15 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь разглядае магчымасць закупкі і прапануе кааперацыю пры вытворчасці новага расійскага пасажырскага самалёта МС-21. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Іркуцкай вобласці Сяргеем Леўчанкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Флагман расійскага машынабудавання - Іркуцкі авіяцыйны завод - у 2019 годзе плануе пачаць вытворчасць МС-21. Мы вельмі ўважліва прыглядаемся да гэтага самалёта. Нашы авіятары прапанавалі закупляць такія самалёты", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў Беларусі глядзяць шырэй на патэнцыяльныя магчымасці супрацоўніцтва. Ён, у прыватнасці, прапанаваў магчымасць кааперацыі з адпаведнымі беларускімі прадпрыемствамі і авіярамонтным заводам, новыя вытворчыя магутнасці якога размясціліся паблізу Нацыянальнага аэрапорта Мінск. "Хацелася б, каб мы, маючы вопыт абслугоўвання тэхнікі савецкага перыяду, маглі перапрафіляваць нашы прадпрыемствы і наш завод (авіярамонтны. - Заўвага БЕЛТА). Можам яго і пашыраць, калі будзе работа для гэтага калектыву. Але мы былі б вельмі зацікаўлены працаваць у кааперацыі з вашым прадпрыемствам", - заявіў беларускі лідар.
У час размовы з журналістамі пасля сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы Сяргей Леўчанка расказаў, што ўжо закладзены першы самалёт МС-21, які стане першым у серыйнай вытворчасці. "Аляксандр Рыгоравіч выказаў зацікаўленасць з пункту гледжання эксплуатацыі гэтых самалётаў і стварэння сэрвісу для самалётаў, якія маглі б абслугоўвацца ў Беларусі", - адзначыў ён.
Паводле інфармацыі ТАСС, МС-21 ("Магістральны самалёт XXI стагоддзя") - расійскі праект сям'і блізка- і сярэднемагістральных рэактыўных пасажырскіх вузкафюзеляжных самалётаў. З'яўляецца другім пасля Sukhoi Superjet 100 ("Сухі Суперджэт 100") маштабным расійскім праектам у галіне грамадзянскай авіяцыі, які быў створаны без савецкага задзелу. Распрацоўка лайнераў вядзецца ПАТ "Карпарацыя "Іркут" пры ўдзеле ААТ "Доследна-канструктарскае бюро імя А.С.Якаўлева" (уваходзяць у склад Аб'яднанай авіябудаўнічай карпарацыі). 28 мая 2017 года доследны МС-21-300 зрабіў першы палёт у Іркуцку. У адрозненне ад Sukhoi Superjet, разлічанага на нішу рэгіянальных самалётаў (далёкасць палёту - 3 тыс. км), МС-21 разлічаны на ажыццяўленне палётаў на адлегласці каля 6 тыс. км і ствараецца ў якасці замены лайнерам Ту-154 і Ту-204/214, а таксама самалётам вытворчасці Airbus А320 ("Эрбас А320"), Boeing 737 ("Боінг 737") і інш.-0-