
8 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на адкрыцці Міжнароднага выставачнага цэнтра ў Мінску, выказаўся пра сітуацыю з бульбай у магазінах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт адзначыў, што грамадзяне хочуць купляць айчынную прадукцыю па нізкіх цэнах, а сяляне, наадварот, зацікаўлены прадаць свой тавар даражэй. "Каб і зарплата была, угнаенні купіць, пасеяць хутчэй", - сказаў ён.

І так выйшла, што ў Расіі цэны на тую ж бульбу аказаліся ў некалькі разоў вышэйшыя, чым у Беларусі. Таму вытворцы арыентаваліся на расійскі рынак.
"Нядаўна мне ва ўрадзе кажуць: "Аляксандр Рыгоравіч, не хвалюйцеся: у нас пару дзясяткаў тысяч тон насеннай бульбы - мы прададзім". Я гавару: "Хлопцы, я гісторык. Памятаеце, у гады Вялікай Айчыннай вайны людзі паміралі з голаду ў Ленінградзе, а зярняткі захавалі, каб потым хлеб быў. І вы думаеце, што ў Расіі і іншых краінах, дзе сёння дэфіцыт бульбы, заўтра вычарпаюць гэты дэфіцыт? Не. Ён яшчэ будзе некалькі гадоў. У нас ёсць насенная бульба. Давайце месяц яшчэ адмучаемся (каму там бульба не падабаецца?), а гэта пасеем. Атрымаем у дзесяць разоў больш, чым пасеялі, і потым прададзім па добрай цане". Таму такая вось хітрая, магчыма, сялянская задума", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Калі нехта перажывае ўжо за бульбу - месяц вытрымаем. Але без бульбы не будзем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручана разабрацца з сітуацыяй ва ўсіх гандлёвых сетках і паглядзець, якой прадукцыі не хапае.
"І потым я губернатараў паклічу і спытаю: хлопцы, я ж восенню вас папярэджваў, што трэба стварыць стабілізацыйныя фонды. Гэта значыць, пакласці ў запас, каб накарміць людзей. А што гэта? Бульба перш за ўсё. Яблык і іншае. Дзе яно? Вядома, сялянам трэба атрымаць грошы. Калі яны не прададуць бульбу (на экспарт. - Заўвага БЕЛТА) і не атрымаюць валюту, то нам з бюджэту давядзецца іх падтрымліваць. Не хацелася б. У нас небагатыя настаўнікі, урачы і пенсіянеры. Гэта нам таксама ўрок. Думаю, што гэта будзе для ўсёй вертыкалі ўлады апошні такі ўрок. Трэба прывесці сховішчы ў парадак, пакласці колькі трэба самай лепшай у свеце бульбы, каб наш народ ніколі не пакутаваў ад гэтага няшчасця", - падкрэсліў Прэзідэнт.-0-