Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 красавіка 2020, 13:09

Беларусь не адмаўляецца ад дагавора аб Саюзнай дзяржаве, але настойвае на роўных умовах

2 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь не адмаўляецца ні ад аднаго пункта дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, але настойвае на роўных умовах. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў інтэрв'ю МТРК "Мір", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне, як ён бачыць развіццё Саюзнай дзяржавы з улікам усіх існуючых нюансаў, Аляксандр Лукашэнка пачаў з галоўнага: "У нас ёсць дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Ні ад аднаго пункта гэтага дагавора мы не адмаўляемся. Нават возьмем самы сур'ёзны, які сёння абмяркоўваецца. Дапусцім, адзіная валюта. Мы не супраць адзінай валюты, але толькі гэта павінна быць нейтральная валюта. Гэта не беларускі рубель, не расійскі".

"І нават я калісьці гаварыў: добра, не пытанне, які гэта будзе рубель. Пытанне ў тым, дзе будзе эмісійны цэнтр. І нават не дзе, а хто будзе кіраваць эмісійным цэнтрам. Гэта будзе на роўных або, паколькі Расія вялікая, яна будзе кіраваць сваім рублём, а мы свой ліквідуем і да іх далучымся? - растлумачыў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка. - Мы ўжо гэта праходзілі ў першыя гады пасля распаду Савецкага Саюза. Калі нас проста выкінулі з рублёвай зоны. І, у рэшце рэшт, мы засталіся з савецкімі рублямі, яны (Расія. - Заўвага БЕЛТА) увялі расійскі рубель, а мы потым малявалі "зайчыкі". Я не хачу гэта паўтараць. Гэта па-першае. А па-другое, дзе ж тут тады будзе наш суверэнітэт?"

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што беларускі бок ні ад чаго не адмаўляецца, і нагадаў, што дагавор прадугледжваў стварэнне роўных умоў для грамадзян, прадпрыемстваў і дзвюх дзяржаў у цэлым. "Калі Расія сёння, адмовіўшыся ад гэтых імперскіх замашак (мы - вялікія, а вы - малыя), гатова на гэта, давайце весці перагаворы, давайце будзем вызначацца", - сказаў беларускі лідар.

"Таму дагавор існуе. І мы ніколі ад яго не адмаўляліся. Мы гатовы ісці па гэтым дагаворы, але жалезабетонны прынцып - роўныя ўмовы для людзей, прадпрыемстваў, дзяржаў. Цяпер усё парушана, а каранавірус парушыў і апошняе, самае галоўнае, - роўныя ўмовы для людзей", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расіі трэба было хаця б параіцца, папярэдзіць беларускі бок аб закрыцці граніц. "Я разумею, калі б там узнікла нейкая жудасная сітуацыя і трэба было тэрмінова прыняць меры. Але логікі ж не было тады. У Беларусі сітуацыя была не горшая, чым у Расіі, - значна лепшая. Я настойваю, што і сёння не горшая. Па-другое, навошта адразаць ад гэтай Саюзнай дзяржавы тую асноўную частку, дзе няма праблем. І ў той жа час яны ўнутры краіны (а Расія велізарная) не падзялілі на часткі, каб перакрыць рух людзей і носьбітаў каранавіруса. Гэта звычайнае было галавацяпства. А як наконт формулы "сябар пазнаецца ў бядзе"? - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб роўных умовах для прадпрыемстваў, Прэзідэнт прывёў прыклад цэн на энерганосьбіты: "У Расіі да нядаўняга часу цана на прыродны газ была ў 2-3 разы ніжэйшая, чым у Беларусі. Па нафце тое ж самае. Скажыце, якія роўныя ўмовы?"

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў: кампаніі, падкантрольныя бізнесмену Міхаілу Гуцарыеву, у пачатку года адзіныя пастаўлялі расійскую нафту ў Беларусь, у той момант гаварылася аб тым, што Беларусь павінна сама дамаўляцца з кампаніямі-пастаўшчыкамі. "Адзін Гуцарыеў пастаўляў нам нафту. Што яны зрабілі цяпер, калі смажаны певень дзеўбануў: не, цяпер, мы (расійскі бок. - Заўвага БЕЛТА) будзем вызначаць, якія кампаніі вам (у Беларусь. - Заўвага БЕЛТА) будуць пастаўляць нафту, - расказаў Прэзідэнт. - Выбачайце, вы рыначнікі. Вы заўсёды нас падштурхоўвалі з імі (кампаніямі. - Заўвага БЕЛТА) дамаўляцца па-рыначнаму. Чаму вы павінны вызначаць? Мы грошы плацім - правядзём тэндар, конкурс: хто выйграе, той і будзе пастаўляць".

Ёсць у кіраўніка дзяржавы і прэтэнзіі ў частцы цэнаўтварэння на пастаўляемы расійскі прыродны газ. Гэту тэму беларускі лідар нядаўна абмяркоўваў і ў тэлефоннай размове з прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам. "$127 (за 1 тыс. куб.м) - яны (расійскі бок. - Заўвага БЕЛТА) нам падсунулі гэты дагавор (менш не можам) яшчэ ў канцы мінулага года. І плюс $20 мы ім плацім за "Белтрансгаз", які яны купілі ў нас. $147 - Украіне прадаюць недзе прыкладна па такой жа цане", - прывёў даныя кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў, што цяпер цэны на газ на сусветным рынку ўпалі разам з цэнамі на нафту: "Ужо ў Еўропе цаны няма такой. Ужо $80 у Германіі. Дык туды ж яшчэ пампаваць, а гэта галоўныя затраты. Гэта значыць, што для Беларусі фактычна цана атрымаецца з улікам лагістыкі амаль $40-45".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб праблемах з пастаўкамі на расійскі рынак беларускіх прадуктаў харчавання і аб абмежавальных квотах для беларускіх дальнабойшчыкаў.

"Калі мы не вырашым пытанні жыцця людзей і прадпрыемстваў, якія сёння на парадку дня, пра якую 31-ю карту мы можам весці размову, пра якую адзіную валюту і Падатковы кодэкс мы можам гаварыць? - падкрэсліў беларускі лідар. - У нас формула адна - нам трэба вырашыць пытанні жыцця сённяшняга. Што ж мы будзем арыентавацца на "космас", калі сёння фундаменту няма".

"Давайце вырашым гэтыя пытанні на пэўных прынцыпах, якія закладзены ў дагаворы. Мы не патрабуем нічога лішняга. І галоўны прынцып - раўнапраўе, роўныя ўмовы. І пытанняў не будзе, - заклікаў Аляксандр Лукашэнка. - Нам трэба вырашаць сённяшнія пытанні. Іх прыкладна з дзясятак, не больш".

Што датычыцца далейшай работы па рэалізацыі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт адзначыў, што дарожныя карты ўзгоднены па многіх напрамках. Пры гэтым пазіцыя беларускага боку ў тым, каб па тых ці іншых пытаннях бралася ўсё лепшае, што ёсць у Беларусі або Расіі ў частцы заканадаўства і рэгулявання, а не проста аўтаматычна прымалася расійская сістэма.

"Палітычныя пытанні, так званая 31-я карта (парламент, органы ўлады і іншае), мы разумеем, што сёння мы аб гэтым не дамовімся. І мы з Прэзідэнтам Пуціным дамовіліся, што наогул яе ўбок адкладваем і цяпер гэтыя пытанні не абмяркоўваем", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі