Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 лістапада 2016, 19:08

Беларусі і Турцыі неабходна перабудоўвацца на кааперацыйную форму ўзаемадзеяння - Лукашэнка

11 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусі і Турцыі неабходна перабудоўвацца на новую, кааперацыйную форму ўзаемадзеяння. Аб гэтым сёння заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Думаю, пара ўжо адыходзіць ад чыстага гандлю таварамі, перабудоўвацца на новую, кааперацыйную форму ўзаемадзеяння, якая з'яўляецца важнейшым механізмам выжывання ў сучасных умовах. У Беларусі і Турцыі ёсць неабходныя для гэтага эканамічны патэнцыял і інструменты", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, перспектыўным бачыцца супрацоўніцтва прамысловых прадпрыемстваў дзвюх краін у галіне аўтамабіле- і трактарабудавання, вытворчасці аўтакампанентаў. "Неабходна садзейнічаць стварэнню на тэрыторыі нашых дзяржаў сумесных вытворчасцей складанатэхнічнай прадукцыі, у тым ліку ў мэтах яе прасоўвання на рынкі трэціх краін", - лічыць беларускі лідар.

У горадзе Ізмір ужо сабраны першыя грузавікі Мінскага аўтамабільнага завода. "Прапаную падумаць над пашырэннем гэтага вопыту. Мы гатовы прапанаваць турэцкім партнёрам супрацоўніцтва па вытворчасці велікагрузных кар'ерных самазвалаў, дарожна-будаўнічай і іншай спецыяльнай тэхнікі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Добрыя водгукі ў Турцыі атрымлівае беларуская кормаўборачная тэхніка ААТ "Гомсельмаш". У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы прапанаваў падумаць аб шляхах сумеснай вытворчасці гэтых машын на турэцкай тэрыторыі.

"Яшчэ адзін флагман беларускай індустрыі - трактар "Беларус" - вядомы фермерам па ўсім свеце, але пакуль у Турцыі ён сваю нішу не знайшоў. Мы актыўна шукаем стратэгічнага партнёра для стварэння адпаведнай вытворчасці і спадзяёмся на вашу асабістую падтрымку гэтых праектаў, а таксама на параду па выбары дастойных партнёраў для беларускіх вытворцаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што праводзімы ў Мінску беларуска-турэцкі бізнес-форум прызначаны садзейнічаць вывядзенню двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы на новы ўзровень.

Дзейсным механізмам развіцця двухбаковага гандлю Прэзідэнт назваў беларуска-турэцкую сумесную міжурадавую эканамічную камісію. "Лічу, што не трэба зацягваць з чарговым пасяджэннем, і, думаю, нам трэба было б яго правесці ў першым квартале 2017 года", - прапанаваў беларускі лідар.

Ён таксама заклікаў сістэматызаваць крокі ў гандлёва-эканамічнай сферы на бліжэйшую перспектыву.

Важным, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, з'яўляецца развіццё супрацоўніцтва ў адукацыйнай і навуковай сферах. Ён запрасіў турэцкіх студэнтаў атрымліваць якасную адукацыю па самых высокіх еўрапейскіх стандартах у Беларусі.

Беларускі бок таксама бачыць патэнцыял для развіцця сувязей з турэцкімі тэхналагічнымі паркамі і цэнтрамі трансферу тэхналогій. "Хачу запэўніць, што ўдзел турэцкіх кампаній у рэалізацыі праектаў будзе падтрымлівацца ўладамі Беларусі", - рэзюмаваў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі