Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
ІНФАГРАФІКА: Машынабудаванне Беларусі
18 Кастрычнік, 18:52 Стужка навiн
Лукашэнка: ганаруся беларускай моладдзю
18 Кастрычнік, 15:49 Прэзідэнт
Усе навіны

Без вялікіх адтэрміновак і з акцэнтам на кадры - Лукашэнка абазначыў пазіцыю па аказанні дзяржпадтрымкі

Прэзідэнт 10.09.2019 | 12:10
У час сустрэчы
У час сустрэчы

10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння, прымаючы з дакладам старшыню Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоля Ісачанку, публічна абазначыў сваю пазіцыю па пытанні магчымасці аказання дзяржпадтрымкі тым ці іншым праблемным прадпрыемствам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прынцып работы адзін: я гатовы выслухоўваць складаныя праблемы (іх трэба вырашаць, іх заўсёды хапае і ў нас, і ў іншых дзяржавах), але іх вырашэнне не павінна адкладвацца, калі датычыцца падтрымкі і дапамогі з боку дзяржавы, на нявызначаны час", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён растлумачыў, што часам прапануецца даць прадпрыемствам адтэрміноўкі і растэрміноўкі па пэўных выплатах на многія гады наперад.

"Па-другое, вы мне павінны сказаць, за кошт каго мы будзем падтрымліваць гідраўзмацняльнікі (ААТ "Барысаўскі завод Аўтагідраўзмацняльнік". - Заўвага БЕЛТА) і іншых. Яны ўжо мяне аб падтрымцы просяць які раз. Ужо і дырэктараў тых няма, царства ім нябеснае. А ўсе яны мяне прасілі, - заявіў Прэзідэнт. - А я папярэджваў, і тады, і цяпер магу сказаць: вырашаць трэба, перш за ўсё, кадравыя пытанні. Таму што, як толькі мяняем кіраўніка, адразу з'яўляецца нейкая актыўнасць на прадпрыемстве. Потым ён за 10 гадоў кладзецца на пасаду і не варушыцца, а мы ўсё яму даём адтэрміноўкі, растэрміноўкі і забяспечваем бюджэтныя ўліванні".

"Вось гэтага быць не павінна. Таму прынцып нашай размовы павінен быць заснаваны на тым, што, калі ёсць праблема, яе трэба вырашаць усім. А напружвацца трэба, пачынаючы з працоўнага калектыву любога прадпрыемства - там, дзе ёсць праблемы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што загадзя азнаёміўся з тымі пытаннямі, з якімі прыйшоў на даклад губернатар. "У мяне склалася такое ўражанне, што складаныя пытанні - у эканоміцы, асабліва на прамысловых прадпрыемствах - вы паспрабавалі вырашаць ва ўрадзе. Але ва ўрадзе ўстаноўка жалезабетонная (гэта датычыцца і губернатараў): мы не можам увесь час прадпрыемствы цягнуць на плячах і ўвесь час аказваць нейкую дзяржаўную падтрымку. Па-першае, без якіх-небудзь гарантый, па-другое, беспрасветна. А, па-трэцяе, там аж да 2035 года адтэрміноўкі, растэрміноўкі, крэдыты і гэтак далей", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго пазіцыя наконт гэтага вядома, і неабходна выразна ставіць такія пытанні, калі ў тым узнікае патрэбнасць: "Па-мужчынску, калі ёсць пытанне. Я скажу, будзем мы іх вырашаць ці не. Калі будзем, за кошт каго. Калі пазычыць на год-два грошай - калі ласка, мы можам пазычыць. Але на год-два. І, не дай бог, нехта іх не верне. Гэта зусім дрэнна".

"Але ж пытанні, якія выкладзены, датычацца невыканання абавязацельстваў. Там ужо і падтрымка была, і гарантыі выдаваліся. Прайшоў час - зноў просяць падтрымку, зноў нейкія гарантыі. А чаму не выканалі абавязацельствы, як, дапусцім, ты ў сельскай гаспадарцы? Пазычыў з рэзерваў у мінулым годзе хлеб - вярнуў. Я разумець буду, што маю справу з прыстойным чалавекам. Трэба будзе яшчэ пазычыць што-небудзь - калі ласка. Але незваротна не бывае ні натуральнай нейкай аплаты, ні грашовай", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама пацікавіўся ў Анатоля Ісачанкі, што яго насцярожвае ў прамысловым сектары і сельскай гаспадарцы. "У вёсцы ўсё ідзе планава, насцярожанасці ніякай няма. Усе абавязацельствы, якія мы далі, выконваем. Дзякуй за той указ, які вы падпісалі па "Мясамалпраму". Мы там таксама абавязацельствы выконваем. Гэта дало магчымасць сельскай гаспадарцы працаваць больш стабільна ў фінансавым плане", - далажыў губернатар.

"Вось у такім плане я гатовы дапамагаць і падтрымліваць. Дапамаглі - абавязацельствы выконваюцца, пад'ём пайшоў. Калі ласка, па любым прадпрыемстве. Але не ў бездань", - акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

Па выніках сустрэчы Анатоль Ісачанка расказаў журналістам, што Прэзідэнту было даложана аб выніках развіцця Мінскай вобласці за 7 месяцаў, прагнозе на вынік года. "Былі ўзняты пытанні ў частцы далейшага развіцця вобласці ў плане адукацыі, аховы здароўя, будаўніцтва. Былі абазначаны падыходы па вырашэнні гэтых пытанняў - што мы плануем рабіць, за кошт якіх рэсурсаў. У асноўным гэта нашы крыніцы. Прэзідэнтам гэтыя падыходы былі падтрыманы. Нам застаецца толькі працаваць і рухацца", - адзначыў губернатар.

Што датычыцца пытанняў аказання дзяржпадтрымкі, ён удакладніў, што размовы не ішло аб тым, каб з рэспубліканскага бюджэту была аказана нейкая незваротная дапамога або фінансаванне. "Мы агучылі тыя падыходы, якія патрэбны для таго, каб гэтыя прадпрыемствы працавалі", - сказаў Анатоль Ісачанка.

Ён растлумачыў, што ў цэлым па выніках 7 месяцаў бягучага года ўсе паказчыкі, даведзеныя да Мінскай вобласці, выконваюцца. "Мы таксама чакаем іх выканання па выніках года. Сёння ідуць уборачныя работы - таксама ў планавым рэжыме. Асаблівых момантаў, якія патрабуюць напружання, у вобласці няма. Усё ў штатным рэжыме", - канстатаваў кіраўнік Мінскай вобласці.

Асобна Анатоль Ісачанка акцэнтаваў увагу на развіцці ў рэгіёне будаўнічай галіны: "30 працэнтаў усяго ўзводзімага жылля ў Беларусі будуецца ў Мінскай вобласці. Тут таксама былі абазначаны падыходы - аддаваць прыярытэт тым забудоўшчыкам, у якіх поўнасцю ёсць свая база (механізмы, будаўнічае абсталяванне), якія могуць не толькі каго-небудзь наняць, а самі заходзіць і будаваць".-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Машынабудаванне Беларусі Машынабудаўнічы комплекс Беларусі прадстаўляюць каля 250 вялікіх і сярэдніх арганізацый, у якіх працуюць 192 тыс. чалавек.