
31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з вучонымі 31 студзеня падкрэсліў ролю прыкладной навукі ў развіцці краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы заявіў аб важнасці практыкаарыентаванасці ў навуцы, адзначыўшы, што паступова і беларускія вучоныя сталі гэта ўлічваць у сваёй дзейнасці. Але рабіць гэта, паводле слоў Прэзідэнта, трэба значна хутчэй.
"Навука нарэшце пакрыху, але пачынае ў гэтым напрамку разгортвацца. Але толькі пачынае разгортвацца. А мы ўжо ўсе павінны быць там, у гэтым працэсе, калі мы хочам выжыць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Выбары - гэта не толькі перамога. Я ж разумею, чаго хочуць людзі. Але без саміх людзей мы гэтага не зробім. Без навукі тым больш, - прадоўжыў ён. - Гэта пяцігодка - не толькі пяцігодка моладзі. Гэта пяцігодка вучоных. Мне няважна, якія вы будзеце - маладыя, пажылыя, сярэдняга ўзросту або зусім старыя. Галоўнае, каб вы маглі генерыраваць не толькі ідэі, але і іх сур'ёзна распрацоўваць і рабіць іх прыкладнымі для нашага жыцця, для нашай эканомікі. Гэта галоўнае. Будзе эканоміка - будзе і краіна".-0-
