Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 верасня 2022, 12:05

"Чалавеку з велізарным сэрцам". Лукашэнка ўручыў медаль школьніку, які выратаваў сясцёр пры пажары

13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 верасня ў час цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод у Палацы Незалежнасці ўзнагародзіў медалём "За выратаванае жыццё" вучня 8-га класа Макранскай сярэдняй школы Багдана Шэлега, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выступаючы з прамовай, кіраўнік дзяржавы заявіў, што хоча ўдзяліць увагу зусім юнаму грамадзяніну Беларусі, які прысутнічае на цырымоніі. "Чалавеку з велізарным сэрцам", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ім аказаўся васьмікласнік Багдан Шэлег з аграгарадка Макраны Маларыцкага раёна. Падлетак выратаваў падчас пажару дзвюх маленькіх сясцёр, літаральна вынес дзяўчынак з агню на абпаленых руках. Здарэнне адбылося ў лютым гэтага года. Узгаранне ў доме адбылося пад раніцу, бацькі былі на працы.

"Прачнуўся ад дзіўнага гуку і ад паху дыму. Нешта загарэлася ў туалеце. Хацеў узяць сясцёр на рукі і вынесці з дому праз дзверы, але паляцелі іскры - нельга было выйсці. Нічога не было відаць. Успомніў, што пры пажары трэба класціся на падлогу, таму што там ёсць кісларод. Паклаў сясцёр, затрымаў дыханне і разбіў акно. Пакуль сам не задыхаў свежым паветрам, дзяўчынак не паднімаў. Ачысціў ад шкла падаконнік, потым паклаў на яго сясцёр. Выскачыў праз акно, спачатку малодшую Еву выцягнуў, потым старэйшую Паліну", - расказваў раней пра здарэнне Багдан.

"Гэта будучыня. Такія героі павінны быць у Беларусі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод.

Багдан прызнаўся журналістам, што перад цырымоніяй вельмі хваляваўся, паколькі яму трэба было атрымліваць медаль з рук кіраўніка дзяржавы. "У школе былі здзіўлены, што Прэзідэнт будзе мяне віншаваць і ўручаць медаль", - сказаў ён.

Аналізуючы тое, што здарылася, васьмікласнік разумее, што тады для яго ўсё магло скончыцца трагічна. "Я пра гэта думаў, але ўсё роўна хацеў выратаваць сясцёр. Яны цяпер шчаслівыя, жывуць спакойна. Пра пажар ніяк не ўспамінаюць", - падзяліўся Багдан.

Усведамляе Багдан адказнасць і рашучасць свайго ўчынку, без залішняй сціпласці згаджаючыся, што дзякуючы яго ўчынку былі выратаваны жыцці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі