружнасці такія падыходы падзяляюць не ўсе. З-за гэтага СНД страціла Грузію і Украіну. Ірвуцца сувязі з Малдовай. А ў госці да цяперашніх удзельнікаў арганізацыі паспяхова напрошваюцца ўсімі "любімыя" заходнія партнёры. Амерыканцы даўно аблюбавалі Таджыкістан, які мяжуе з Афганістанам. Галівудскія ўсмешкі бліскаюць у Арменіі, Кыргызстане і Узбекістане. Калі вам працягваюць руку дапамогі, няўжо вы не схопіцеся за яе? Вось-вось.

"Нас не 100-200 мільёнаў. Але мы хочам, каб нас паважалі. Дзе мы нешта парушылі? Недзе не так павіталіся? Мы заўсёды паважалі інтарэсы свайго галоўнага стратэгічнага партнёра. Мы хочам, каб нас паважалі. Уладзімір Уладзіміравіч, просьба да вас, каб не было палітыкі да краін Цэнтральнай Азіі як да былога Савецкага Саюза. Як і цяпер, мы былі сведкамі таго, што не было ўвагі малым рэспублікам, малым народам. Не ўлічваліся традыцыі, звычаі. Не аказалі падтрымку развіццю", - гэтыя шчырыя перажыванні Прэзідэнта Таджыкістана на саміце "Расія - Цэнтральная Азія" ў Астане, як гаворыцца, узарвалі інтэрнэт.

А калі ўлічваць, колькі багацця схавана ў нетрах Таджыкістана, які не зможа самастойна ўсё здабыць, але гатовы падзяліцца ім, перажыванні Эмамалі Рахмона цалкам апраўданы. І тут на арэну можна зноў запрашаць ЗША.

Аб чым папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка калег у Астане?

Цяперашняя сітуацыя - праблема не сённяшняга дня. Але аб наступствах пачынаюць задумвацца толькі сёння. На жаль, гэтага не дастаткова. Час страчаны, а значыць, наганяць яго трэба сямімільнымі крокамі. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэджваў на саміце СНД у Астане.

"Думаю, усе тут разумеюць, што сапраўдныя мэты заходніх стратэгаў намнога шырэй - расчляніць еўразійскую прастору па сектарах уплыву і выкарыстоўваць нашы краіны ў якасці сыравінных і прамысловых прыдаткаў. Трэба быць гатовы да самых разнастайных правакацый па ўсім перыметры СНД. На трываласць будуць выпрабоўваць усіх. Пакуль, на жаль, вымушаны канстатаваць адсутнасць у шэрагу выпадкаў узаемнай падтрымкі", - заявіў беларускі лідар на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці.

Чаму Прэзідэнт Беларусі яшчэ не стаміўся заклікаць да гэтага? Літаральна некалькі гадоў таму Захад спрабаваў зацягнуць рэспубліку ў свае абдымкі. Вы памятаеце ўсе гэтыя візіты амерыканскіх чыноўнікаў у Беларусь. Гэты мыльны пузыр лопнуў вельмі хутка. На шчасце Беларусі, амерыканцы аказаліся недальнабачныя і нецярплівыя. Або проста не на таго натрапілі. Рэзка адкінуўшы у бок галівудскую ўсмешку, яны ашчэрылі зубы і ўсё стала на свае месцы.

Прычым размова не толькі пра постсавецкую прастору. Мы ўжо абмяркоўвалі ў папярэдніх выпусках праекта "Па факце: рашэнні Першага", што канечная мэта - Кітай. Азіі, лічыць Аляксандр Лукашэнка, час стаць адзіным цэлым і разам процістаяць праблемам. Але не на словах, а на справе.

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы таксама гаварыў у Астане на саміце Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі: "Ланцуг канфліктаў, што ўзрушыў Стары Свет, ужо дакаціўся і да Азіі. Прычым заходнія краіны, якія прапануюць свае міратворчыя паслугі, на справе толькі падліваюць масла ў агонь і не зацікаўлены ў дээскалацыі. Іх мэта - усіх пасварыць, раздзяліць, атрымаць некантралюемы доступ да рынкаў і рэсурсаў. З'яўляючыся часткай вялікай Еўразіі, Беларусь не можа ігнараваць сённяшні стан спраў у рэгіёне. Перакананы, што надышоў час аб'яднаць свае намаганні і разам процістаяць праблемам, з якімі мы сутыкнуліся і якія не зможам пераадолець паасобку. Усе ўмоўнасці, пратэкцыянізм і нацыянальны эгаізм павінны застацца ў мінулым".

Калі нехта лічыць, што Нарада па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі - проста невялікая сустрэча для азіятаў, проста гляньце на ўзровень кантактаў беларускага Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка ў час саміту правёў перагаворы з лідарамі Казахстана, Турцыі, Пакістана. Пагутарыў з намеснікам старшыні КНР, Эмірам Катара, Прэзідэнтам Кыргызстана. Гэтыя сустрэчы - магчымасць не толькі зверыць гадзіннікі ў двухбаковых адносінах, але і адчуць, як гаворыць сам Прэзідэнт, нерв планеты. Гэта значыць зразумець, што адбываецца з сістэмай сусветных адносін, каб убудаваць у яе і Беларусь.

Як будзе развівацца сітуацыя ў бліжэйшы час, прадказваць і тым больш гадаць не бяромся. Ведаем адно: краінам трэба не толькі слухаць, але і чуць адна адну. Бярыце прыклад з Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі