ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 21 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 верасня 2021, 09:50

Беларусь плануе закупку расійскага ўзбраення больш як на $1 млрд

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

13 верасня, Баранавіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе закупку расійскага ўзбраення больш як на $1 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, наведваючы ў ходзе ваенных вучэнняў "Захад-2021" Абуз-Лясноўскі палігон пад Баранавічамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт расказаў, што на перагаворах у Крамлі пытанням абароны і бяспекі ўдзялілі шмат увагі. У тым ліку абмяркоўваліся перспектывы паставак комплексаў C-400.

"Два этапы гэтага пытання. Мы вядзём перагаворы і плануем пастаўкі С-400. Мы ўдзялілі пытанням абароны і бяспекі з Уладзімірам Пуціным вельмі шмат увагі. Наогул гэта пытанне было ўплецена ва ўсе пытанні. Напэўна, 3-3,5 гадзіны з 8 гадзін мы вялі дыялог менавіта аб абароне і бяспецы. Ён мне расказаў аб больш сучасных комплексах С-500, якія могуць працаваць па балістычных ракетах. Вельмі эфектыўны комплекс. У тым ліку я яму яшчэ раз нагадаў пра С-400, расказаў яму, дзе мы хочам паставіць гэтыя комплексы, - расказаў беларускі лідар. - Дзякуй богу, цяпер у нас поўнасцю комплексамі С-300 перакрыты перыметр на заходнім напрамку. Але, як вы ведаеце, у нас і паўднёвы напрамак дабавіўся. Мы з беларускімі генераламі і расіянамі абмяркоўвалі гэту тэму. Нас пачынаюць з поўдня падаграваць. А што яшчэ будзе... Мы павінны рыхтавацца - 1200 км граніца з Украінай. Таму нам давядзецца закрываць і гэты перыметр. І мы вялі якраз размову аб тым, што С-400 нам будзе дарэчы. І ён даў даручэнне міністру абароны, каб з нашымі прапрацавалі гэтыя пытанні для таго, каб можна было паставіць гэтыя комплексы нам".

У цэлым Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць расійскаму кіраўніцтву і ваенным, ВПК Расіі за тое, што яны ўзгаднілі пералік узбраення, якое да 2025 года будзе пастаўлена ў Беларусь.

"Гэта каля дзясятка самалётаў, частка нам паступіла ўжо, гэта некалькі дзясяткаў верталётаў, Тор-М2. Вялікія аб'ёмы. Сведчыць гэта аб тым, што і мы, і Расійская Федэрацыя вельмі сур'ёзна ўспрымаем гэты заходні напрамак, дзе мы знаходзімся непасрэдна ў сутыкненні з натаўскімі войскамі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Вы бачыце, як яны сябе паводзяць. Таму нельга расслабляцца, улічваючы вопыт 1941 года, калі мы ўсё ўціхамірвалі, усіх супакойвалі - не адказвайце на правакацыі і іншае, - а потым атрымалі аглушальны ўдар і практычна Беларусь страцілі за пару-тройку месяцаў. Гісторыя шмат чаму вучыць. Мы хочам быць загадзя гатовы, і сутнасць гэтага - сучасныя вучэнні. Мы не нацэльваем свае ракеты на сумежныя дзяржавы, нашы самалёты не вызначаюць цэлі для нанясення ўдару на іх тэрыторыі і іншае. Мы рыхтуемся абараняць сваю зямлю. Беларуска-расійскаму саюзу лішнія тэрыторыі не патрэбны. Дай бог нам справіцца са сваімі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамлялася БЕЛТА, аб планах правесці вялікую закупку ўзбраення і ваеннай тэхнікі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 верасня, адказваючы ў Бабруйску на пытанні журналістаў. "У бліжэйшы час (я падпісаў распараджэнне) з Расійскай Федэрацыі паставяць нам (не буду гаварыць, якія грошы і што) дзясяткі самалётаў, дзясяткі верталётаў, самага важнага ўзбраення ППА. Можа, нават С-400. Нам яны вельмі патрэбны, я ўжо аб гэтым гаварыў", - заявіў тады Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі