Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 красавіка 2024, 12:44

"Будзем плесціся ў хвасце - нас затопчуць". Лукашэнка аб задачы паскорыць мадэрнізацыю прамысловасці

9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэмпы якаснай мадэрнізацыі прамысловасці трэба паскорыць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб стане і задачах развіцця прамысловасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Асноўная маса цяперашніх праектаў датычыцца мадэрнізацыі прамысловых гігантаў, якія былі захаваны з часоў Савецкага Саюза (МАЗ, МТЗ, БЕЛАЗ). "Гэта добра, але нам неабходна стварыць абсалютна новыя, перадавыя вытворчасці, якія выпускаюць інавацыйныя прадукты", - арыентаваў кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым Прэзідэнт паставіў задачу ўзмацніць інтэграцыю прамысловасці з навукай, развіваць высокатэхналагічныя галіны, вытворчасць вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры.

"Ужо цяпер мы павінны рыхтаваць навукова-даследчую базу і інжынерна-тэхнічны персанал для распрацоўкі перспектыўных тэхналогій і фарміравання навукова-тэхнічнага задзелу ў мэтах далейшага развіцця мікраэлектроннай прамысловасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтых умовах, паводле яго слоў, асаблівую важнасць набывае рэалізацыя праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, сумесных імпартазамяшчальных праектаў, якія ствараюць аснову тэхналагічнага суверэнітэту і эканамічнай бяспекі. "Сродкі выдзелены. Іх неабходна не толькі своечасова асвоіць, але і стварыць прадукт, які будзе карыстацца доўгатэрміновым попытам", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аднак да якаснай мадэрнізацыі галіны аказаліся не гатовыя ні Міністэрства прамысловасці, ні прадпрыемствы, канстатаваў Прэзідэнт. "Да нядаўняга часу не было ні праектаў, ні ідэй (сумняваюся, што яны ёсць і цяпер). Разварушыліся, работа быццам пайшла, хоць тэмпы яўна патрабуюць паскарэння", - сказаў ён.

"Загрузка высокатэхналагічнага абсталявання, уведзенага ў 2023 годзе Аршанскім інструментальным заводам, па вытворчасці імпартазамяшчальнага сучаснага металарэзнага інструменту (свердлаў і фрэз) складае толькі 50 працэнтаў. Зноў тармажэнне. Няўжо незразумела: будзем тармазіць і плесціся ў хвасце, як я гаварыў, - нас затопчуць, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Вам далі ўсе неабходныя інструменты па фінансаванні праектаў, прадаставілі паўнамоцтвы для прыняцця аператыўных рашэнняў. Што яшчэ трэба?"

Стратэгічнай задачай для краіны Прэзідэнт назваў дасягненне тэхналагічнага суверэнітэту ў скразных сферах, якія забяспечваюць устойлівасць усёй эканомікі. Гэта сродкі вытворчасці, станкі, робататэхніка.

"Праекты па дасягненні тэхналагічнага суверэнітэту павінны стаць маторам абнаўлення нашай прамысловасці, дапамагчы ўсёй эканоміцы выйсці на перадавы ўзровень эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Перад урадам Прэзідэнт паставіў задачу прапрацаваць і сфарміраваць доўгатэрміновы, як мінімум да канца гэтага дзесяцігоддзя, заказ ад расійскіх партнёраў на высокатэхналагічную прадукцыю: "Каб нашы прадпрыемствы разумелі, па якіх правілах ім працаваць у Расіі".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі