Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 лютага 2021, 18:28

Беларусь у 2021 годзе цалкам завершыць мадэрнізацыю двух сваіх НПЗ - Лукашэнка

11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2021 годзе Беларусь цалкам завершыць мадэрнізацыю двух сваіх НПЗ (Мазырскі НПЗ і "Нафтан"). Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Што датычыцца нафтаперапрацоўкі, у гэтым годзе мы цалкам завершым мадэрнізацыю двух нашых НПЗ", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Сучасныя тэхналогіі ўкараняюцца таксама ў касмічнай галіне, ваенна-прамысловым комплексе, біяхіміі, электратранспарце. Адкрыта вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Доля беларускіх лякарстваў складае на ўнутраным рынку больш за 50 працэнтаў, цяпер задача падысці да 70-75 працэнтаў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што і традыцыйныя галіны і вытворчасці ў Беларусі будуць захаваны. "Што нам дасталося ад Савецкага Саюза, мы нічога не закрылі. Нават стратныя прадпрыемствы мы спрабуем падтрымаць, таму што там людзі, якія ўмеюць рабіць добрую прадукцыю. Проста ўстарэла вытворчасць, трэба яе мадэрнізаваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтай пяцігодцы ўвагу ўдзеляць імпартазамяшчэнню. Плануецца асвоіць выпуск амаль 300 відаў імпартазамяшчальных тавараў, з іх не менш як 10 працэнтаў - абсалютна новыя для Беларусі. "Вось вам і навізна, і не трэба нічога ламаць і крышыць, трэба гэта развіваць. Таму што зламаць можна, пабудаваць можна, але грошай гэта шмат каштуе. І дзе мы возьмем іх? Таму давайце развіваць тое, што ў нас ёсць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама назваў "сур'ёзным рычагом для эканамічнай бяспекі" выкарыстанне мясцовай сыравіны (дрэва, лён, скура, торф). На новых папяровых, кардонных, пелетных, мэблевых заводах неабходна забяспечыць не менш як 25 працэнтаў прыросту ўсёй прамысловасці краіны за пяцігодку і штогадовы экспарт у памеры $4 млрд да 2025 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі