ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 31 сакавіка 2023
Мінск +2°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 снежня 2022, 13:24

Чаго чакаць ад нефармальнай сустрэчы лідараў СНД у Санкт-Пецярбургу з удзелам Аляксандра Лукашэнкі

Фота з архіва
Фота з архіва

26 снежня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні, 25 снежня, прыбыў у Санкт-Пецярбург, дзе 26 і 27 снежня прыме ўдзел у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД, паведамляе БЕЛТА.

Чакаецца, што лідары краін збяруцца ў другой палове дня 26 снежня ў Прэзідэнцкай бібліятэцы імя Барыса Ельцына. Установа размешчана ў цэнтры Санкт-Пецярбурга ў гістарычным будынку Сінода на Сенацкай плошчы. Будынак бібліятэкі даволі часта выкарыстоўваецца для правядзення такіх сустрэч і самітаў.

Напярэдадні пасля прыбыцця Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце сустракалі адразу два губернатары: Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка і Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў. З абодвума кіраўнік беларускай дзяржавы ўжо сустракаўся ў бягучым годзе. Беларусь з Ленінградскай вобласцю і Санкт-Пецярбургам гістарычна звязвае цеснае супрацоўніцтва ў самых розных галінах, якое апошнім часам толькі ўмацоўваецца. На парадку дня ў тым ліку маштабныя праекты па выкарыстанні расійскай партовай інфраструктуры для перавалкі беларускіх грузаў.

Жыхароў Беларусі і Паўночнай сталіцы Расіі, як і ў цэлым народы дзвюх краін, звязвае і агульная гістарычная памяць. У Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці 18 студзеня будзе адзначацца 80 гадоў з дня прарыву блакады Ленінграда, запланаваны памятныя мерапрыемствы, на якія запросяць і блакаднікаў, якія пражываюць у Беларусі.

Што прадугледжвае фармат такіх нефармальных самітаў

Такія пераднавагоднія сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў ужо сталі добрай традыцыяй. Сабрацца ў Санкт-Пецярбургу ў канцы года Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін запрасіў сваіх калег яшчэ на саміце Еўразійскага эканамічнага саюза ў Бішкеку 9 снежня.

У цэлым на такіх сустрэчах лідары краін, як правіла, не гавораць доўгіх праграмных прамоў, і часта адкрытая для СМІ частка абмяжоўваецца толькі пратакольнай заявай гаспадара саміту. Аднак тым і каштоўны такі фармат, які дазваляе ў спакойнай абстаноўцы яшчэ раз зверыць гадзіннікі па тых ці іншых актуальных тэмах, выпрацаваць на перспектыву падыходы да вырашэння пытанняў, што стаяць на парадку дня.

Некаторым выключэннем у гэтым плане стаў пераднавагодні нефармальны саміт 28 снежня 2021 года, які таксама адбыўся ў Санкт-Пецярбургу. Усіх хвалявала тэма пандэміі, а таму адной з тэм сустрэчы стала агульная барацьба з каранавіруснай інфекцыяй. На сустрэчу лідараў краін запрасілі кіраўніка Федэральнай службы па наглядзе ў сферы абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека - галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Расіі Ганну Папову, якая выступіла па гэтай праблематыцы. З боку Аляксандра Лукашэнкі тады прагучаў шэраг надзённых пытанняў, адказы на якія былі вельмі каштоўныя як для лідараў краін, так і радавых грамадзян Садружнасці.

Аб чым будуць гаварыць у Санкт-Пецярбургу на гэты раз

Лідары краін падвядуць вынікі адыходзячага 2022 года, абмяркуюць планы па далейшым узаемадзеянні ў найбольш актуальных для Садружнасці сферах.

Як адзначаў старшыня Выканкама СНД Сяргей Лебедзеў, нефармальны саміт надасць дадатковыя імпульсы ўмацаванню супрацоўніцтва як у рамках Садружнасці, так і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, інфармуе ТАСС.

Расійскае інфармагенцтва "Інтэрфакс" удакладняе, што акрамя ўзаемадзеяння ў шматбаковым фармаце ў лідараў у Санкт-Пецярбургу будзе магчымасць абмеркаваць і двухбаковыя пытанні. У прыватнасці, у сустрэчы прымуць удзел Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў і прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. Раней армянскі бок не выключаў, што абодва лідары сустрэнуцца да канца года, хоць дату і месца не ўдакладняў. Разам з тым, нягледзячы на магчымасць, на палях саміту не плануецца трохбаковая сустрэча Пуціна, Аліева і Пашыняна.

"Яны (Прэзідэнт Азербайджана і прэм'ер-міністр Арменіі) будуць (у Санкт-Пецярбургу), але сустрэча на трох (з удзелам Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. - Заўвага БЕЛТА) не прадугледжана", - сказаў напярэдадні "Інтэрфаксу" прэс-сакратар Прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

Аб якіх агульных выкліках для краін СНД заяўляў Прэзідэнт Беларусі

Папярэдні раз у фармаце Садружнасці лідары краін сустракаліся ў Астане 14 кастрычніка на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў. Гэта быў поўнафарматны саміт, на якім старшынстваваў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў.

Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся думкамі па актуальных праблемах Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У тым ліку прагучаў шэраг важных заяў Аляксандра Лукашэнкі, якія растыражавалі СМІ. Улічваючы, што праз больш як два месяцы іх актуальнасць не толькі не знізілася, але і вырасла, нагадаем, аб чым гаварыў беларускі Прэзідэнт. Відавочна, вакол закранутых ім тады праблем размова так ці інакш будзе весціся і на гэты раз.

"На жаль, тое, аб чым мы так доўга гаварылі на працягу многіх гадоў, адбылося, стала рэальнасцю. Супраць усіх нас развязана сапраўдная гібрыдная вайна. І Украіна тут толькі прычына. Задумы асобных краін па рэваншы за прайграныя кампаніі мінулага стагоддзя выношваліся даўно, пачынаючы, як вядома, з першых дзён пасля перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а можа, і раней", - сказаў беларускі лідар на саміце ў Астане.

Паводле яго слоў, сёння на вастрыі эканамічных і фінансавых атак - Расія і Беларусь. "Але думаю, усе тут разумеюць, што сапраўдныя мэты заходніх стратэгаў значна шырэйшыя - расчляніць еўразійскую прастору па сектарах уплыву і выкарыстоўваць нашы краіны ў якасці сыравінных і прамысловых прыдаткаў. Трэба быць гатовымі да самых разнастайных правакацый па ўсім перыметры СНД. Падзеі нядаўнія ў Казахстане, Узбекістане - пераканаўчыя і вельмі павучальныя прыклады. Але гэта толькі пачатак. На трываласць будуць выпрабоўваць усіх", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў адсутнасць у шэрагу выпадкаў узаемнай падтрымкі сярод партнёраў па СНД і звярнуў увагу, што прынцыповыя нацыянальныя пазіцыі па-ранейшаму стрымліваюць эфектыўнае сумеснае процідзеянне санкцыйнаму націску Захаду.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што на постсавецкай прасторы засталося шмат міжнацыянальных і тэрытарыяльных спрэчак, якія Савецкі Саюз не змог або не паспеў вырашыць. Сённяшнія знешнія ігракі прыкладаюць неймаверныя намаганні, каб ператварыць кожную, нават самую нязначную, спрэчку ў гарачае процістаянне.

"Гаворачы аб эканамічнай сітуацыі, варта адзначыць, што яна складаная. Непрадуманыя дзеянні асобных урадаў, перш за ўсё Захаду, нанеслі адчувальны ўрон сусветнай эканоміцы. На прыкладзе Беларусі і Расіі вы ўбачылі, як у адзін момант могуць закрыцца традыцыйныя рынкі збыту для нацыянальных тавараў і закупак крытычнага імпарту, стаць недаступнымі пастаянныя ўжо формы міждзяржаўных разлікаў, крыніцы інвестыцый і многае іншае, - адзначыў беларускі лідар. - Але ў нас ёсць усё, каб максімальна знізіць нашу залежнасць ад агульнасусветных узрушэнняў і недружалюбных крокаў агрэсіўна настроеных дзяржаў. Трэба толькі гэтымі магчымасцямі ўмела скарыстацца".

Будзем спадзявацца, што тады пасылы беларускага лідара былі пачуты і ўспрыняты і цяперашні саміт, няхай нават нефармальны і пераднавагодні, стане нагодай, каб разам зрабіць упэўнены крок у будучыню. Бо ў рэшце рэшт важныя не фарматы сустрэч, а іх вынікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі