Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
04 сакавіка 2019, 11:09

Беларусь заўсёды будзе надзейным партнёрам для Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця - Лукашэнка

4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь заўсёды будзе надзейным партнёрам для Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сумам Чакрабарці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь заўсёды будзе свята выконваць дамоўленасці, якія заключыла з банкам. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кіраўніцтву ЕБРР за ўвагу, якую банк удзяляе краіне. Дынаміка супрацоўніцтва за мінулы год істотна ўзрасла, інвестыцыі ЕБРР павялічыліся ў два разы.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў ролю банка ў рэалізацыі важных праектаў, ад якіх у значнай ступені залежыць якасць жыцця людзей. "Асабліва хачу адзначыць тыя праекты, якія звязаны са сферай жыллёва-камунальнага будаўніцтва, павышэннем якасці пітной вады (гэта для нас вельмі важна), будаўніцтвам дарог, рамонтам мастоў, якія ў нас у многіх населеных пунктах патрабуюць гэтага неадкладна. Гэта жыццёва важныя праекты для нашай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што парады, прапановы і дапамога ЕБРР па ажыццяўленні ў Беларусі працэсаў прыватызацыі маюць велізарнае значэнне, як і падтрымка з боку банка малога і сярэдняга бізнесу. "Мы з боку дзяржавы не мелі магчымасці ажыццяўляць такую падтрымку. Вы прыйшлі ў Беларусь і падтрымалі нашых прадпрымальнікаў. Гэта вялікі ўклад у будучыню Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прапанаваў Суме Чакрабарці правесці запланаванае на 2022 год чарговае пасяджэнне кіруючага савета ЕБРР у Беларусі і паабяцаў арганізаваць яго на самым высокім узроўні.

Сума Чакрабарці ў сваю чаргу падзякаваў за цёплыя словы: "Для мяне вялікая радасць і гонар прысутнічаць на такой сустрэчы. Гэта ўжо трэцяя наша сустрэча, і я быў бы рады прысутнічаць на такіх сустрэчах часцей, паколькі нашы адносіны дэманструюць пастаяннае ўмацаванне і паляпшэнне".

Прэзідэнт ЕБРР адзначыў, што ёсць розныя спосабы, якія даюць магчымасць ацаніць дынаміку развіцця адносін Беларусі з банкам. "Вядома, аб'ём інвестыцый - гэта адзін з такіх спосабаў. Як вы правільна адзначылі, у мінулым годзе інвестыцыі ўзняліся і дасягнулі амаль $400 млн. Гэта вельмі добры паказчык. Беларусь на сённяшні дзень знаходзіцца ў дзясятцы лідараў, з якімі мы працуем. Аднак мэта заключаецца ў тым, каб Беларусь увайшла ў пяцёрку лідараў у бліжэйшыя гады", - заявіў ён.

Як паведамлялася БЕЛТА, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ў 2018 годзе прафінансаваў у Беларусі 21 праект на суму больш за 360 млн еўра. Гэта лепшы вынік за ўвесь час работы банка ў краіне.

Сярод ключавых перспектыўных праектаў банка ў Беларусі - пілотны праект па мадэрнізацыі жылых дамоў для павышэння іх энергаэфектыўнасці. Разам з урадам банк разлічвае новыя падыходы па карпаратыўным кіраванні ў дзяржсектары.

У 2018 годзе каля 2/3 усяго аб'ёму аперацый прыпала на прыватны сектар, астатняе - на дзяржсектар. Гэтай прапорцыі банк мае намер прытрымлівацца і ў пяцігадовай перспектыве, развіццё прыватнага сектара застанецца для банка прыярытэтам.

У прыватнасці, у 2018 годзе быў выдзелены буйнейшы муніцыпальны крэдыт памерам 84 млн еўра "Мінскводаканалу", 5 млн еўра - для кампаніі па кіраванні цвёрдымі адходамі ў Пухавіцкім і Чэрвеньскім раёнах Мінскай вобласці, а таксама 42 млн еўра - на завяршэнне рэканструкцыі МКАД-2.

У прыватным сектары былі падпісаны крэдытныя пагадненні з шэрагам замежных і айчынных кампаній: на 50 млн еўра з вытворцам ДСП і мэблі ЗТАА "ВМГ Індустры", на 20 млн еўра з вытворцам мэблі ЗТАА "Мебелаін", на 20 млн еўра з ТАА "Еўрагандаль". У 2018 годзе ЕБРР стаў акцыянерам аграхолдынга "Сервалюкс", а таксама прадаставіў крэдыт на 5 млн еўра фармацэўтычнаму холдынгу "Аптэка груп".

У банкаўскім сектары ЕБРР прадоўжыў супрацоўніцтва з ААТ "Белінвестбанк", прадаставіўшы яму крэдыт на 50 млн еўра. Пачата работа па крэдытаванні ў беларускіх рублях.

ЕБРР падтрымаў развіццё аднаўляльнай энергетыкі ў краіне, прафінансаваўшы будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю чатырох біягазавых ЦЭЦ у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця запусціў план дзеянняў "Зялёны горад" для Мінска, які дапаможа вызначыць мерапрыемствы і напрамкі інвестыцый для вырашэння прыярытэтных экалагічных праблем.

Урад і ЕБРР падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні адносна перадпрыватызацыйнага садзейнічання для ААТ "Крыніца" ў 2018-2020 гадах.

ЕБРР - шматбаковы банк, які садзейнічае развіццю прыватнага сектара і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў 38 эканоміках на трох кантынентах. Акцыянерамі банка з'яўляюцца 67 краін, а таксама ЕС і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. У цэлым з пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвесціраваў больш за 2,4 млрд еўра ў 115 праектаў у розных галінах эканомікі краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі